ААТ “Камарынскі”: працуюць стабільна

Грамадства Сельское хозяйство

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Калі гаварыць пра асаблівасці гэтага прадпрыемства, то неабходна адзначыць вялікую працягласць яго тэрыторый і аддаленасць ад райцэнтра. Гаспадарчы цэнтр (Камарын) размешчаны ад Брагіна на адлегласці 50 км. У адкрытым акцыянерным таварыстве сем ферм, з іх тры – малочнатаварныя. На чатырох вырошчваюць мясную жывёлу. Два дзесяцігоддзі “Камарынскім” кіруе дырэктар Рыгор Анапрэенка, менавіта з яго асобай і звязваюць поспехі і дасягненні калектыву. За гэты час Рыгор Мікалаевіч згуртаваў вакол сябе здольных людзей, на пасадах галоўных спецыялістаў – прафесіяналы, якія неаднаразова прызнаваліся лепшымі сярод калег на раённым узроўні, адзначаліся па выніках работы і на абласным.

Тое, што “Камарынскі” працуе стабільна, пацвярджаюць лічбы. Менавіта тут – найвышэйшы надой малака ад каровы за пяць месяцаў (2329 кг пры сярэднераённым 1705 і сярэднеабласным 2013). У параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 368 кілаграмаў. Лідзіруюць камарынцы па гэтым паказчыку і за май. На працягу бягучага года забяспечвалі рост продажу малака ў разліку на карову, у апошнія дні ён складае плюс 2,9 кг.

Намеснік начальніка ўпраў-лення сельскай гаспадаркі і харчавання па эканоміцы Уладзімір Кавалёк звярнуў увагу на тое, што ААТ “Камарынскі” мае найвышэйшую выручку на карову за май-красавік – 8 млн (сярэднераённая – 5,3 млн). А гэта сведчыць і пра высокую прадуктыўнасць кароў, і пра якасныя паказчыкі малака, якое адпраўляецца на перапрацоўку.

Рэнтабельнасць ад рэалізацыі малака і буйной рагатай жывёлы склала 42%. Тэмп росту валавой прадукцыі з пачатку года – 108,2% (па раёне – няма і ста).

Пра вопытных механізатараў, жывёлаводаў, аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемства на старонках нашага выдання расказвалася нямала. Працаўнікі ААТ “Камарынскі” матэрыяльна зацікаўлены ў выніках сваёй дзейнасці і калектыву ў цэлым. Дырэкцыя цэніць кожнага, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай. І не важна, росціць ён хлеб, гадуе жывёлу ці робіць дакладныя разлікі, эканамічны аналіз. Асаблівая ўвага – маладым. У ліпені (калі больш дакладна – 27-га, у панядзелак) споўніцца роўна год, як тут працуе бухгалтарам выпускніца сель-гасакадэміі Вольга Протчанка, дарэчы, ураджэнка нашага раёна.

Няхай і надалей усё ладзіцца ў камарынцаў, якім наканавана жыць у гэтых прыгожых, маляўнічых мясцінах на беразе Дняпра, дзе прырода, людзі суіснуюць у гармоніі і злагадзе.

Ніна СІНІЛАВА

_____________

  • На 1 студзеня бягучага года ў гаспадарцы налічвалася 5854 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў – 1957 (дойных – 580). Шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў складае 66,5 галавы.

Частка зямель адкрытага акцыянернага таварыства “Камарынскі” прымыкае да Дняпра. Сельгаспрадпрыемства арганізавана ў 1967-м годзе, у 1976-м да яго далучылі калгас імя Кірава, а ў 2003-м яшчэ і падсобную гаспадарку “Сельгасхіміі” на базе вёскі Жары. У 2009-м на баланс перадалі нерэнтабельнае КСУП “Саўгас “Краснае”. Зараз на тэрыторыі гаспадаркі размешчана 12 вёсак.

  • Агульная зямельная плошча складае 19 492 гектары, у тым ліку сельгасугоддзяў – 8799 га, з іх ворыўныя землі займаюць 4372 гектары (49,7%), што сведчыць аб высокай ступені іх узаранасці. Сярэдні бал сельгасугоддзяў невысокі (18,9), ворыва – 19,1.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *