Даяркі ў ААТ “Брагінка” — сапраўдныя гаспадыні фермы

Сельское хозяйство

На малочнатаварную ферму вёскі Новы Пуць мы прыехалі падчас абедзеннага даення, таму змаглі пагутарыць і з загадчыцай фермы Тамарай Дубінай, і з лепшым аператарам машыннага даення гэтага вытворчага падраздзялення Валянцінай Варапай.

Апошняя ўжо на пенсіі, але ж па-ранейшаму доіць кароў і пакідаць ферму не плануе. У кастрычніку споўнілася 18 гадоў, як яна працуе на гэтай ферме, прычым, па яе словах, даглядае адну і тую ж групу. Каровы, вядома, выбракоўваюцца, замест тых, што стаялі тут, у статак уводзяцца маладыя, прадуктыўныя, але ж адбываецца гэта паступова, і жанчына лічыць, што яе група як была, так і застаецца лепшай.

Braginka_3
Тамара Дубіна

На гэтай ферме нам сустрэліся даяркі, якіх, на жаль, зараз вельмі мала: працалюбівыя, сумленныя, адданыя справе. Сапраўдныя гаспадыні на калгаснай ферме шчыруюць як на ўласнай. А некалькі дзесяцігоддзяў таму іх у калгасах і саўгасах раёна была большасць. Нездарма пра той час спецыялісты і кіраўнікі сярэдняга звяна ўзгадваюць з непрыхаваным болем і шкадаваннем.

Валянціна Варапай
Валянціна Варапай

Валянціне Васільеўне дапамагае дачка, але ж асноўны клопат яна бярэ на сябе. Ведае нораў і характар сваіх рагуль, ёсць і любімая па мянушцы Вясна, якая нядаўна ацялілася і дае па 25 літраў малака. Гэтую групу Валянціна Васільеўна прыняла ад загадчыцы МТФ Тамары Дубіны. На ферме Тамара Іванаўна – з падлеткавага ўзросту, 14 гадоў даіла кароў, а потым завочна вучылася на заатэхніка і ўзначаліла вытворчае падраздзяленне. Зараз тут утрымліваецца 187 галоў буйной рагатай жывёлы, якіх абслугоўваюць тры даглядчыкі і чатыры даяркі, пятая – падменная. Раз у месяц праводзіцца кантрольнае даенне, каб вызначыць прадуктыўнасць кожнай каровы, і тых, што даюць мала малака, выбракаваць. Але, як прызналася Тамара Іванаўна, робіцца гэта рэдка. Яе кароткае “шкадуем здаваць на мясакамбінат” яшчэ раз пацвердзіла, што тут шчыруюць людзі, якія прыходзяць на працу не па прымусу, а таму што любяць тое, чым займаюцца, і ніколі не лічацца з асабістым часам, калі справы вытворчасці патрабуюць іх прысутнасці на ферме ў любы час сутак.

Сустрэцца з Тамарай Іванаўнай хацела даўно, тым больш што падстаў для гэтага дастаткова. Па-першае, яна ў свой час была адной з лепшых малаказдатчыц раёна (карову ўжо не трымае, баляць рукі), па-другое, вырасціла цудоўных сыноў, якія першымі ў раёне трапілі на рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі” як пераможцы спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў, па-трэцяе, калектыў фермы, які ўзначальвае, дабіваецца добрых вынікаў. У жыцці жанчына – прыветлівая, добразычлівая, з пачуццём гумару.

Адказнасць на загадчыцу фермы ўскладзена вялікая. Патрэбна клапаціцца аб вытворчасці малака, павышэнні надояў, быць выхавацелем, арганізатарам, а часам і работу даглядчыка самой выконваць. Спраўляецца і на лёс не скардзіцца. Пачуццё адказнасці – галоўнае для яе, яно і засланяе ўсе жыццёвыя непрыемнасці.

Моладзь

Сёлета ў “Брагінку” прыехалі тры маладыя спецыялісты. Марыя Шубянок вярнулася на малую радзіму пасля заканчэння Гомельскага аграрна-эканамічнага каледжа па размеркаванні. Працуе аператарам ЭВМ. Да работы прыступіла 30 чэрвеня.

Марыя Шубянок
Марыя Шубянок

Алена Сідарэнка – асемянатар, прафесійныя веды набывала ў Палескім аграрным каледжы. З жывёлагадоўляй звязана і праца Анастасіі Рак, ветэрынарнага фельчара. Родам Алена і Марыя са Шкуратоў, таму ў першыя працоўныя дні хаця і хваляваліся, але ж падтрымку родных адчувалі, што дапамагала лягчэй асвоіцца ў калектыве.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №353 “Аб некаторых мерах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі”, як і належыць маладым спецыялістам, да асноўнага заробку на працягу першых двух гадоў работы дзяўчатам даплачваюць дзве стаўкі першага разраду штомесячна. Атрымалі яны так званыя пад’ёмныя і кантрактныя. Марыя – 7 млн (яна заключыла кантракт на два гады), Алена і Анастасія – па 60 базавых велічынь, на сёння – па 10 млн 800 тысяч, паколькі ў іх кантракт – на тры гады.

Мы шмат гаворым аб замацаванні і прыцягненні моладзі ў раён, і я кожны раз узгадваю словы Мікалая Рубахі, які паспяхова кіраваў “Малажынскім”: “Кадры неабходна рыхтаваць свае”. Мудрасць яго слоў пацвярджае жыццё.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *