«Камарынская весялуха»: гучыць песня над Дняпром

Грамадства

Багаты беларускі край на народную песню, як і на людзей з залівістымі, звонкімі, гарманічнымі галасамі. Радуюць яны сваімі задушэўнымі спевамі ўсіх, хто цэніць духоўныя скарбы, шануе фальклор. Прыгожым дыяментам у вянку гэтай традыцыйнай творчасці ззяе калектыў “Камарынскай весялухі”.

Komarin-4

Ужо больш чым дзесяць гадоў мясцовыя артысты дораць і гараджанам, і вяскоўцам цёплыя сустрэчы з мастацтвам. Шырока і раздольна льюцца са сцэны то лірычныя, то жартоўныя, то іншыя песні, у кожнай з якіх – душа народа, яго патаемныя думкі і пачуцці, глыбокія перажыванні.

Бярэ, дарэчы, свой пачатак рака песеннай творчасці гэтага калектыву яшчэ з канца 90-х. Менавіта тады, па словах сённяшняга кіраўніка ансамбля Ніны Рассудоўскай, была створана вакальная група пры Камарынскім гарадскім доме культуры. Выканаўчы талент яе ўдзельніц – самых творчых, ініцыятыўных, духоўна багатых – удала спалучыўся з пачуццём любові да нацыянальнай культуры.

Сёння ж “Камарынскую весялуху” мясцовыя жыхары (і не толькі) добра ведаюць як народны ансамбль народнай песні. Ганаровае званне яна паспяхова абараніла ў 2002 годзе, яшчэ пры сваім першым кіраўніку Ліяне Кананок.

Ішоў час. Змяняўся састаў ансамбля, папаўняўся рэпертуар, але захоўвалася адно – шчырае жаданне несці ў свет мастацкі каларыт і яркія фарбы самабытнай творчасці. Таму і гучыць, не сціхае над Дняпром народная песня.

Двойчы пабывалі артысты са сваімі канцэртамі ў Германіі, неаднаразова прымалі ўдзел ва Усерасійскім фестывалі фальклору і рамёстваў “Русь песенная, Русь мастеровая”, што праходзіць на варонежскай зямлі. Ужо і не злічыць паездак, выкананых весень, сустрэч с прыхільнікамі народнага мастацтва ў роднай краіне. Як, дарэчы, і дыплопаў, грамат, падзяк за выканаўчае майстэрства.

Сёння ў складзе ансамбля – дзевяць чалавек. Пасля Ліяны Георгіеўны яго ўзначаліла Святлана Баланда, якая, дарэчы, зараз выхоўвае маленькую дачушку і пакуль уся – у мацярынскіх клопатах. Эстафета кіраўніцтва часова перайшла да Ніны Ульянаўны. Менавіта яна і Галіна Волік – найстарэйшыя спявачкі ў гэтым калектыве. Бадзёрыя і жыццярадасныя, разважлівыя і глыбокадумныя, не развітваюцца з творчай дзейнасць і ў свае за шэсцьдзесят. Песня суправаджае іх, як прызналіся, колькі памятаюць сябе.

Спяшаюцца таксама на рэпетыцыі, каб давесці выступленне да ўзорнага, Марыя Петрусевіч, Алена Гардзіенка, Антаніна Стоцкая, Валянціна Петрусевіч, Таццяна Лысенка… Нягледзячы на розны ўзрост і прафесійную занятасць, гаспадарчыя і сямейныя клопаты, знаходзяць час, каб данесці прыгажосць народнай песні ва ўсёй яе красе гледачам. Іх галасы безупынна гучыць на палях і фермах, вялікіх і малых сцэнах, льюцца чыстай крыніцай над роднымі прасторамі. І прыходзіць да людзей свята…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *