День вёскі ў Бурках пачаўся з блаславення іерэя Ігара Кніжонка

Общество

burki19 жніўня. Праабражэнне Гасподне. Менавіта да гэтага дня прымеркавалі дзень вёскі ў Бурках. Пачаўся ён з блаславення іерэя Ігара Кніжонка, які адслужыў малебен, павіншаваў прысутных з вялікім двунадзесятым праваслаўным святам, пасвяціў садавіну, гародніну. Дапамагалі яму ўдзельнікі праваслаўнага хора з Мінска, якія выканалі для вяскоўцаў некалькі царкоўных мелодый.

Мерапрыемства адкрыла старшыня мясцовага сельскага Савета Надзея Каробкіна, якая выказала словы падзякі арганізатарам і спонсарам – грамадскаму аб’яднанню “Беларускі зялёны крыж” і яго прадстаўніку на Брагіншчыне, ініцыятару многіх цікавых праектаў Жанне Чубсе.
Першыя ўспаміны пра Буркі адносяцца да XIX – пачатку XX стагоддзя. Назва пайшла ад прозвішча Бурко. Гэта была вёска Рэчыцкага павета Брагінскай воласці. З 1926 па 1959 год – цэнтр сельскага Савета, на тэрыторыі якога паспяхова развіваўся калгас “Чырвоная ніва”. Буркі – радзіма Героя Сацыялістычнай Працы Тамары Шкурко, якая прайшла шлях ад звеннявой да кандыдата сельскагаспадарчых навук, узнагароджана ордэнам Леніна.
І хаця ў старэйшай жыхаркі вёскі Ганны Адамаўны Шкурко няма высокіх узнагарод, але ж і яна нямала зрабіла для ўмацавання эканомікі калгаса, жыла годна, сумленна. Ёй адрасавалі музычнае прывітанне, уручылі падарунак.
З асаблівай пашанай у нашым раёне адносяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Не забыліся пра іх і на свяце вёскі, уручылі падарункі, праспявалі ў іх гонар песні. Гэта мужныя абаронцы Айчыны Іван Ігнатавіч Шкурко, Ілья Дзмітрыевіч Шкурко, воіны-інтэрнацыяналісты Міхаіл Камок і Пётр Раманюк.

burki5
“Ніхто не клапоціцца пра зямлю так, як вы, – гаворыць вядучая Анжэла Бондар, звяртаючыся да прысутных. – Нялёгкая і ганаровая праца ў жывёлаводаў, даярак, цялятніц. Дзякуй вам за стараннасць, клопат, адданасць справе”. Старшыня прафкама ААТ “Імя Жукава” Галіна Прахарэнка ўручыла падарункі паляводу Уладзіміру Камку, механізатару Аляксандру Раманюку, аператару машыннага даення кароў Святлане Раманюк. Усе яны жывуць у Бурках.

Калі ў сям’і нараджаецца адно дзіця – гэта вялікая радасць, а калі больш, яна памнажаецца ў разы. У сям’і Алены Рыгораўны і Віталія Анатольевіча Лямешкаў – пяцёра дзяцей. А вось Анастасія Петрусенка стала маці нядаўна, дачушку Валерыю нарадзіла 23 чэрвеня бягучага года. Няхай усім шчасціць у жыцці. На ўспамін пра гэтыя прыемныя моманты сустрэчы – музычныя нумары і падарункі. Іх было ў той дзень шмат.
Адразу пацяплела на сэрцы, калі размова зайшла пра юбіляраў. Паўвека крочаць разам па жыцці Іван Паўлавіч і Марыя Рыгораўна Паўлючэнкі, Аркадзь Сямёнавіч і Фядосся Іосіфаўна Кулаі, Вольга Сцяпанаўна і Леанід Сяргеевіч Раманюкі. Як не раздзяліць з імі добры настрой, не падараваць добрую мелодыю і сувеніры!
Ва ўсе часы цаніліся такія якасці ў людзях, як дабрыня, прыстойнасць, спагад, кампетэнтнасць. Яны ў поўнай меры ўласцівы мастацкаму кіраўніку Буркоўскага цэнтра культуры і вольнага часу Пятру Савянку, загадчыцы ФАПа Ніне Цівуна.
У цэнтры ўвагі на свяце вёскі апынуліся першакласнікі: дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак з Буркоў, Кавалёў, Бакуноў – будучая змена. Для іх закупілі прыгожыя рукзакі, пісьмовыя прыналежнасці. Дарэчы, сродкі на ўсё гэта выдзеліла грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”, якая стаўку зрабіла на развіццё ў раёне сямейных клубаў. Адзін з іх – “Матулін ручнік” – узначальвае Любоў Дубатдзел. Яна прыклала нямала намаганняў, каб мерапрыемства атрымалася запамінальным і цікавым. Члены клуба: Маіна Сяргейчык, Наталля Нікіценка, Пётр Дзядкоў, Іван Корхаў, Ірына Гаршкова, Ала Злыдзенка, Анжэла Бондар, Юлія Гапоненка, Ігар Сініла парадавалі прысутных канцэртнымі нумарамі. Спявалі дуэтам і па адным, стваралі мілагучнае трыа Вікторыя Кацуба, Аляксандр Чубса, Вячаслаў Гаршкоў. Пачулі жыхары і абрадавыя песні ў выкананні дзіцячага фальклорнага калектыву “Калыханка” з Мінска.

burki 4

 

burki 3
Вяскоўцы даказалі, што яны – гасцінныя і шчодрыя гаспадары, на дабро ўмеюць адказаць дабром. Пра кулінарныя таленты Алены і Мікалая Кушнераў з Буркоў ведаюць і ў вобласці, дзе яны часта прадстаўляюць наш раён на розных конкурсах. Жыццё Алены Мікалаеўны і Мікалая Фёдаравіча стала больш насычаным пасля далучэння да праектнай дзейнасці. Парадавалі яны прысмакамі і на гэты раз.
Да слова, не толькі Кушнеры, але і мясцовыя майстрыхі Аляксандра Званок і Любоў Раманюк, мастак Ірына Ганчар (яна ж – дырэктар мясцовай установы культуры), прадэманстравалі свае работы, паказалі, на што здатныя.
Старшыня Буркоўскага сельскага Савета Надзея Каробкіна паклапацілася, каб мерапрыемства наведала як мага больш людзей, дапамагала ў арганізацыі свята. Увогуле, у яе ёсць шмат ідэй, як палепшыць жыццё ў вёсцы. Іх яна збіраецца ажыццявіць з дапамогай новых праектаў.
Як і ў Сяльцы, жыхароў Буркоўскага сельскага Савета віншавалі старшыня Брагінскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ганна Бабрынёва, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліна Пятніцкая і намеснік старшыні абласной пярвічнай грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” Жанна Чубса.

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ