Дзеці — за чысты, дагледжаны пляж

Грамадства

0000000000000

Ідэя, з якой завіталі ў рэдакцыю раённай газеты Дар’я Гаўрыленка і Захар Пінжакоў разам са сваёй настаўніцай Ірынай Пятроўнай Раманюк, павінна зацікавіць усіх, хто ўмее цаніць хараство і шчодрасць прыроды, жадае бачыць свой край прыгожым і ўтульным для адпачынку, хоча быць клапатлівым гаспадаром сваёй зямлі.

Што прывяло да нас вучняў чацвёртага “В” класа Брагінскай сярэдняй школы? Шчыры і высакародны намер: яны вырашылі аб’яднаць намаганні дзяцей і дарослых у справе, накіраванай на добраўпарадкаванне мясцовай прыбярэжнай зоны.

– Усё пачалося з таго, што на сямейным савеце мы прыйшлі да агульнай згоды адзначыць мой чарговы дзень нараджэння на прыродзе – каля ракі Брагінкі, – расказала Даша. – Радасці маёй не было межаў: сябры, свежае паветра, сонца, вада… Свята якраз супала з першым днём канікул. Аднак нас усіх чакала расчараванне. Узбярэжжа аказалася непрыдатным для адпачынку: нядобраўпарадкаваны пляж, бытавое смецце пасля несумленных грамадзян, брудная вада. Давялося вярнуцца дамоў. Аднак усё лета нас не пакідала думка: як можна змяніць сітуацыю? Так з’явілася тэма нашай даследчай работы “Разам выратуем раку Брагінку”.

00000020000003

Вучні на чале са сваёй настаўніцай паставілі перад сабой мэту вызначыць ролю чалавека ў прадаўжэнні існавання гэтай блакітнай артэрыі. Яны выказваюць меркаванне, што калі не прыкласці намаганні для ачысткі ракі і не прывесці ў належны стан прыбярэжную зону, то адзіны водны аб’ект нашага пасёлка можа пераўтварыцца ў балота.

Каб вывучыць прычыны і паследкі забруджвання берагоў Брагінкі, дзеці разам з Ірынай Пятроўнай і бацькамі наведалі раённую бібліятэку, гістарычны музей. З літаратурных крыніц яны даведаліся, што раней рака была прытокам Прыпяці, а пасля пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Днепр, дзеліцца на тры самастойныя аб’екты: Брагінка Верхняя, Брагінка Ніжняя і Брагінка Сярэдняя. Апошняя і працякае па нашым раёне.

На сёння рака, як высветлілі чацвёртакласнікі, падвяргаецца дэградацыі: скарачаецца даўжыня вадацёкаў, пагаршаецца якасць вады, назіраецца яе заглейванне… На беразе нярэдка можна бачыць кучы смецця. “Толькі усе разам мы можам вырашыць даную праблему”, – лічаць дзеці. І менавіта з дапамогай газеты яны маюць намер прыцягнуць да карыснай справы ўсіх неабыякавых, добрасумленных, патрыятычна настроеных землякоў: ад прадстаўнікоў мясцовай улады да самых юных жыхароў пасёлка.

Магчыма, знойдуцца зацікаўленыя асобы, якія змогуць аказаць спонсарскую падтрымку для набыцця неабходнага абсталявання, правядзення мерапрыемстваў па санітарнай ачыстцы ракі. Свой уклад у навядзенне парадку на ўзбярэжжы могуць унесці як малодшыя школьнікі, так і старэйшыя вучні, добраахвотнікі з ліку прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўныя калектывы. Станоўчы вынік, на думку юных даследчыкаў, павінны прынесці пастаянныя выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі, накіраваныя на ахову навакольнага асяроддзя.

000000400000050000006

Што чакаюць ад рэалізацыі свайго праекта школьнікі? Па-першае, адзіная зона адпачынку каля воднага аб’екта ў нашым пасёлку стане чыстай і ўтульнай, дзе будзе прыемна правесці вольны час у летнія дні кожнаму. Па-другое, прыцягненне мясцовага насельніцтва да работ па добраўпарадкаванні ўзбярэжжа Брагінкі не толькі пасадзейнічае захаванню прыгажосці родных краявідаў, але і дапаможа павысіць экалагічную свядомасць, культуру прыродакарыстання людзей, будзе адбіваць у іх жаданне засмечваць наваколле. І па-трэцяе, агульная заклапочанасць выратаваннем ракі абернецца пачуццём гонару за асабістую прыналежнасць да справы на карысць сённяшняга і будучых пакаленняў.

0000001

Дарэчы, сярод вучняў 3-4 класаў Брагінскай школы быў праведзены конкурс на лепшы праект па добраўпарадкаванні зоны адпачынку на беразе Брагінкі. Дзеці ў выглядзе малюнкаў паказалі, якім яны хочуць бачыць свой пляж. І ён атрымаўся ў іх дагледжаным, яркім, прыкметным здалёк: з празрыстай вадой, пясчаным берагам, гульнявой пляцоўкай, кантэйнерамі для смецця, інфармацыйнымі шчытамі, адведзенымі месцамі для паркоўкі аўтамабіляў, гатавання шашлыку, наяўнасцю кабінак для пераапранання… Магчыма, сапраўды варта задумацца, прыслухацца і дапамагчы дзецям увасобіць іх мары ў рэальнасць?..

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *