Ветэран Вялікай Айчыннай вайны атрымаў падарункі ад Белаграпрамбанка

Грамадства

Veteran

Акцыю па падтрымцы ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ААТ “Белаграпрамбанк” правёў у рамках святкавання 70-годдзя Перамогі. Улічваючы маштабы мерапрыемства, не трэба здзіўляцца, што яна працягваецца і дагэтуль.

Сімвалічна, што Андрэю Пятровічу Мартыненку з Дубліна матэрыяльная дапамога была ўручана якраз напярэдадні яшчэ адной значнай для нашай краіны даты – Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З прыемнай місіяй да пажылога чалавека завіталі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук, начальнік РКЦ №36 у г.п. Брагіне філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Вольга Атрошчанка, старшыня Брагінскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач. І гаспадар дома быў не так рады кветкам і падарункам, як магчымасці пагутарыць з гасцямі, падзяліцца пачуццямі, перажываннямі.

Юнацтва Андрэя Пятровіча, як і большасці яго аднагодкаў, прыпала на Вялікую Айчынную вайну. Сувязіст-лінейшчык заўсёды быў на перадавой і мае не адну ўзнагароду. Сярод іх – ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Славы ІІІ ступені, два медалі “За баявыя заслугі” і інш. Ветэран не раз расказваў аб суровым франтавым жыцці, варожых атаках, подзвігах ваенных таварышаў. Ён быў сярод тых, хто прарываў “лінію Манергейма”, вызваляў Варшаву, фарсіраваў Одэр… А гэта значыць – набліжаў Дзень Перамогі.

Беларусь не бачыць жахаў вайны 70 гадоў. І за гэта мы абавязаны ў тым ліку і Андрэю Пятровічу Мартыненку, прадстаўніку гераічнага пакалення, жыццёвы шлях якога заўсёды будзе прыкладам мужнасці і патрыятызму. Дык давайце ж ганарыцца тым, што здабылі для нас папярэднікі, – мірам, свабодай, шчасцем, верай у краіну і любоўю да роднай зямлі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *