Працу і мацярынства паспяхова сумяшчае Валянціна Чарняева з ААТ “Камарынскі”

Сельское хозяйство

000033

Невысокую прывабную жанчыну мы сустрэлі на зернетаку ў Красным, дзе па-ранейшаму ў яе шмат клопатаў. Валянціна Віктараўна – палявод, і хаця ў век тэхнічнага прагрэсу асноўную працу выконваюць сельгасмашыны, усё роўна без умелых рук не абысціся ні ў час жніва, калі сюды няспынна паступае збажына, ні ў час ачысткі і падрыхтоўкі насеннага матэрыялу. Сачыць за парадкам патрэбна не толькі дома, але і тут, дзе захоўваецца вырашчаны і сабраны ўраджай.

Калі ў раённым доме культуры на мерапрыемстве, прысвечаным Дню маці, вядучая сказала, што Валянціна Чарняева выхоўвае чацвярых дзяцей – двух родных і двух пляменнікаў, якія засталіся без маці, у зале раздаліся апладысменты. Для маладой жанчыны ўсе – аднолькава любімыя і дарагія. Дачушка Даша – другакласніца, школьнікам сёлета стаў і сын Сяргей, на год малодшы за сястру. Пляменнікі Мікалай (вучыцца ў чацвёртым класе) і Іван (сямікласнік), па словах настаўнікаў Іялчанскай СШ, ніякіх праблем не ствараюць, добрыя і паслухмяныя.

Узяць у маладым узросце на сябе такую адказнасць (Валянціне – 29 гадоў) – патрэбна і сіла духу, і неабыякавасць, і цярплівасць.

З прафесійным святам Вас, паважаная! Няхай усё і ў Вашым жыцці, і ў жыцці дзяцей складваецца найлепшым чынам!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *