Гаспадаркі раёна пачалі пасяўную

Сельское хозяйство

Дзелавы і разам з тым спакойны, хаця і вельмі напружаны рытм жыцця ў веснавы час для працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінка” стаў звыклым, лічы, нормай.

Трактар у счэпцы з сеялкай за рулём якога – Руслан Нікалаеў, плаўна рухаецца па раллі, пакідаючы за сабой акуратную палоску засеянай аўсом зямлі. Тут жа, на полі, аграном Павел Раманюк і намеснік старшыні гаспадаркі Уладзімір Рэбка. Кожны разумее: ад таго, наколькі якасна працуюць аграрыі зараз, у многім залежыць будучы ўраджай.

Руслан Нікалаеў
Руслан Нікалаеў

– Неабходна дасканала вытрымаць усе тэхналогіі, – дзеліцца Уладзімір Міхайлавіч. – Кожнае поле мае сваю характарыстыку. Таму трэба ўважліва выбіраць месца, дзе ўжо самы час сеяць, а дзе яшчэ варта пачакаць.

У апошнія гады вызначылася тэндэнцыя распачынаць вясновыя палявыя работы вельмі рана: зямля пасля зімы хутка губляе вільготнасць, якая так неабходна для паспяховага росту культур. Аграрыі імкнуцца не спазніцца з сяўбой і выкарыстоўваюць кожную спрыяльную хвіліну, каб вывесці тэхніку ў поле.

– Мы распачалі пасяўную кампанію 10 сакавіка, – адзначае галоўны аграном. Як бачыце, на гэтым полі задзейнічаны пяць трактароў. Авёс – самая ранняя культура. І гэта толькі пачатак. У планах – заняць 267 гектараў аўсом, 210 – ячменем, 99 – віка-аўсянай сумессю.

Сур’ёзны падыход тут да кукурузы. Плануецца пасеяць яе 470 гектараў на зерне (150 з якіх – на насенне) і 700 – на зялёную масу. Традыцыйна ўжо займаюцца ў “Брагінцы” і гароднінай. У гэтым годзе на 30 гектарах размесціцца цыбуля, 65 пойдзе пад бульбу.

Для Руслана Нікалаева гэта пасяўная не першая, адчувае механізатар сябе ўпэўнена. Сціплы і нешматслоўны, ён зазначыў адно: “Толькі б надвор’е не падвяло”.

Posevnaya-1

У сераду да механізатараў завіталі работнікі культуры, каб павіншаваць са святам першай баразны. Час такі, што надоўга адрываць вяскоўцаў ад справы нельга. Прагучалі віншаванні, песні, адбыліся “засеўкі”. І зноў над полем – роўны гул трактарных рухавікоў. Хай зямля аддзячыць важкім коласам шчырых і працавітых! У добры час, хлебаробы!

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *