Крадзяжы гародніны: за шкоду ў 2-3 тысячы рублёў – штраф да 2 мільёнаў

Территория закона

Bulba

За 10 кілаграмаў бульбы жыхару Краснага давялося заплаціць 1,8 мільёна рублёў.

Чаму такі высокі кошт карняплодаў? Ды таму, што з чужога гароду.

Жаданне пачаставацца маладой бульбачкай вылілася мужчыну менавіта ў такі памер штрафу. Трэба адзначыць, што ў нашым раёне гэта не адзінкавы выпадак, калі аматары пажывіцца за чужы кошт заставаліся ў вялікім мінусе. Так, 1 мільён 800 тысяч рублёў заплаціў яшчэ адзін жыхар раёна за чатыры літры малака, якія ён спрабаваў вынесці з МТФ.

Па словах начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС Алены КАТЛАБАЙ, у летні час асабліва распаўсюджаны крадзяжы з агародаў. Прапажу некалькіх каліў бульбы ці галовак цыбулі хтосьці можа лічыць несур’ёзнай падставай для заявы ў міліцыю, але, згадзіцеся, чалавеку, які ўвесь свой вольны час працаваў у агародзе, цярпець нястачы ад усялякіх выпадковых дармаедаў проста крыўдна. Таму і звяртаюцца людзі, якія не гатовы развітацца са сваім няхай і невялікім ураджаем, у праваахоўныя органы. Прычым згодна з заканадаўствам усё роўна, колькі скрадзена гародніны. Як патлумачыла Алена Пятроўна, злодзей можа нанесці гаспадару шкоду і ў 2-3 тысячы рублёў, але сам факт замаху на чужую маёмасць цягне адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

Магчымы таксама адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Такі від пакарання часцей прысуджаюць асобам, якія нідзе не працуюць і не маюць сродкаў. Дарэчы, стан алкагольнага ап’янення правапарушальніка ў значнай ступені можа паўплываць на тое, каб памер штрафу павялічыўся, а пры паўторным затрыманні на працягу года – нават да 50 базавых велічынь.

Калі ж скрадзенае будзе ацэнена на суму больш чым дзве базавыя велічыні (360 тысяч рублёў), то гэта ўжо крымінальная справа. А тут пакаранне больш сур’ёзнае, магчыма нават пазбаўленне волі. Як і за злачынства, здзейсненае групай асоб, калі ў крадзяжы ўдзельнічалі двое ці болей чалавек.

Штогод часткі ўраджаю недалічваюцца і сельгаспрадпрыемствы. Жыхары раёна спрабуюць за кошт таварыстваў таксама зрабіць запасы сена і саломы. На жаль, у некаторых гэта атрымліваецца. І тут праваахоўнікі адзначаюць недахоп у рабоце вартавой службы прадпрыемстваў, супрацоўнікі якой не заўсёды адказна адносяцца да сваіх абавязкаў. Але ёсць і станоўчыя прыклады. Так, у ААТ “Малажынскі” вартавыя неаднаразова самі выяўлялі злодзеяў і здавалі іх у міліцыю.

У РАУС рэкамендуюць грамадзянам не паддавацца спакусе пажывіцца за кошт аднавяскоўцаў ці дзяржавы. Памятайце: скупы плаціць двойчы. А ўладальнікаў праваахоўнікі просяць падыходзіць да захавання сваёй маёмасці больш адказна.



Пакінуць адказ