Больш насычаным стане жыццё жыхароў раёна

Грамадства

Klub-1

У Сяльцы адбылося афіцыйнае адкрыццё сямейных клубаў “Наш хутарок”, “Мара” і “Матулін ручнік”. Іх стварэнне ў Брагінскім раёне стала магчыма дзякуючы ініцыятыве ГА “Беларускі зялёны крыж” і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Сама ідэя клубаў заснавана на згуртаванні сям’і, накіравана на ўзнаўленне духоўных сувязяў паміж пакаленнямі, арганізацыі вольнага часу дзяцей і бацькоў. Менавіта гэтаму моманту надаюць асаблівую ўвагу не толькі арганізатары новага руху на Брагіншчыне, але і прадстаўнікі мясцовай улады. А яшчэ сямейны клуб – гэта абавязкова жывыя адносіны, абмеркаванне набалелых тэм і пошук вырашэння назапашаных праблем. Тут кожны зможа знайсці для сябе нешта новае і каштоўнае, тое, што не вымяраецца матэрыяльна. Аб гэтым гаварылі падчас прывітальнага слова Ганна Бабрынёва, якая зараз узначальвае раённае аддзяленне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Самбук, каардынатар праграм ГА “Беларускі зялёны крыж” Наталля Святкіна і каардынатар грамадскага аб’яднання па Брагінскім раёне Жанна Чубса.

Klub-4

Сяброўская атмасфера, якая суправаджалася прыемнымі музычнымі кампазіцыямі, адразу настроіла ўсіх на пазітыў. Канцэрт падрыхтавалі ўдзельнікі сямейнага клуба “Матулін ручнік”, кіраўніком якога з’яўляецца Любоў Дубатдзел. Дарэчы, яго дзейнасць накіравана на адраджэнне і захаванне беларускіх народных традыцый. Сюды могуць далучацца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, сваімі вытокамі. Прыемным падарункам для жыхароў Сяльца сталі выступленні Вячаслава Гаршкова, Вікторыі Кацубы, Віталія Клімовіча, Юліі Гапоненкі, Анжэлы Бондар, Алены і Мікалая Кушніроў, вакальнай групы “Бліскавіца”.

Klub-3Klub-2

Святлана Сніцарэнка, якая ўзначальвае сямейны клуб “Мара”, і Наталля Савянок (“Наш хутарок”) запрасілі прысутных пачаставацца блінамі – якраз ішоў масленічны тыдзень. Дарэчы, гэта не адзіная страва, якую ўдзельнікі клубаў вынеслі на суд гасцей свята. У зале разгарнулася сапраўдная выстава разнастайных кулінарных шэдэўраў з мясных і малочных прадуктаў, саленняў, мёду і інш. Акрамя гэтага, тут можна было пазнаёміцца з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Смачныя бліны, задушэўныя песні, цудоўныя ўзаемаадносіны і шмат карыснай інфармацыі зрабілі сустрэчу цёплай і запамінальнай. Застаецца толькі пажадаць вяскоўцам, каб дзякуючы сямейным клубам жыццё на сяле з кожным годам станавілася яшчэ больш насычаным і разнастайным.

Klub-5Klub-6

Дарэчы, афіцыйна адкрыўся яшчэ адзін сямейны клуб, які створаны на базе Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй. Яго назва – “Натхненне”. Сюды запрашаюцца ўсе, каго прыцягваюць такія віды мастацтва, як жывапіс, фатаграфія ці беларускі лялечны тэатр. Кіраўніком клуба з’яўляецца Надзея Мялешка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *