Валанцёры атрада “Добрае сэрца” павіншавалі з Днём ведаў асаблівых дзяцей

Общество

Сёння яны разам з першым сакратаром РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Сяргеем Даўгуляўцам наведалі выхаванцаў Брагінскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

ZKROiR_1

Актывісты саюза моладзі прынеслі дзецям канцылярскія прыналежнасці, якія яны сабралі падчас акцыі “У школу – з “Добрым сэрцам”. Прыемна адзначыць, што на прызыў валанцёраў Алёны Пархоменкі, Крысціны Вароненкі, Валерыі Катлярчук і Крысціны Петруненкі адгукнуліся многія брагінчане і госці райцэнтра, таму скарбонка са школьнымі рэчамі атрымалася даволі аб’ёмнай.

ZKROiR_2

Як паведаміў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец, валанцёрскі атрад вырашыў узяць шэфства над маленькімі наведвальнікамі цэнтра яшчэ ў мінулым годзе, калі пачалася акцыя “Усе фарбы жыцця – для цябе”. Гэтую ўстанову наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якім, як і ўсім дзецям, а магчыма, і ў большай ступені, патрэбны цеплыня і клопат.

Вядома, усё гэта яны атрымліваюць у цэнтры. Выхаванцы адчуваюць сябе тут досыць камфортна, і персанал з чуласцю і клопатам ставіцца да кожнага з іх. Гэтых дзяцей часта называюць асаблівымі. І яны сапраўды асаблівыя, бо штодня знаходзяць у сабе сілы пераадольваць сваю хваробу, расці і развівацца.

Дзякуючы неабыякавым людзям падчас акцыі “Усе фарбы жыцця – для цябе” было сабрана 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Больш за палову (3 млн 600 тысяч) было накіравана на набыццё парт для спецыяльнага вучэбнага класа. А за астатнія сродкі зроблены бягучы рамонт у дашкольнай групе і санвузле ЦКРНіР, набыты дыван.
Супрацоўнікі цэнтра, выхаванцы і іх бацькі вельмі ўдзячныя ўсім, хто прыняў удзел у дабрачыннымі мерапрыемстве.

ZKROiR_3ZKROiR_4

“Прыемна, што ў нашым раёне ёсць людзі, здольныя ўспрымаць чужыя праблемы, як свае, – гаворыць дырэктар ЦКРНіР Іна Бандолік. – Мы выказваем ім падзяку за грашовую падтрымку, за іх добрыя сэрцы і неабыякавае стаўленне да дзяцей”.

Дарэчы, дабрачынная акцыя “Усе фарбы жыцця – для цябе” працягваецца. Арганізатары запрашаюць далучацца да яе брагінчан, якіх крануў лёс хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі ў развіцці, і хто жадае падарыць ім цеплыню свайго сэрца.



Пакінуць адказ