Апытанне: жыхары раёна задаволены работай міліцыі

Грамадства Территория закона

IMG_3936

9 і 10 верасня штабам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праводзілася ананімнае анкетаванне, падчас якога вывучалася грамадскае меркаванне аб рабоце Брагінскага РАУС. 

Аб яго выніках расказвае начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Валерый ЧЭКАН:

– Аналіз атрыманых даных паказаў, што ў большасці жыхары раёна задаволены ўзроўнем грамадскай бяспекі і работай праваахоўных арганаў па асноўных накірунках дзейнасці. Так, 83,3% апытанных адзначылі аператыўнасць рэагавання нарадаў міліцыі пры зваротах па тэлефоне на спецлінію 102. На пытанне “ці звярнуліся б вы ў міліцыю ў выпадку рэальнай пагрозы вашаму жыццю, здароўю, маёмасці?” станоўча адказалі 73,2% рэспандэнтаў.

Анкетаванне паказала, што жыхары раёна займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе з правапарушэннямі, прычым 63,1% апытаных гатовы асабіста аказаць дапамогу міліцыі ў гэтай справе. У рознай ступені давяраюць міліцыі 80,2% рэспандэнтаў, у тым ліку цалкам – 36,9%.

Па меркаванні насельніцтва супрацоўнікам РАУС пры рабоце з грамадзянамі характэрны ветлівасць і ўвага – 48,3%, прафесіяналізм – 40,1%.

Разам з тым жыхары раёна ўказваюць на недахопы ў рабоце раённага аддзела ўнутраных спраў. Кожны пяты апытаны звяртае ўвагу на неэфектыўную барацьбу з п’янствам і самагонаварэннем. 24,4% рэспандэнтаў адзначаюць, што ў грамадскіх месцах распіваюць спіртные напоі, 18,6% заяўляюць аб недастатковай прафілактыцы алкагалізму і прапагандзе здаровага ладу жыцця, 12,2% – аб невыяўненні нелегальных кропак рэалізацыі алкаголю, 10,5% не падабаецца, што аб’екты гандлю прадаюць спіртное ў вячэрні і начны час.

У ходзе маніторынгу ад жыхароў раёна паступілі і прапановы па паляпшэнні ўзроўню грамадскай бяспекі. Так, большасць апытаных просяць кантраляваць на вуліцах Камарына хуткасць руху транспартных сродкаў, а таксама прымаць меры адказнасці да пешаходаў і веласіпедыстаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху ў няцвярозым стане.

Жыхары Брагіна лічаць, што патрэбна больш пільна сачыць за правапарадкам у вячэрні і начны час каля бараў “Асалода” і “Забэль”, прыпыняць факты знаходжання на вуліцах непаўналетніх без прыгляду бацькоў пасля 23.00.

Дзякуем жыхарам раёна за актыўны ўдзел у апытанні. Абяцаем, што вашы прапановы і крытыка, якія паступілі ў адрас РАУС, не застануцца без увагі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *