У асобе Ксеніі Міхайлаўны людзі бачаць надзейнага дарадчыка і памочніка

Грамадства

8 marta-10

Як гэта, быць жанчынай-кіраўніком? У канцы сямідзясятых яна, выпускніца Брагінскай школы, нават не магла ўявіць, што некалі менавіта ёй давядзецца ўзначаліць сельскі Савет, і такая адказная работа навучыць не адступаць перад цяжкасцямі, сэрцам разумець тых, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы, а шырокае кола спраў, важных і неадкладных, прымусіць не лічыцца з вольным часам. Лёс распарадзіўся па-свойму: кіруючую пасаду Ксенія Раманюк займае ўжо дваццаць гадоў.

Пасля заканчэння ў 1978 годзе Гомельскага кааператыўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча дзяўчына прыехала працаваць у родны пасёлак. У гандлёвай сістэме праявіла сябе спачатку ў якасці прадаўца, потым – загадчыцы магазіна. А калі выйшла замуж, пастаянным месцам жыхарства стала вёска Сялец. Тут у сямейнай пары з’явілася на свет двое сыноў. Бацькоўская радасць, гонар і надзея…

У пачатку васьмідзясятых маладая жанчына ўжо працуе сакратаром у калгасе імя Тэльмана. А праз некаторы час заняць такую ж пасаду, толькі ў мясцовым сельсавеце, прапануе яго старшыня Іван Краўчанка. Кіраўнік, у якога сапраўды можна было шмат чаму павучыцца, чалавек слова і справы, патрабавальны да сябе і іншых, з бездакорнай рэпутацыяй, таму і работа на чале з ім спорылася, прыдавала ўпэўненасці ў сваіх сілах. Ды і сам Іван Максімавіч, відаць, адчуваў: ёсць каму даверыць свой пост, калі пойдзе на заслужаны адпачынак. У асобе Ксеніі Міхайлаўны людзі ўжо бачылі надзейнага дарадчыка і памочніка ў вырашэнні іх праблем, чалавека, неабыякавага да лёсу вялікіх і маленькіх вёсачак, зацікаўленага ў дабрабыце сельскіх жыхароў. Таму і сумненняў у выбары не ўзнікла – менавіта гэтая жанчына ў 1995 годзе ўзначаліла Малейкаўскі Савет. На той момант, дарэчы, самы шматлікі пасля Брагінскага і Камарынскага.

Пачынаць, безумоўна, было няпроста. Калі клопаты сакратара зводзіліся ў асноўным да папяровай паўсядзённасці, то тут на першы план выходзіла работа з людзьмі. Жывая і дзейсная, празмерна адказная. У такой справе вельмі важна было наладзіць дыялог з мясцовым насельніцтвам, аб’яднаць вакол сябе самых ініцыятыўных, энергічных, ідэйных, згуртаваць каманду аднадумцаў, якая б дапамагала ў вырашэнні хвалюючых пытанняў. Добра, што на пачатковым этапе адчувалася падтрымка ўмодронага жыццёвым вопытам Івана Максімавіча – падказваў, раіў, накіроўваў.

Ды і зараз пры сустрэчы ніколі не ўпускае моманту, каб не пацікавіцца справамі, не ўнікнуць у сутнасць існуючых праблем. А кола пытанняў, з якімі даводзіцца сутыкацца старшыні, вельмі шырокае: патрэбна клапаціцца пра чысціню і парадак на сельскіх вуліцах, змагацца з сацыяльным злом, прыходзіць на дапамогу адзінокім і састарэлым, весці растлумачальную работу… І ў кожнай сітуацыі – знаходзіць агульную мову з людзьмі. Дзе – паўшчуваць, накіраваць на правільную дарогу, а дзе і падбадзёрыць, супакоіць, дапамагчы справіцца са сваёй раздражнёнасцю, крыўдаю ці злосцю. У прававой асвеце грамадзян сваю ролю іграе адукацыя юрыста, якую жанчына-кіраўнік атрымала завочна.

На сёння поле дзейнасці Ксеніі Міхайлаўны – дзесяць населеных пунктаў, у якіх налічваецца каля 1300 чалавек. “Колькасць жыхароў на тэрыторыі Савета за гады майго старшынства зменшылася амаль удвая. Насельніцтва ў вёсках старэе, свой уплыў аказала і чарнобыльская навала. Таму найбольш вострае і балючае пытанне зараз – вызваленне зямель ад пустуючых, непрыдатных да жылля дамоў. Хочацца, каб паўсюдна назіраўся парадак”, – зазначае кіраўнік.

Менавіта з прыходам вясны, часам абнаўлення ў прыродзе ўзмацняецца жаданне нешта перайначыць, змяніць да лепшага і ў сваім жыцці, прывесці ў належны стан пасля зімы падворкі, вуліцы, зямельныя ўчасткі.

Прастор для працы, асабліва ў вяскоўцаў, пашыраецца. Так і ў старшыні. Ужо зараз Ксенія Міхайлаўна абдумвае, як будуць выглядаць тыя ці іншыя тэрыторыі, кветнікі, заклапочана, дзе найперш патрэбна навесці чысціню, арганізаваць суботнікі. Вясна натхняе на новыя ідэі, дружную працу. І, вядома ж, прыносіць з сабою самае светлае, добрае і радаснае свята, з набліжэннем якога кожнай жанчыне хочацца яшчэ больш адчуваць сваю запатрабаванасць. Як маці, жонцы, працаўніцы, гаспадыні… І Ксенію Міхайлаўну шчыра радуе ўжо тое, што побач ёсць павага людзей, дабрабыт і спакой – у сям’і. А калі дома адчуваецца падтрымка, узаемаразуменне, то і на работу ідзеш з пазітывам, добрым настроем, упэўненасцю, што ўсё атрымаецца.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *