Бібліятэчная прастора: пакуль жыве, красуе мова…

Грамадства

Беларусам могуць многія пазайздросціць: у спадчыну нам засталася самая мілагучная, жывая, пявучая мова. І яна сапраўды заслугоўвае таго, каб яе шанавалі, любілі, ёю ганарыліся і на ёй гаварылі.

Knigi

Менавіта такой думкай было прасякнута мерапрыемства, што прайшло на мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. На ўрок беларусазнаўства “Ад нараджэння Хрыстова жыве наша мова”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, прыйшлі вучні Брагінскай сярэдняй школы. У кожнага была цудоўная магчымасць не толькі далучыцца да роднага слова, але і пранікнуцца пачуццём нацыянальнай годнасці, прыналежнасці да сваёй Бацькаўшчыны, якая дала свету Ф. Скарыну, Е. Полацкую і многіх іншых вялікіх дзеячаў.

Праз суквецце вершаваных радкоў, песенных твораў, цікавых гістарычных звестак дырэктар і метадыст РЦБС Галіна Карпенка і Валянціна Цітуліна, бібліятэкары Аліна Ефіменка і Максім Ласіца пастараліся данесці да падрастаючага пакалення самае галоўнае: без любові да мовы немагчыма поўнае разуменне Радзімы. Яна аснова душы, люстэрка культуры любога народа. Таму і гучала, як заклік: “Не адварочвайся, а прымі… Яна паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Калі наша мова і культура знікнуць, дык хто мы такія будзем?..”

З часткай айчынных выданняў, якія займаюць пачэснае месца на паліцах бібліятэкі, вучняў пазнаёміла кніжная выстава “У спадчыну – добрае, роднае слова”. Але на гэтым мерапрыемствы ў гонар нашага духоўнага набытку не закончыліся. Яшчэ большую значнасць і змястоўнасць святу надала акцыя “Чытаем і гаворым па-беларуску”, якая прайшла ў мінулую суботу ва ўсіх бібліятэках Брагіншчыны: чытачам прапаноўвалі ўзяць у рукі любімыя творы айчынных аўтараў. Няхай доўжыцца сяброўства з беларускай кнігай!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *