Камарын: гасцей сустракалі хлебам-соллю

Грамадства Спорт

Kamaryn-1

У суботу, 4 ліпеня, 630-годдзе з дня заснавання Камарына ўрачыста і ярка адзначылі жыхары і госці пасёлка над Дняпром.

Перад уваходам у парк, дзе разгарнулася асноўнае дзейства, на імправізаванай мытні дарагіх гасцей сустракалі хлебам-соллю, віталі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Камарынская весялуха”. Раздзяліць радасць свята з тымі, хто лічыць Камарын сваёй малой радзімай, прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан і яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк, старшыня Лельчыцкага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Камок.

Kamaryn-2Kamaryn-3

Урачысты вечар, прымеркаваны да юбілею пасёлка, пачаўся з харэаграфічнай замалёўкі “Мой родны кут”. Вядучыя Алеся Даўгулявец і Раман Цеслянок запрашаюць да мікрафона кіраўніка раёна. Ад усёй душы Аляксандр Васільевіч павіншаваў камарынцаў са святам і падкрэсліў, што сёння яны падводзяць вынікі сумеснай працы, якая стала працягам добрых і слаўных традыцый папярэдніх пакаленняў. Зараз Камарын – сучасны і гасцінны пасёлак, дзеля яго росквіту і дабрабыту людзі прыклалі нямала намаганняў. Менавіта адсюль пачалося вызваленне роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аляксандр Васільевіч павіншаваў прысутных і з Днём Незалежнасці, які адзначаўся напярэдадні.

Kamaryn-4

У біяграфіі гарпасёлка нямала знамянальных і важных падзей, шмат гора выпала на яго долю, яле ж ён з годнасцю пераадолеў выпрабаванне агнём і мячом, узнавіўся і працягвае рух наперад. Старшыня райвыканкама пажадаў, каб кожны жыхар падзяліўся з ім цяплом свайго сэрца, аддаў часцінку душы. Няхай Камарын заўсёды застаецца маладым і квітнеючым.

Пісьмы з падзякай і падарункі ад Брагінскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую і добрасумленную працу, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Камарына і ў сувязі з 630-годдзем Аляксандр Кохан уручыў Мікалаю Мазалаву, Пятру Жораву, Надзеі Гарбар, Анатолю Камку, Ніне Лявоненцы, Паўлу Злабенку, Аляксандру Петрусевічу, Міхаілу Леўчанку.

Падарунак ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў атрымаў старшыня Камарынскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Свіслоўскі.

Kamaryn-5Kamaryn-6

Віншаванні жыхары прымалі таксама і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кавалька, які ўручыў пісьмы з падзякай і падарункі тым, хто адпрацаваў на карысць малой радзімы не адно дзесяцігоддзе. У іх ліку – Разалія Серыкава, Вольга Петруненка, Ігар Глушчанок, Ганна Моніт, Ліна Пятніцкая, Алена Момат, Васіль Маручок і Валерый Квятны.

Дзень нараджэння пасёлка, як і дзіцяці, новай сям’і – значная падзея ў чалавечым жыцці. У юбілейным 2015-м сярэбранае вяселле адзначаюць Уладзімір і Ірына Зыкавы. Падарунак ім уручыў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук. І не толькі ім, але і бацькам маленькай Бажэны, якой якраз 4 ліпеня споўніўся год, шматдзетнай сям’і Максіменкаў.

Kamaryn-7Kamaryn-8

“Гісторыю Камарына нельга аддзяліць ад гісторыі Беларусі”, – сказаў у прывітальным слове старшыня Лельчыцкага райвыканкама Міхаіл Камок, які прыехаў на свята з падарункам. Аляксандр Васільевіч падзякаваў калегу за цёплае віншаванне і ўручыў яму прыгожы сувенір.

А затым пачалася культурная праграма. Сваім майстэрствам камарынцаў і гасцей парадаваў народны калектыў з Лельчыц “Лагода”, удзельнікі мастацкай самадзейнасці з Уборак Лоеўскага раёна, вядомыя і папулярныя ў нашым раёне “Галасы дубровы”, “Камарынская весялуха”, салісты Артур Джулакян, Раман Цеслянок, Вячаслаў Гаршкоў. Канцэрт плаўна перайшоў у тэатралізаванае прадстаўленне “Купальскія агні” з карагодамі, пошукам папараці-кветкі.

Kamaryn-9Kamaryn-10Kamaryn-11

Здаецца, лепшага месца для правядзення такіх мерапрыемстваў не знайсці. Зручна было сачыць за тым, што адбываецца на сцэне, і слухаць плёскат Дняпра, глядзець, як імкліва бягуць яго хвалі. Лавы для сядзення ўстанавілі на беразе ракі. Крыху воддаль ад асноўнай пляцоўкі – столікі, за якімі можна было не толькі адпачыць, але і адведаць розных прысмакаў. Раённае спажывецкае таварыства разгарнула некалькі гандлёвых палатак, каля якіх увесь час выстрайваліся чэргі. Свае тавары прапанавалі індывідуальныя прадпрымальнікі.

Kamaryn-14Kamaryn-15Kamaryn-17Kamaryn-18Kamaryn-20Kamaryn-21

А ўжо юным грамадзянам тут быў проста рай. Столькі забаў падрыхтавалі для іх дарослыя, столькі цацак прывезлі, што маленькая краіна дзяцінства стала казачным царствам. Для хлопчыкаў і дзяўчынак была арганізавана спартландыя (гэтыя і іншыя мерапрыемствы прайшлі па ініцыятыве і пры падтрымцы ДЮСШ Брагінскага раёна).

Kamaryn-19Kamaryn-23Kamaryn-24

Карэнныя жыхары радаваліся сустрэчы з сябрамі, роднымі і блізкімі, што спецыяльна прыехалі на свята гарапасёлка, спяшаліся абмяняцца навінамі. Спартсмены спаборнічалі ў сіле і спрыце пры перацягванні каната, падняцці гіры (у гэтым відзе спорту роўных не было Сяргею Літошанку з ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, які падняў гіру 100 разоў). Каманды валейбалістаў стараліся выйграць у сваіх сапернікаў. Перамаглі брагінчане.

Kamaryn-13Kamaryn-12Kamaryn-25Kamaryn-26Kamaryn-27Kamaryn-28Kamaryn-29Kamaryn-30Kamaryn-31

Свята гуло, спявала, весялілася, узнімала настрой і захапляла. Нос казытаў апетытны пах шашлыкоў і юшкі, якія рыхтавалі на сваіх падворках прадстаўнікі сельскіх Саветаў, ААТ “Брагінскі КБА”. Упрыгожылі імправізаваныя сядзібы яны з густам і фантазіяй. Людскі натоўп павялічваўся, бліжэй да 22 гадзін у парку – не размінуцца. Сама прырода зрабіла гэтую кароткую ліпенськую ноч казачна таямнічай і непаўторнай. Было цёпла і хораша, а святло купальскіх агнёў дапаўняў поўны месяц, які з’явіўся на небе.

Добразычлівыя усмешкі, поціскі рук, сяброўскія жарты… Свята запомніццам камарынцам і гасцям надоўга. Як добра, што жывём мы пад мірным небам, маем магчымасць спакойна працаваць і весяліцца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *