Гандаль: па школьныя тавары – ва ўнівермаг

Общество

Першага верасня не за гарамі, а значыць, у самым разгары час, калі бацькі азадачаны зборамі дзяцей да школы.

Schule_1

Аддаць перавагу рынку ці краме – асабістая справа кожнага. Мы ж накіраваліся ва ўнівермаг г.п. Брагіна, дзе не згубіцца ў свеце вучнёўскіх рэчаў, іх разнастайнасці і асаблівасцях, а зрабіць дастойны выбар, дапамагаюць вопытныя прадаўцы. Зрэшты, супрацоўнікі магазіна вырашылі па максімуме задаволіць попыт пакупнікоў і размясцілі на прылаўках усё, што можа спатрэбіцца вучням.

Самае неабходнае – форма. Для хлопчыкаў, як правіла, гэта пінжак, сарочка і штаны. Для дзяўчынак – спадніца, жакет, блузка, сарафан. Да гэтага давя-дзецца купіць туфлі, красоўкі, спартыўны касцюм… Падлічана, што базавы камплект у сярэднім абыдзецца ў 1 мільён 600-700 тысяч рублёў.

Вытворцы адзення і абутку, вядома, айчынныя, таму ў якасці сумнявацца не даводзіцца. Так, для хлопчыкаў касцюмы прапаноўваюць ААТ “Камінтэрн” (Гомель) па цане ад 648 тысяч рублёў і Жлобінская швейная фабрыка, сарочкі – ААТ “Надэкс” (Мазыр), Дзяржынская швейная фабрыка “Эліз” (каля 150 тысяч рублёў). Дзяўчынак жа апранаюць такія вядовыя прадпрыемствы, як ААТ “Купалінка” (Салігорск), “Світанак” (Жодзіна), “8 Марта” (Гомель), “Надзея” (Брэст).

Schule_2

Кошт спартыўнай формы ва ўнівермагу вагаецца ад 280 да 320 тысяч рублёў. Дыяпазон цэн на спартыўны абутак больш шырокі: ад 100 тысяч (Лідская фабрыка) да 570 тысяч (ААТ “Тален спорт).

Школьныя рукзакі. Тут бацькам звяртаць увагу патрэбна не толькі на прыгажосць тавара, але і на яго трываласць, надзейнасць. Лепш аддаць перавагу вырабам ААТ “Галантэя”, якія таксама ёсць ва ўнівермагу. Да партфеля неабходны цэлы арсенал “канцылярыі”, які абыдзецца прыкладна ў 550 тысяч рублёў.

Вядома, падлічыць да рубля суму перадшкольных пакупак не атрымаецца, бо нават пры дэталёвым вывучэнні рынку найбольш настойлівы пакупнік здолее знайсці тавары танней ці даражэй. Усё залежыць ад магчымасцяў бацькоў, для якіх падрыхтоўка да навучальнага года часам абарочваецца сур’ёзным выпрабаваннем сямейнага бюджэту. Прычым многія скардзяцца, што бывае цяжка знайсці ва ўнівермагу адначасова і практычнае, і прыгожае адзе-нне для дзяцей. Не прываблівае брагінчан у гэтай гандлёвай кропцы і вузкі асартымент, і высокія кошты. Але ж, дзе ажыццяўляць пакупкі – асабістая справа кожнага.

Каб неяк палегчыць працэс збораў да школы, райспажыўтаварыства прапаноўвае беспрацэнтны крэдыт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў з першапачатковым узносам 25%. Абавязковая ўмова – агульная сума пакупак павінна быць не менш за 1 мільён 500 тысяч рублёў. Дарэчы, такім крэдытам могуць скарыстацца ўсе жадаючыя.

Акрамя гэтага, ёсць зніжка для пайшчыкаў – 5%. Яна дзейнічае пры набыцці тавараў на суму ад 500 тысяч рублёў.

І яшчэ адна добрая навіна для бацькоў школьнікаў: на 29 жніўня ва ўнівермагу запланаваны дзень зніжак. Цана на ўсе пакупкі будзе зменшана на 15%. Падлічана, што з 1 мільёна 500 тысяч рублёў можна будзе сэканоміць 225 тысяч.



Пакінуць адказ