Лепшага вучня 2015 года выбралі ў Брагіне

Грамадства

Uchenik-1

Раённы конкурс “Вучань-лідар 2015 года” прайшоў на мінулым тыдні ў Брагінскай СШ. Яго арганізатарам стаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Прэтэндэнты на ганаровае званне павінны былі не толькі паказаць выдатныя веды, але і зарэкамендаваць сябе як актывісты, творцы, аратары, прадэманстраваць уменне адказаць на любое пытанне. Пазмагацца за гучны тытул выпаў гонар 10 вучням, якія да гэтага сталі пераможцамі ў сваіх навучальных установах.

Першы этап конкурсу – самапрэзентацыя “Давайце пазнаёмімся”, падчас якой кожны канкурсант прадстаўляў аргументаваныя довады, чаму менавіта ён дастойны стаць пераможцам. Юнакі і дзяўчаты пералічвалі свае дасягненні, расказвалі аб захапленнях. Гэта намінацыя паказала, наколькі таленавітыя і цікавыя ўсе ўдзельнікі конкурсу. І ужо з яе стала відаць, што вылучыць найлепшага будзе вельмі цяжка.

Uchenik-2Uchenik-3

 

Праверыць эрудыцыю дапамагла віктарына, па ўмовах якой прэтэндэнты на званне вучня года адказвалі на пытанні з самых розных абласцей ведаў. Невыпадкова была абрана і тэма Вялікай Айчыннай вайны – сёлета мы адзначым 70-годдзе Перамогі.

Падчас дэбатаў канкурсантам патрэбна было прадэманстраваць аратарскія здольнасці. Кожны спрабаваў данесці да апанента свой пункт гледжання наконт сацыяльных сетак, электронных кніг, камп’ютарных гульняў, адзінай школьнай формы і інш. Удзельнікі славеснага спаборніцтва прыемна ўразілі журы, упэўнена разважаючы на гэтыя тэмы.

Uchenik-5Uchenik-4

У якасці дамашняга задання вучні падрыхтавалі творчыя праекты “Мая школа – маімі вачамі”. Яны паднялі актуальныя для сваіх устаноў пытанні і паспрабавалі прапанаваць шляхі іх вырашэння, крыху памарылі аб будучыні. Дарэчы, па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандра Калясана, сярод прадстаўленых праектаў ёсць ажыццявімая.

Аляксандр Іванавіч адзначыў цудоўнае выступленне вучняў і выдатную работу настаўнікаў, якія дапамагалі рыхтавацца дзецям да конкурсу. Пераможцай стала гімназістка Мілана Козел, другое месца заняла Анастасія Раманенка з Камарынскай СШ, трэцяе – Уладзіслаў Маручок з Малажынскай. Акрамя гэтага, былі названы лешыя па намінацыях. Падарункі для лідараў падрыхтавала старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Яшчанка.

Конкурс паказаў, што ў нашым раёне ёсць таленавітая, актыўная моладзь – адукаваная, творчая, добрая. І хочацца, каб кожны год гэтыя якасці ў сабе юнакі і дзяўчаты толькі памнажалі.

Uchenik-6Uchenik-7



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *