ААТ “Камарынскі”: прадаваць удвая больш

Сельское хозяйство

Пасля таго як сельгаспрадпрыемствы сталі адкрытымі акцыянернымі таварыствамі, змяніўся парадак правядзення сходаў. Цяпер ужо тон у рабоце задае назіральны савет. У ААТ “Камарынскі” яго ўзначальвае Валянцін Бандарэнка, галоўны заатэхнік. Ён і запрасіў да трыбуны дырэктара Рыгору Анапрэенку для справаздачы аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства за 2014 год, асноўных накірунках на 2015.

122

Слухаць Рыгора Мікалаевіча заўсёды цікава, бо ён апелюе да канкрэтных фактаў і прыкладаў з жыцця калектыву. Часам трапныя жарт і параўнанне дзейнічаюць на падначаленых лепш чым нудныя прамовы і маюць большы выхаваўчы эфект чым меры матэрыяльнага пакарання. Відаць, гэта правільна, таму што фінансавых паказчыкаў называецца ў дакладзе шмат, яны параўноўваюцца з мінулагоднімі, і каб лепш данесці ўсе гэтыя лічбы да свядомасці людзей, патрэбны такі прыём. Здаровы смех у зале – гэта добра.

Трэба адзначыць, што ААТ “Камарынскі” Рыгор Анапрэенка ўзначальвае 20 гадоў. За гэты час тут сфарміравалася каманда аднадумцаў, што дазваляе гаспадарцы пры яе працягласці на вялікія адлегласці і нізкай бальнасці зямель дабівацца (на ўзроўні раённых) нядрэнных паказчыкаў. Узяць хаця б такі з іх, як рост валавой прадукцыі. Ён забяспечаны на 12,3%. У агульных аб’ёмах вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ўдзельная вага “Камарынскага” – 15,6%.

У яго высокі паказчык выхаду кармавых адзінак з кожнага бала-гектара. Сельгаспрадпрыемства павялічыла валавую вытворчасць малака і прадуктыўнасць дойнага статка. Дарэчы, найбольш малака ад каровы надаілі менавіта камарынцы – па 4688 літраў (+72 літры да 2013-га года і 892 – да сярэднераённага паказчыка). Прычым накіроўвалі яго на перапрацоўку базіснай тлустасцю. Яны маюць найлепшы паказчык па выручцы ад рэалізаванага малака ў разліку на малочную карову – 17,2 млн рублёў. Таварнасць складае 86,4%. Толькі гэтае акцыянернае таварыства забяспечыла рост продажу мяса на 13 тон і рэалізавала 542 тоны, што складае 30,6% ад агульнай колькасці па раёне.

У грашовым вылічэнні выручка ў ААТ “Камарынскі” павялічылася на 7,5 млрд рублёў. Яно і ААТ “Імя Жукава” выканалі заданне па інвестыцыях у асноўны капітал.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства назваў сумы сярэднемесячнай заработнай платы асобна па кожнай катэгорыі занятых на вытворчасці. У найбольш выгадным становішчы – механізатары і вадзіцелі, у якіх заробкі выйшэйшыя, чым у жывёлаводаў. Рыгор Мікалаевіч падкрэсліў, што з 2009 года ўсе намаганні кіраўніцтва і калектыву накіраваны на павелічэнне вытворчасці малака. Дасягненні ёсць, але ж эканамічная сітуацыя патрабуе, каб малака прадавалі ўдвая больш, чым зараз. Асноўнае прызначэнне вытворчасці – атрыманне як мага большага прыбытку. Жыць неабходна па сродках, траціць тое, што зарабілі. Гэтага прынцыпу Рыгор Анапрэенка прытрымліваецца ўсе гады свайго кіраўніцтва. Не дзіўна, што ААТ “Камарынскі” мае найменшую суму крэдыторскай запазычанасці як у цэлым па прадпрыемстве, так і ў разліку на кожнага працаўніка.

123

У яго дакладзе былі агучаны дзве красамоўныя лічбы: на гаруча-змазачныя матэрыялы за год зрасходавана 5,7 млрд рублёў. Столькі, колькі выручылі ад продажу малака. Асаблівасць гэтай гаспадаркі – у яе працягласці на многія кіламетры пасля далучэння саўгаса “Краснае” і яго зямель. Не першы год дырэктар выказвае меркаванне, што вынікі раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых павінны падводзіцца з улікам не перавезеных тон, а тона-кіламетраў. За адзін рулон сена або саломы заработная плата налічваецца ў іх чатыры разы. Калі браць пад увагу нарыхтоўку і транспарціроўку на аддаленыя фермы.

Непакояць кіраўніка прадпрыемства страты ад невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы. Для “Камарынскага”, як падкрэсліў Рыгор Мікалаевіч, гэта – біч. Недапрацоўвае ветэрынарная служба, часам складваецца ўражанне, што ў яе рабоце няма сістэмнасці. Значныя сумы зрасходаваны на мінеральныя ўгнаенні і сродкі аховы раслін, яны нават не акупаюцца. Прычына – парушэнне тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, нежаданне ўкараняць новыя сарты і культуры.

Дырэктар расказаў, якія задачы стаяць перад адкрытым акцыянерным таварыствам на бягучы год, колькі малака, мяса і зерня неабходна атрымаць, каб выканаць прагнозныя паказчыкі, якія аб’екты дабудаваць і рэканструяваць.

Справаздачу таксама трымала галоўны бухгалтар прадпрыемства Вольга Протчанка. Пасля выступлення Валянціна Бандарэнкі прысутныя выбралі членаў назіральнага савета і рэвізійнай камісіі. Была ўнесена прапанова ўключыць у калектыўны дагавор новы пункт: кожнаму, хто ідзе ў водпуск, выплачаць суму аклада.

Па традыцыі членам таварыства, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, уручылі падарункі. Грашовымі прэміямі і падарункамі былі таксама адзначаны пераможцы спаборніцтва.

124

Перад працаўнікамі сельгаспрадпрыемства выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан, які прыехаў у гаспадарку з ганаровай місіяй: уручыць падарунак (тэлевізар) дырэктару ААТ “Камарынскі” Рыгору Анапрэенку.

У рабоце сходу прынялі ўдзел прадстаўнік дзяржавы ў ААТ “Камарынскі” Пётр Пінчук і старшыня Камарынскага сельскага Савета Віктар Свіслоўскі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *