У ААТ «Малажынскі» віншавалі герояў жніва

Общество

Malozhin

Пра тое, з якім энтузіязмам працуюць на хлебным полі людзі, нам расказвалі спецыялісты гаспадарак. Наколькі  важныя ўвага і пашана  для кожнага ўдзельніка ўборачнай кампаніі, пераканаліся яшчэ раз у  ААТ “Малажынскі”.  Сюды нас запрасіў дырэктар Аляксандр Краўчанка.

Першых герояў жніва, як адзначыў Аляксандр Пятровіч, павіншавалі ў мінулую пятніцу. За два-тры дні, што прайшлі з таго ўрачыстага моманту,  колькасць тысячнікаў павялічылася. Кіраўнік прадпрыемства шчыра падзякаваў механізатарам і вадзіцелям за ўклад у агульны каравай, старанне, цярплівасць і настойлівасць. Некаторым да тысячнага рубяжа не хапала па некалькі тон, якія даліся цяжэй, чым намалочаныя і перавезеныя ў пачатку ўборачнай кампаніі. Жніво  блізіцца да завяршэння, таго размаху на хлебным полі ўжо няма.

Аляксандр Пятровіч нагадаў, што на чарзе – кукуруза, а потым і сяўба азімых пачнецца. Расслабляцца не даводзіцца, патрэбна настройваць сябе на плённую і не менш адказную работу.  Ён  уручыў двум экіпажам і вадзіцелям  лісты з падзякай, старшыня прафкама Паліна Пімінёнкава – падарункі – мікрахвалевыя печы і пыласосы. Засталося назваць прозвішчы тых, хто заслужыў такога гонару і шчырых слоў. Гэта старшы камбайнер Іван Харко і камбайнер Віктар Сапоненка, сямейны экіпаж (бацька і сын) Уладзімір і Валерый Харко, вадзіцелі Аляксандр Рудабелец, Віктар Уласенка. Удачы вам, паважаныя, моцнага здароўя, новых поспехаў і ўзнагарод!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий