Ніна Козел: усе праблемы адступаюць, калі побач – каханне

Грамадства

8 marta-1

Дабротны дом, што размясціўся па вуліцы Зялёнай у Рыжкаве, кідаецца ў вочы адразу. У першую чаргу – сваёй вясёленькай, ярка размаляванай агароджай. Ідэя і казачныя сюжэты належаць унучцы гаспадароў, цяперашняй студэнтцы медуніверсітэта – Крысціне, якая і дала волю фантазіі. Удала дапаўняе яе пазітыўныя малюнкі экзатычны “экспанат”: пальма з пластыкавых бутэлек – справа рук сына Сяргея. Тут жа, каля двара, красуецца пара створаных са звычайных шын беласнежных лебедзяў. Як сімвал вечнага кахання і вернасці.

8 marta-28 marta-8

З надыходам цяпла ўсё гэтае суквецце творчасці яшчэ аздабляецца пышнай зелянінай і стракатымі кветкамі, якія так любіць 64-гадовая гаспадыня. Дадаюцца клопаты, звязаныя з апрацоўкай зямлі. Сувязі з ёю вяскоўцы не губляюць, нават калі ўжо не тыя, што ў маладосці, сілы і здароўе. Так прызвычаіліся. Інакш не могуць. Гаспадарку, праўда, як прызнаецца Ніна Мікалаеўна, трымаюць ужо значна меншую. Толькі карова, свінні ды куры. У свой час жывёлы і птушкі на падворку Козелаў было куды больш. Яно і зразумела: у сям’і падрастала пяцёра дзяцей. А працы тут не цураліся ніколі.

Сёння жанчына са шчымлівым пачуццём успамінае, як на гэтай зямлі, у Рыжкаве, прайшло і яе маленства, маладыя гады. Тут пакахала, выйшла замуж. Узаемнае пачуцце, якое ўспыхнула паміж Нінай і Міхаілам яшчэ са школы, сагравае дагэтуль: у згодзе пражылі ўжо сорак сем гадоў. Як і ў кожнай сям’і, сустракаліся радасці і поспехі, праблемы і перажыванні, але заўсёды былі разам, падтрымліваючы адзін аднаго. Нездарма пра свайго мужа жанчына гаворыць з асаблівай цеплынёй. Для яе гэты чалавек стаў надзейнай апорай на ўсё жыццё. У любой справе можна разлічваць на яго дапамогу і разуменне. І майстар на ўсе рукі, выдатны гаспадар.

8 marta-48 marta-3

Разам выхавалі сумленных, працалюбівых дзяцей: трох дачок і двух сыноў, якія ўжо раз’ехаліся па розных куточках Беларусі, ды пра родны дом не забываюць – наведваюцца да бацькоў, як толькі выпадае час, цікавяцца іх справамі, дапамагаюць. Ганарова і хвалююча для Ніны Мікалаеўны было ў свой час атрымаць “Медаль мацярынства”. А зараз яшчэ радуюць пятнаццаць унукаў і праўнук.

Каб паставіць дзяцей на ногі, працаваць даводзілася шмат: і дома, і ў калгасе. Сорак гадоў жанчына аддала рабоце на ферме. Здавалася б, неймаверна складана і цяжка фізічна. Але ўсе праблемы, на думку Ніны Мікалаеўны, адступаюць, калі побач – каханне, давер, падтрымка, надзейнае мужчынскае плячо. Для жанчыны ўсё гэта ў спалучэнні з мацярынствам, дабрабытам дзяцей і ёсць галоўныя складальнікі шчасця.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *