Юбілейны медаль да Дня Перамогі ў нашым раёне атрымаюць 87 чалавек

Грамадства

Medal-2

Сёлета мы будзем адзначаць 70 год з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.  Да 9 мая яшчэ далёка, але, улічваючы важнасць падзеі, мерапрыемствы, прымеркаваныя да яе, ужо пачаліся.

Многія зараз скардзяцца на цяжкасці, нават не ўсведамляючы, што давялося перажыць людзям у Вялікую Айчынную. Адзін з іх – Якаў Арцёмавіч Гацко, да якога ў мінулы аўторак з прыемнай місіяй – уручыць медаль да 70-годдзя Вялікай Перамогі – завіталі ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў, раённы ваенны камісар Сяргей Акулаў, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яд-нання ветэранаў Любоў Дзяркач, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец і інш.

Medal-4Medal-5

Пажылому чалавеку – 104 гады. Ён прызнаецца, што многае, у тым ліку і падзеі 70-гадовай даўніны, сцерліся з памяці. Пра тую пару нешта расказаць можа толькі ваенны білет, які Якаў Арцёмавіч, дарэчы, заўсёды носіць пры сабе. Згодна з запісам у дакуменце, на вайну ён пайшоў у ліпені 1941 года, але праз некалькі месяцаў, у кастрычніку, трапіў у фашысцкі палон, адкуль змог уцячы. Да сваіх салдат не дабраўся, таму жыў на акупіраванай тэрыторыі, пакуль у канцы лістапада 1943-га не быў вывезены ў Германію.

У якім канцлагеры знаходзіўся, наш доўгажыхар таксама ўжо не памятае, хаця сёння гэта не так і важна. Вядома, што ўсе нацысцкія вязні прайшлі праз страшныя выпрабаванні: цяжкую працу, пабоі, голад. Якаву Арцёмавічу, які прабыў за калючым дротам два гады, пашанцавала. Ён змог не толькі выйсці з палону смерці, але і, вярнуўшыся да мірнага жыцця, пражыць яго дастойна.

Medal-3

Біяграфіі такіх людзей – сапраўдныя ўрокі мужнасці для маладога пакалення. Таму на сустрэчу з вязнем былі запрошаны ўдзельнікі валанцёрскага руху “Добрае сэрца” ГА “БРСМ”. Дарэчы, гімназісты плануюць узяць над пажылым чалавекам шэфства.

Medal-1

Ды і дзяржава не пакідае Якава Арцёмавіча без увагі. Напрыклад, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач паклапацілася аб тым, каб яму прывезлі дровы. А ў Брагінскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паабяцалі дапамагчы з рамонтам печы.

Юбілейным медалём будуць узнагароджаны ўсе ўдзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў і інш. У нашым раёне яго плануецца ўручыць 87 чалавекам, 44 з якіх ужо атрымалі гэтую ўзнагароду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *