ААТ «Брагінскі»: стаўка – на камбінаваныя агрэгаты

Сельское хозяйство

Пачынаць сяўбу ранніх яравых у сакавіку для хлебаробаў нашага раёна – не ў навіну. Так было летась, пазалетась, так будзе, відаць, і ў наступным годзе, паколькі клімат мяняецца, а патрабаванні да арганізацыі гэтай адказнай кампаніі застаюцца тыя ж: правесці ў сціслыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні.

Сяргей Чыкін
Сяргей Чыкін

Дарэчы, вяскоўцам аб гэтым нагадваць не патрэбна, свае задачы яны ведаюць, у чым мы пераканаліся яшчэ раз, пабываўшы ў ААТ “Брагінскі”. Механізатары адкрытага акцыянернага таварыства выязджаюць у поле ў 7 гадзін і працуюць увесь светлавы дзень. З поўнай аддачай, перавыконваючы норму.

Ugly-2

Мікалай Дзялец
Мікалай Дзялец
Аляксандр Заранік
Аляксандр Заранік

Раннія яравыя зерневыя і зернебабовыя сеюць Аляксандр Заранік і Сяргей Чыкін, насенне ім падвозяць Мікалай Дзялец і Мікалай Пінчук. Прыемна сустракацца з вядомымі ў раёне хлебаробамі, бо гэта не толькі прафесіяналы высокага класа, але і шчырыя людзі. Аляксандр Віктаравіч, напрыклад, працуе ў гаспадарцы два дзесяцігоддзі, сеялку выводзіць у поле кожны год. У счэпе з камбінаваным агрэгатам, які за адзін праход выконвае некалькі аперацый, загортвае ў глебу зерневыя на плошчы 35-40 гектараў (дзённая норма – 20 га). Такой жа выпрацоўкі дабіваецца і Сяргей Чыкін на нямецкай тэхніцы. Шыроказахопны агрэгат, які купляўся разам з трактарам вядомай фірмы, адначасова выраўноўвае глебу, культывіруе яе, прыкатвае, зноў культывіруе (калі быць паслядоўным), як сказаў Сяргей Аляксандравіч, “перабівае” каткамі, высявае і засыпае зерне. Мінімум тэхнікі і максімум зробленага. Пра выхадныя давядзецца на пэўны час забыць, хаця Сяргей Чыкін і ў водпуску не быў тры гады.

Гэтым двум механізатарам давядзецца пасеяць яравыя зерневыя і зернебабовыя на плошчы 787 гектараў, як і прадугледжана. У тым, што справяцца, сумненняў няма. Галоўны аграном ААТ “Брагінскі” Юрый Ясінскі сказаў нам, што да 5 красавіка паспеюць яшчэ пасеяць, акрамя ўсяго, 100 гектараў сумесяў аднагадовых – аўса з пялюшкай, а ўсяго ім будзе адведзена 200 га.

На сераду, 25 сакавіка, у ААТ “Брагінскі” было занята аўсом 75 гектараў (элітнае насенне гэтай культуры закупілі ў спецыялізаваных гаспадарках вобласці), а таксама 175 – ячменем. Крыўдна за працаўнікоў вёскі, што ім давялося перасяваць азімы рапс. Я ўзгадваю, як летась у гэты ж час мы разам са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ехалі па палях “Брагінскага” і любаваліся пасевамі гэтай каштоўнай алейнай культуры, якая пасля зімоўкі была ў добрым стане. Сёлета, на жаль, так не атрымалася. Такія выпрабаванні хлебаробы пераносяць цярпліва, сеюць яравыя з упэўненасцю, што яны апраўдаюць надзеі на высокі ўраджай.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *