Яны адвялі ад Айчыны бяду

Грамадства

У раёне працягваецца падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівая ўвага ў гэтыя дні – ветэранам, людзям, якія выстаялі, не скарыліся ворагу.

Былых калег, ветэранаў педагагічнай працы напя-рэдадні юбілейнай даты павіншавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Калясан і старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Яшчанка. Яны выказалі словы падзякі ветэранам за Перамогу, падоранае наступным пакаленням шчасце жыць пад мірным небам, выхоўваць дзяцей і з упэўненасцю глядзець у будучыню.

358-500

Фёдар Дмітрыевіч Быстрык з Рыжкава да снежня 1943 года выконваў даручэнні партызанскага атрада імя Суворава ў якасці сувязнога. Вельмі адказная справа для падлетка, які, нягледзячы на ўзрост, заўсёды праяўляў адвагу. На фронт трапіў у 44-м. Падчас жорскіх баёў каля Мазыра юнак атрымаў цяжкае раненне і быў накіраваны ў шпіталь.

Але на гэтым ваенны шлях Фёдара Дмітрыевіча не за-вяршыўся. У 1950-м ён зноў прызываецца ў армію і ідзе служыць у ваенна-марскі флот, якому аддае тры з паловай гады.

Пасля вяртання дамоў у Рыжкаў стаў працаваць загадчыкам мясцовага клуба. Таленавіты і творчы чалавек аб’яднаў вакол сябе такіх жа аднавяскоўцаў. Так, са спектаклем “Паўлінка”, які быў пастаўлены сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, яны не толькі пакарылі гледачоў вобласці, але і былі запрошаны ў сталіцу краіны. Дарэчы, сам Фёдар Дмітрыевіч выконваў у ім ролю Сцяпана Крывіцкага.

Праз некаторы час мужчына быў запрошаны ў школу, дзе больш чым 20 гадоў выкладаў дзецям працоўнае навучанне.

Трэба адзначыць, што былы франтавік з’яўляецца выдатным майстам баек. Гумарыстычныя творы ўласнага складання ён не раз дэкламаваў перад вялікай аўдыторыяй.

Фёдар Дмітрыевіч Быстрык і яго калега па зброі Аляксандр Якаўлевіч Грушэнка з’яўляюцца прыкладам мужнасці і патрыятызму для вучняў і педагогаў Мікуліцкай школы, якія штогод урачыста адзначаюць свята Перамогі і заўсёды сардэчна сустракаюць сваіх ветэранаў. У перадсвяточныя дні з віншаваннямі і падарункамі герояў вайны наведалі дырэктар школы Людміла Раманюк, старшыня прафкама Аксана Пеўнявец, а таксама пастар евангельскай царквы “Благодать” Юрый Куніцкі.

“Вельмі радасна, што побач з намі яшчэ жывуць тыя, хто, не шкадуючы сябе, крок за крокам, праз усе страты, праз боль і смутак набліжалі Перамогу, – адзначае Аксана Іванаўна. – Сёння мы выказваем ветэранам словы падзякі за тое, што на світанні мы чуем песні жаўрукоў, а не выбухі бомбаў, што радуемся цудоўным краявідам, што нашы вочы свецяцца шчасцем”.

359-500

Цяжкі франтавы шлях выпаў на долю і Мікалая Андрэевіча Петрусевіча з Камарына. Падчас вайны спачатку ў складзе 383-га запаснога стралковага палку, потым 8-й гвардзейскай арміі Беларускага фронту, будучы ветэран педагагічнай працы з баямі прайшоў ад Мінска да Берліна.

Пасляваеннае жыццё Мікалай Андрэевіч прысвяціў дзецям – 30 год работаў мастацкім кіраўніком Камарынскай школы, паралельна выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку.

Людзі, якія прайшлі праз страшныя гады вайны, выклікаюць толькі пачуццё павагі. З вялікім святам Перамогі мы віншуем усіх ветэранаў, выказваем ім самыя цёплыя словы падзякі за ўсё, што яны зрабілі для нашага пакалення. Мы заўсёды будзем памятаць і шанаваць іх подзвіг, калі ў далёкім сорак пятым годзе яны адвялі ад Айчыны бяду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *