Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

Грамадства

Evfrosiniya

Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ стагоддзі, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, выдатная асветніца, пра якую “Жыціе” кажа, што яна “небопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просветивши всю землю Полоцкую”, святая Еўфрасіння пакінула аб сабе вечную памяць у душы народа. Гісторыя захавала пра знакамітую палачанку не надта багатыя звесткі, але і яны дазваляюць убачыць агульнаеўрапейскую значнасць асобы гэтай жанчыны-падзвіжніцы.

Дзяўчынцы, што прыйшла на свет у сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі каля 1104 г., далі старажытнае імя Прадслава (магчымае значэнне – “папярэдняя, даўняя слава”, – на ўспамін былой велічы Полацка). Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда Усяслава, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, жыццяпісы святых. Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю такога жыццяпісу. Створыць яго ў канцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры “Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай” дойдзе да нас і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым аднагодкам. У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінула князеўскай дачцэ дванаццаць гадоў – трэба збірацца замуж. А слава аб прыгажосці і адукаванасці дзяўчыны разнеслася “па ўсіх гарадах”, і ў Полацк зачасцілі сваты. Вядома, бацькі намерыліся аддаць князёўну замуж за сына нейкага багатага валадара, але яна абрала іншы шлях. Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

Даведаўшыся пра ўчынак дачкі, князь Святаслаў-Георгій, як апавядае “Жыціе”, ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па Прадславе, як па нябожчыцы. Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты, але яна здолела пераканаць бацькоў у слушнасці свайго выбару, у тым, што яны мусяць не смуткаваць, а цешыцца: іх дачка аддала ўсю сябе Госпаду.
У Божай цвярдыні Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын свайго часу ў Еўропе.

Пражыўшы колькі гадоў у посце і малітвах у манастырскай слабодцы, Еўфрасіння вырашыла, што яна ўжо падрыхтавалася да самастойнага падзвіжніцтва. Князёўна-чарніца звярнулася да полацкага епіскапа Іллі з просьбаю пасяліцца ў Сафійскім саборы. А калі атрымала дазвол, памяняла сваё ранейшае жытло на келлю-галубніцу ў Сафіі і “нача книгы писати своими руками”.

Праца перапісчыка была настолькі фізічна нялёгкая, што ёю ў той час займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэчаскай і лацінскай моваў. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адчынены адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг – скрыпторыі. У створаных рупнасцю ігуменні Еўфрасінні школах юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне, па навуцы красамоўства – рыторыцы. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы і красамоўстве. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні мусілі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства. Школы Еўфрасінні Полацкай былі перадавымі для свайго часу і праграмамі навучання, і складам вучняў, значная частка якіх набірался з дзяцей простых гараджан.

З імем найпадобнейшай Еўфрасінні звязана і стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам славутага крыжа – шэдэўра ювелірнага мастацтва, старажытнага сімвала нашай духоўнасці і дзяржаўнасці. Шасціканцовая форма крыжа сімвалізавала створаны Богам за шэсць дзён свет. Крыж меў вышыню каля 52 сантыметраў, даўжыню верхняй папярэчкі – 14, ніжняй – 21, таўшчыню – 2, 5. Зверху і знізу дрэва пакрывалі 22 залатыя пласткі, аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і дваццаццю эмалевымі абразкамі з выявамі святых.

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю. У канцы красавіка 1167 года ігумення і яе спадарожнікі сястра Еўпраксія і брат Давыд прыйшлі да старажытных іерусалімскіх муроў. Там Еўфрасіння звярнулася да Госпада з малітваю, у якой прасіла, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне роду чалавечага.

У хуткім часе яна занядужала, а на дваццаць чацвёрты дзень хваробы аддала сваю душу Усявышняму.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Да паловы ХVІ ст. Полацак быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі, і паступова яна стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *