У Брагіне прайшоў III рэгіянальны фестываль творчасці “У коле сяброў”

Общество

Fest-1

Ён сабраў удзельнікаў з 15 раёнаў Гомельскай вобласці.

Усё адпавядала назве конкурсу “Ад прадзедаў спакон вякоў …”. І ўбранства сцэны, і прадуманы да драбніц сцэнарый, і асобы вядучых, прадстаўнікоў двух пакаленняў. Дарэчы, упрыгожваць сцэну самабытнымі ручнікамі дапамагалі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, таму кожная рэч была на сваім месцы і выконвала пэўную функцыю.

Мерапрыемства пачалося з аднайменнай песні з рэпертуару “Песняроў” у выкананні Ігара Сінілы. Яго змяніла метадыст Брагінскага РДК Любоў Дубатдзел, якая падкрэсліла, што мэта фестывалю – зберажэнне і перадача духоўнай нацыянальнай спадчыны маладому пакаленню. Любоў Аляксандраўна прадставіла членаў журы і расказала, што ў зале РДК, акрамя канкурсантаў, прысутнічаюць прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” і сябры з Італіі. Яны ахвотна супрацоўнічаюць з нашым раёнам. Вікторыя Кацуба выканала для іх песню на італьянскай мове, чым вельмі кранула гасцей.

Цёпла вітаў удзельнікаў III рэгіянальнага фестывалю, а гэта – людзі пенсійнага ўзросту – намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук. Ён падзякаваў ім за вернасць народным традыцыям, беражлівыя адносіны да сваёй культуры, роднай мовы.

У цудоўнае падарожжа па родным краі запрасілі ўсіх вядучыя – дзяўчына (Анжэла Бондар) і хлопчык (Мікалай Чубса). Для прадстаўнікоў 15 раёнаў Гомельшчыны спадчына, славутае мінулае – гэта любоў да малой радзімы, удзячнасць землякам, родным і блізкім, продкам, якія наказвалі свой край любіць і гэтым скарбам даражыць.

Fest-2Fest-3Fest-4

“У нас усім вядома, каб у пашане быць, трэба працу і спадчыну бацькоў любіць. А брагінчане ўстаюць, калі яшчэ пеўні не пяюць. А песні пяюць, як спаць кладуцца і ўстаюць”, – гаворыць вядучая і чуе ў адказ ад юнага беларуса: “А бабуля мне не так даўно расказвала, што на зялёныя святкі такія цудоўныя песні спявалі! Давай паслухаем”. Яны запрашаюць на сцэну творчы калектыў нашых землякоў, якія выканалі абрад “Брагінскі куст на любы густ”.

Свята найвышэйшага росквіту прыроды, калі навокал усё прыгожа зелянее, у народзе называюць Тройцай. Сапраўдным гімнам матухне-прыродзе стала прадстаўленне ўдзельнікаў фестывалю з Акцябрскага раёна. Рэчычане паказалі, як перад Тройцай дзяўчаты ішлі ў лес, плялі вянкі, вадзілі карагоды і спявалі.

Творчы калектыў з Нараўлянскага раёна змог перадаць фальклорнае багацце вясельнага абраду, асабліва “Завіванне нявесты”. Своеасаблівай сім-фоніяй прыгатавання караваю на вяселле стала выступленне калінкавічан, а мазыране гэты каравай падзялілі паміж гасцямі.

Перад Купаллем на Петрыкаўшчыне дзяўчаты і жанчыны ішлі збіраць васількі, шукалі багатку, папарць-кветку і пры гэтым спявалі. З песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, запрашалі на свята. А яшчэ кідалі вянкі на дахі нежанатых хлопцаў і незамужніх дзяўчат. Традыцыі гэтыя захаваліся да нашага часу.

За кветкамі і купальскімі вянкамі гледачы і члены журы накіраваліся разам з творчым калектывам з Жыткавіч.
“Юр’я, ідзі ў поле, абдымі зямлю, выпусці расу”, – спяваюць у Лельчыцах. На суд журы творчы калектыў вынес абрад “Юр’я на двары, кароўку ў поле гані”.

З далёкіх часоў прыйшло да нас слова “жыта”, сімвал дастатку. Што хлеб – усяму галава, ведаюць і малыя, і старыя. На дажынках у Ельскім раёне льецца песня і музыка грае. У гэтым прысутныя пераканаліся самі.

Fest-5Fest-6Fest-7Fest-8Fest-9Fest-10

На апошняе праваслаўнае свята года – Міхайлу – у Буда-Кашалёве кросны не ткуць, сякерай не рубяць, нажом не рэжуць. Як там праводзяць гэты дзень, прысутныя даведаліся з выступлення самадзейных артыстаў.

Святкаванню Каляд прысвяцілі конкурсныя праграмы прадстаўнікі Хойнік, Лоева, Кармы, Гомельскага раёна, а вакальная жаночая група з Гомеля праспявала шэраг абрадавых песень.

Кароткі расказ вядучых пра той ці іншы абрад у форме дыялогу папярэднічаў выступленню кожнага калектыву, што дазваляла зразумець народныя традыцыі, іх сутнасць і глыбей пранікнуць у гісторыю стварэння.

Фестываль закончыўся на лірічнай і кранаючай ноце. Пад гукі “Малітвы” Уладзіміра Мулявіна ў выкананні Аляксандра Чубсы дзяўчаты ў белых сукенках спусціліся ў залу са сцэны з папяровымі ангеламі і ўручылі іх кожнаму з прысутных.

Пасля доўгага абмеркавання першае месца было прысуджана творчаму калектыву тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з Лельчыц, другое – з Калінкавіч, трэцяе дасталася канкурсантам з Хойнік. Прыз глядацкіх сімпатый заваявалі мазыране.

Fest-12Fest-11Fest-13

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Кулабухава і дырэктар Брагінскага ТЦСАН Сяргей Пархамец ад душы падзякавалі гасцям за ўдзел у творчым конкурсе, за майстэрства, свята, якое падаравалі і запрасілі прыязджаць на наступны год. Мерапрыемства закончылася, але раз’язджацца госці не хацелі, яшчэ доўга спявалі і танцавалі. На бадзёры лад іх настроілі перад гэтым нашы лепшыя спевакі і музыканты.

А ў арганізатараў фестывалю з’явілася новая ідэя: зрабіць Брагін культурным цэнтрам Палесся, правесці аналагічны конкурс у наступным годзе і запрасіць сюды захавальнікаў спадчыны з Расіі (Санкт-Пецярбурга, Краснаярска), Украіны, Італіі. “Ваш край і людзі – унікальныя, – сказала каардынатар праграм грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж Наталля Святкіна. – У вас такая багатая гісторыя, такая самабытная культура, што можна толькі пазайздросціць. Пра гэта неабходна расказваць іншым, праводзіць розныя мерапрыемствы, прыцягваць сюды гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Наша арганізацыя дапаможа, але ж неабходна, каб гэтай ідэяй прасякнуўся кожны, ад каго залежыць, быць міжнароднаму фестывалю ў Брагіне ці не”.

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ