Вызначаць пераможцаў у галіне сельскай гаспадаркі будуць па-новаму

Сельское хозяйство

selskoe_hozyaystvo

У Беларусі зменены падыходы да вызначэння пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №69 ад 3 лютага 2015 года.

Згодна з прынятай пастановай, пераможцамі могуць быць прызнаны адна вобласць, адзін раён кожнай вобласці і тры сельскагаспадарчыя арганізацыі ад кожнай вобласці, адзначылі ў Мінсельгасхарчы.

З улікам спецыялізацыі арганізацый і ў мэтах забеспячэння супастаўнасці ўмоў вядзення гаспадарчай дзейнасці, сярод сельгасарганізацый спаборніцтвы вырашана праводзіць у трох намінацыях:

  • “Сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць прамысловую перапрацоўку сельгаспрадукцыі”;
  • “Сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія маюць птушкафабрыку, і (або) комплекс па адкормліванні буйной рагатай жывёлы, і (або) комплекс па адкормліванні свіней, што не ажыццяўляюць прамысловую перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі”;
  • “Іншыя сельскагаспадарчыя арганізацыі”.

Прынята рашэнне не дапускаць да спаборніцтва арганізацыі, якія атрымалі па выніках работы за год страту ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг і чыстую страту па канчатковым фінансавым выніку, а таксама арганізацыі, якія маюць на працягу года пратэрмінаваную запазычанасць па выплаце заработнай платы на 1-е чысло месяца, што ідзе за справаздачным, якія дапусцілі няшчасныя выпадкі на вытворчасці, што прывяло да смерці работнікаў па віне наймальніка і маюць плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў меншую за 700 га.

Асноўнымі паказчыкамі, пакладзенымі ў аснову ацэнкі, з’яўляюцца:

  • прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у разліку на адзін бала-гектар сельскагаспадарчых зямель сельскагаспадарчага прызначэння;
  • рэнтабельнасць продажаў;
  • выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у разліку на аднаго сярэдняспісачнага работніка;
  • суадносіны тэмпу росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка і тэмпу росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў;
  • рост (зніжэнне) пратэрмінаваных фінансавых абавязацельстваў.

Персанальную адказнасць за дакладнасць прадастаўляемых даных будуць несці кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый.

Пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці будуць прызнавацца вобласць, раён і сельгасарганізацыі, якія атрымалі па выніках справаздачнага года найбольшы сумарны паказчык рэйтынгу.

Яны будуць узнагароджвацца дыпломамі і грашовымі прэміямі. Іх памеры ўстанаўліваюцца наступным чынам: на ўзроўні вобласці 2 280 базавых велічынь (базавая велічыня цяпер складае Br180 тыс.), на ўзроўні раёна – 1 290 базавых велічынь, на ўзроўні сельскагаспадарчай арганізацыі – 835 базавых велічынь.

БелТА



Пакінуць адказ