Тэма тыдня: інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства Тема недели

Precident

Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі.

Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў Палацы Незалежнасці 6 лістапада.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі». Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка прачытаў прысягу на беларускай мове.

Далей Аляксандр Лукашэнка падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў прысутнасці больш як 1 тыс. запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці.

Затым беларускія ваеннаслужачыя на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту. Ваеннаслужачыя ўрачыста пакляліся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцаў Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту, абараняць Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця. На заканчэнне цырымоніі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам прайшла рота ганаровай варты.

Лукашэнка: прыярытэтам наступнай пяцігодкі будуць эканомія, якасць і павышэнне ўзроўню жыцця людзей

Эканоміку Беларусі ў наступны пяцігадовы перыяд трэба будзе ўзняць на больш высокі ўзровень. На гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі.

«У спакойнай і бяспечнай краіне нам трэба будзе вырашыць маштабныя задачы ў эканоміцы. Трэба ўзняць яе на больш высокі ўзровень. Эканоміка наступнай пяцігодкі — якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую і інавацыйную мадэрнізацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне аб безумоўным захаванні рабочых месц і выплаце дастойных зарплат застаецца ў сіле», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Перад намі мэта — не на словах, а на справе пабудаваць інавацыйную эканоміку, эканоміку ведаў. У перспектыве наша краіна павінна ўвайсці ў лік найбольш развітых дзяржаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб Беларусь стала адным з самых прыцягальных месц для інвестыцый, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Абапіраючыся на супрацоўніцтва з дзелавымі коламі вядучых краін, кааперацыйныя сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы маем намер і далей нарошчваць свой экспарт. Пры гэтым актывізуем работу па пошуку новых рынкаў збыту». Прэзідэнт звярнуў увагу, што за апошнія гады тут краіна набыла сур’ёзны вопыт.

«Высокаразвітая эканоміка стане гарантам незалежнасці Беларусі», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Мы будуем, яшчэ раз падкрэсліваю, дзяржаву для народа. Таму прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей. Укараненне ўсяго самага лепшага ў сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сістэма аховы здароўя, адукацыі будзе захавана, чаго б нам гэта ні каштавала, інакш не будзе ні ведаў, ні эканомікі ведаў, ні народа»

Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе ўдзелена ўмацаванню інстытута сям’і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Акрамя таго, новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы, запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: я не буду дзяліць тое, што стагоддзямі накоплена беларускім народам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што не мае намеру займацца дзяльбой і разбазарваннем таго, што стагоддзямі накоплена беларускім народам.

«Я не буду дзяліць тое, што стагоддзямі нажывалася беларускім народам. Гэта заўсёды ў славянскіх народаў заканчваецца трагедыяй: калі не рэвалюцыяй, то грамадзянскай вайной, а часта, як было ў гісторыі, і тым, і другім», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней беларускі бок прапаноўваў купіць акцыі «Беларуськалія», які ацэньваецца $32 млрд. Прэзідэнт дадаў, што спецыялісты прызнаюць гэту цану. «У нас хто-небудзь купіў хоць адну акцыю за гэту цану? Не», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даў зразумець, што катэгарычна не згодны з такой прыватызацыяй прадпрыемстваў, пры якой заніжаецца іх цана.

Лукашэнка: народ Беларусі на выбарах зноў прадэманстраваў свету высокую палітычную культуру

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з’яднанае грамадства, за мільёны землякоў — грамадзян свабоднай Беларусі. «У час праведзенай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць поглядаў. Нас не раз’ядналі ў мінулым, не ўдалося гэта цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца зрабіць у будучым», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «шматлікія наглядальнікі, і нашы, і замежныя, маглі пераканацца ў тым, што ўся выбарная кампанія прайшла спакойна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам». Усім кандыдатам былі прадастаўлены шырокія магчымасці для агітацыі.

Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, усім тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога.

«Гэта перамога беларускага народа. Падкрэсліваю, без усялякай ліслівасці: упершыню за ўсе перадвыбарныя кампаніі гэта была кампанія, назіраючы за якой, і я, і ўсе вы ганарыліся самі сабой і ганарыліся нашым народам, — сказаў Прэзідэнт. — Народ спакойна, ціха, адкрыта прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме. У гэтым велізарная заслуга беларускага народа. І я ганаруся служыць гэтаму народу».

«У няпросты гістарычны момант народ прадэманстраваў з’яднанасць, масава прыняўшы ўдзел у выбарах. Сваімі галасамі людзі выказалі прыхільнасць да той унутранай і знешняй палітыкі, якую мы праводзім вось ужо больш як два дзясяткі гадоў», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэта палітыка не дасталася ў спадчыну. «Тады былі зусім іншыя выклікі, мы жылі ў вялікай краіне, якая магла дыктаваць усяму свету ўмовы існавання і ўраўнаважваць гэты свет. Сёння іншыя выклікі, і нам часам адным даводзілася фарміраваць гэту ўнутраную і знешнюю палітыку, дзесьці спатыкаючыся, дзесьці натыкаючыся на перашкоды, але мы не хлусілі, мы ніколі нікога не падманвалі. Мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў. Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. Нам сапраўды ёсць што адстойваць сёння і чым ганарыцца», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый»

«Праведзеныя выбары чарговы раз даказалі самым розным сілам, у тым ліку за межамі нашай краіны: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый» і «плошчаў» правальная! Гэтага ніколі не будзе!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі «па-ранейшаму ёсць жменька, сапраўды жменька, палітыкаў, якія хочуць распаліць агонь унутранай смуты».

«Характэрна, што такіх радыкалаў не прымае не толькі пераважная большасць народа, але нават і тая зусім невялікая частка людзей, якая не падзяляе пэўныя стратэгіі ўлады. Гэта значыць гэту іх ідэалогію нават іх прыхільнікі не прымаюць», — канстатаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка: няхай пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе разам мы стварылі жыццяздольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца, пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб’ектаў інфраструктуры, мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, што, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, ужо ў бягучай пяцігодцы дасць эфект. У сціслыя тэрміны была вырашана праблема харчовай бяспекі. Больш таго, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур’ёзную крыніцу экспарту, дадаў ён.

«Створаны патэнцыял дасць магчымасць нам нават у перыяд глабальных эканамічных узрушэнняў забяспечваць развіццё Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У краіне пануе мір і сацыяльная справядлівасць. Чалавеку адкрыты ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для работы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы. Гэта наша з вамі найвялікшая заслуга. Колькі мы патрацілі крыві і поту, каб гэту сістэму стварыць…».

«Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай гэта ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс. Іншы пункт гледжання, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам аб Радзіме, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі — выкарыстаны і ажыццёўлены», — гарантаваў кіраўнік дзяржавы.

Кожны чалавек у Беларусі знаходзіцца пад аховай закону, а значыць, і Прэзідэнта, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэты прынцып непахісны. Толькі такім чынам можна дабіцца кансалідацыі грамадства, абудзіць у ім стваральную энергію. Гэтых падыходаў мы будзем прытрымлівацца і ў будучым», — сказаў ён.

Лукашэнка на пасадзе Прэзідэнта мае намер садзейнічаць росту ўзаемаразумення на кантыненце

Беларусы як талерантная і адкрытая нацыя будуць усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з’яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. «Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыі і інтэграцыйным працэсам яшчэ на Зямлі ніхто не прыдумаў, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Процістаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі. Прыклад таго — наша родная Украіна. Нехта там свае жыццёвыя інтарэсы бачыць, а церпіць нават ужо не народ Украіны, а тыя, хто не змог выехаць з таго ж Данбаса — старыя і дзеці».

«Хочацца некаму пастраляць — выходзьце ў чыстае поле і квасьце там адзін аднаго, але не чапайце тых людзей, якія хочуць мірна жыць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы, беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя будзем усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, — падкрэсліў беларускі лідар.- Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям, і іншым краінам».

Лукашэнка заяўляе, што не здольны на здраду

«Я звычайны чалавек. І значыць, магу памыляцца. Але я заўсёды стаўлю перад сабой жалезную задачу — не дапусціць пры такой уладзе сістэмных памылак. І мы з вамі іх не дапусцілі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Былі розныя перыяды. Можа, мы недзе няправільна рабілі. Пройдзе час — гісторыя ацэніць, народ ацэніць».

Звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў, Прэзідэнт заявіў: «Я ніколі вам не здраджу. Я як чалавек не здольны на здраду. Лічу, што лепш няхай цябе заб’юць на полі бітвы, але ты не павінен адступіць, ты не павінен здрадзіць свайму народу, сваім ідэям, усяму таму, што ты абяцаў народу. Хачу з гэтай высокай трыбуны заявіць: гэтага не было тыя 20 гадоў, што я служу народу, нашай дзяржаве. І гэтага не будзе ніколі».

Лукашэнка: Беларусь — міралюбівая і добразычлівая краіна без якіх-небудзь фантастычных амбіцый

«Наша жаданне адно, простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям, мы заўсёды былі дружныя з імі, мы ішлі з адкрытым сэрцам, з кавалкам хлеба, а не з каменем у руках. І будзе так у далейшым!»

Ён адзначыў, што сёння Беларусь — адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце. Хутка развіваючы транспартна-лагістычную інфраструктуру, рэспубліка стала незаменным транзітным калідорам. Праз тэрыторыю краіны цячэ вялікі паток тавараў, які будзе павялічвацца.

«Мір і парадак на нашай зямлі — найвышэйшая каштоўнасць. Вышэй нічога быць не можа! Калі непарадак, калі канфлікт, калі вайна — не патрэбны ні хлеб, не патрэбны ні адзенне, ні зарплаты, ні прадпрыемствы, ні рэформы. Таму мір і парадак — гэта галоўнае!», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што прысутны на цырымоніі інаўгурацыі Леанід Кучма «можа больш аб гэтым расказаць».

«І мы, я яшчэ раз падкрэсліваю, нічога не пашкадуем дзеля захавання міру і бяспекі на нашай зямлі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, па гэтай прычыне Беларуссю падтрымліваюцца захады, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Лукашэнка: Беларусь будзе развіваць цеснае ўзаемадзеянне ў ЕАЭС, але непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы

«Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расіяй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым актыўным іграком на постсавецкай прасторы. «Гэта не толькі залог нашага дабрабыту, але і абарона ад розных пагроз», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што імкліва развіваюцца адносіны Беларусі са стратэгічным партнёрам — Вялікім Кітаем. Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну і дэлегацыі, якую той накіраваў у Мінск на цырымонію інаўгурацыі. «Мы з імі правялі тры дні ў рабоце, шмат спрачаліся, вялі перагаворы. І я прашу перадаць Сі Цзіньпіну самыя добрыя пажаданні за яго падтрымку беларускага народа ад імя гэтага беларускага народа», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён дадаў, што Беларусь развівае сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і ў гэтым ужо ёсць пэўныя вынікі.

Лукашэнка выступае супраць неабдуманых і навязаных звонку структурных рэформ у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што «занадта шмат сёння гавораць і пішуць аб рэформах, аб структурных рэформах». Пры гэтым ніхто не гаворыць, што менавіта яны сабой уяўляюць, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Калі хтосьці за рэформы, то будзьце сумленнымі і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі, трэба раздзяліць, разрэзаць дзяржаўную народную ўласнасць і раздаць, — сказаў Прэзідэнт. — На гэтыя рэформы нас штурхаюць, і за гэтыя рэформы хтосьці сёння ў свеце гатовы шмат заплаціць».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў прыхільнікаў рэформ сумленна сказаць, што яны прадугледжваюць павышэнне пенсійнага ўзросту, увядзенне платнай медыцыны, адукацыі і гэтак далей.

Прэзідэнт упэўнены, што трэба задацца пытаннем, ці патрэбны краіне такія рэформы. Такія пераўтварэнні правялі ўжо ў суседніх Расіі, Украіне. Ён заклікаў вучыцца на чужых памылках. «Яны паспрабавалі, паспыталі гэтых рэформ — і што? — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. — Што дрэннага ў той сістэме, якую мы стварылі?». Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб поспехах, якія былі дасягнуты ў сацыяльнай сферы, у тым ліку ў ахове здароўя, адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы таксама выступіў супраць таго, каб увесці прыватную ўласнасць на зямлю і раздаць яе фермерам. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты крок немэтазгодны, паколькі сельская гаспадарка (і аб гэтым сведчыць вопыт еўрапейскіх краін) мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.

Лукашэнка заяўляе, што гатовы служыць беларускаму народу да апошніх дзён

«Я строгі чалавек, я буду патрабаваць ад народа, ад сваіх падначаленых максімальна. Інакш у гэтым разладзе не вытрымаем — разарвуць на кавалкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я разумею, што некаторыя людзі прагаласавалі за мяне авансам. Гэта зразумела, асабліва на прэзідэнцкіх выбарах. Можа, хтосьці сумняваецца, ці таго выбралі». Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: «Вы прагаласавалі правільна, і не таму, што я выключны, не таму, што я самы разумны і больш такіх няма, а таму, што мы сёння нікому нічога не павінны. Мы не адмывалі грошы ў перадвыбарную кампанію. Мы абышліся капейкамі, праводзячы выбары. Я нікому не даваў ніякіх абяцанняў — ні на Усходзе, ні на Захадзе, ні ў Амерыцы, ні ў Афрыцы. Мы прайшлі гэтыя выбары незалежна. Гэта самы вялікі здабытак, калі Прэзідэнт перамагае дзякуючы народу, калі яго народ выбірае, калі не маюць ролі грошы, калі мільярды не ўкідваюць у перадвыбарную кампанію, адмываючы і раскладаючы іх па кішэнях».

Звяртаючыся да выбаршчыкаў, у першую чаргу да моладзі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі вы пойдзеце ў далейшым галасаваць за кіраўніка дзяржавы, паглядзіце, якія грошы і якія людзі за ім стаяць. У мяне няма чужых людзей і няма грошай. У мяне ёсць толькі вы, ёсць беларускі народ. І яму я гатовы служыць да апошніх дзён, колькі ён будзе мне давяраць».

Лукашэнка прапануе Захаду перагарнуць старонкі мінулага і пачаць гісторыю адносін з чыстага ліста

Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам, калі яны гэтага хочуць.

«Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносін з чыстага ліста. Мы гатовы да гэтага і разлічваем на такую ж гатоўнасць нашых заходніх партнёраў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што апошнім часам намеціліся добрыя перспектывы.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, адзінства і мэтанакіраванасць беларускага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, яснасць праводзімага кіраўніцтвам краіны курсу пабудзілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом.

«Ён убачыў у нашай асобе прыстойнага партнёра, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы вітаем такі рух у гэтым напрамку».

Лукашэнка: спробы ізаляваць Беларусь з’яўляюцца тупіковымі

«Мы заўсёды сцвярджалі: спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, — гэта тупіковы шлях. Ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе», — сказаў беларускі лідар.

«Лёгка стаць на шлях санкцый, але вельмі складана потым звярнуць з яго і вярнуцца да нармальнага жыцця. Таму не трэба заганяць сябе ў кут», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка заклікае не сутыкаць Беларусь з Усходам і Захадам

«Некаторыя, пачуўшы або ўбачыўшы, што мы вядзём перагаворы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі або Еўрасаюза, пачынаюць крычаць аж да Уладзівастока: Лукашэнка кудысьці разварочваецца! Як толькі ўбачылі нашы брацкія, цёплыя тэндэнцыі адносна нашай Расіі, нашай роднай Украіны, іншых постсавецкіх рэспублік — ужо на дыбкі становяцца на Захадзе», — адзначыў Прэзідэнт.

«Ды не разрывайце вы нас! Дайце нам спакойна жыць на гэтым кавалачку зямлі! Мы забяспечым вашы інтарэсы, і Усходу, і Захаду, у Беларусі. Усё, што вы хочаце, мы зробім. Толькі не разрывайце нас, не сутыкайце нас з Расіяй, не сутыкайце нас у Расіі, на Усходзе з Захадам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы нікуды не паварочваем! Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Мы хочам, каб жыццёва важныя інтарэсы беларусаў былі тут, на гэтым кавалачку зямлі. Мы ні на што, заўважце, больш не прэтэндуем. У нас няма жыццёва важных інтарэсаў нават у суседніх дзяржавах. Мы хочам спакойнага і мірнага жыцця», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі беларускаму боку намякаюць з Захаду, каб трымаліся далей ад Расіі, ён заўсёды сумленна і шчыра гаворыць, што Беларусь не можа быць далей ад Расіі, ад Украіны і Казахстана, таму што «мы выраслі з аднаго кораня». «Як гэта можна разарваць? Так, у нас ёсць уласны пункт гледжання, так, у нас ёсць уласныя інтарэсы, і мы не раз гэта дэманстравалі», — сказаў беларускі лідар.

«Але калі нас будуць на Усходзе падбіваць супраць Захаду, і нехта будзе радавацца санкцыям, якія Захад супраць нас уводзіць, не дачакаецеся! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем нармалізоўваць адносіны з Захадам, таму што яны таксама нашы суседзі. У нас ёсць там эканамічныя інтарэсы. У нас сёння 42 працэнты экспарту ў Расію, а больш як 50 працэнтаў — у Еўрасаюз. Дык як мы можам ад гэтага адмовіцца? І навошта ў гэты складаны і цяжкі час нас спрабаваць спіхнуць з гэтай дарогі, з гэтага шляху шматвектарнай знешняй палітыкі? Навошта? Калі тут застаўся адзіны, 800 км па шырыні калідор, дзе і Усход, і Захад могуць спакойна перамяшчацца і супрацоўнічаць?»

«Гэта мой адказ тым, хто спрабуе з нас зрабіць ворагаў для Расіі і для Захаду», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Прадвызначыў бог так, што мы знаходзімся ў гэтым месцы, у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх дарог. І гэта дарога стала сёння не заўсёды стабільнай, а часта гарачай. І мы павінны быць мудрымі палітыкамі, каб жывучы ў гэтым бурным катле, не згарэць, каб нас не зварылі і не з’елі, па-народнаму кажучы», — адзначыў ён.

«Таму мы будзем праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І мы будзем зыходзіць з уласных інтарэсаў і інтарэсаў нашых суседзяў».

Лукашэнка: адзіны народ непераможны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларускі народ быць непарыўным цэлым і захоўваць згоду ў грамадстве.

«Яшчэ здаўна гаварылі: калі народ адзіны, ён непераможны. Увесь наш гістарычны шлях, вопыт абавязвае як зрэнку вока берагчы згоду ў грамадстве. Мы павінны быць непарыўным цэлым, тым маналітным арганізмам, які называецца «беларускі народ», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў: «Мы ўсе павінны разумець галоўнае, выразна яго ўсведамляць: наша будучыня, перш за ўсё, у нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць, у першую чаргу, унутры, а не звонку краіны».

Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ўпартая праца, разважліваць і мудрасць будуць садзейнічаць развіццю Беларусі. «Вы, беларусы, на мяне не крыўдуйце, але калі вы будзеце, скажу па-народнаму, дзесьці ленавацца, я вас вельмі сур’ёзна буду падштурхоўваць. Не бывае так, што вінавата толькі ўлада, а ўсе астатнія добрыя. Перш чым кагосьці ацаніць або пакрытыкаваць, паглядзіце на сябе, ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, ваша сям’я, вашы родныя, блізкія, знаёмыя і ў цэлым дзяржава былі шчаслівыя і жылі добра. Напэўна, не ўсё. Давайце гэту «рэформу» пачнём з сябе. І калі мы з сябе пачнём, то мы спынім усякія размовы пра рэформы. Мы проста будзем жыць выдатна, і нам не трэба будзе ставіць перад сабой якія-небудзь рэфарматарскія мэты на злом існуючага палітычнага і эканамічнага ладу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер адкрываецца новая старонка ў гісторыі Беларусі. «Яна будзе вельмі змястоўнай, цікавай і неймаверна цяжкай. Каб паспяхова рухацца наперад, нам трэба будзе задзейнічаць усе свае рэзервы, праявіць вытрымку, самаадданасць, рашучасць, талент. Словам, паказаць свае лепшыя якасці — той унутраны духоўны стрыжань, дзякуючы якому наш народ выходзіў пераможцам з любых сітуацый, таму што верыў у свае сілы і збіраў іх у кулак», — сказаў беларускі лідар.

«Мы ўсе хочам добра жыць, гэта нармальнае жаданне, патрабаванне народа да ўлады. Больш таго, усе мы хочам жыць вельмі добра. Але пры гэтым яшчэ раз падкрэсліваю: усё залежыць ад нас. Будзем лепш працаваць — будзем жыць лепш. Простая формула, якую ніхто не змог абвергнуць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка запэўнівае, што будзе абараняць інтарэсы краіны, яе канстытуцыйныя асновы і тэрытарыяльную цэласнасць

Як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка вышэй за ўсё ставіць сабе за мэту надзейную абарону інтарэсаў краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы беларускаму народу і Прэзідэнту.

Узначаліць дзяржаву — вялікая адказнасць перад сваім народам і Айчынай, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што «ўступленне Прэзідэнта на пасаду — гэта заўсёды новы этап у жыцці краіны і чарговы гістарычны адрэзак часу, з якім грамадства звязвае свае надзеі на будучае».

«Свет вакол нас не стаў больш паспяховым. І гэта аказвае свой негатыўны ўплыў на Беларусь. Але мы абавязкова захаваем нашу дзяржаву. Мы даражым нашай Радзімай. Будзем адзіныя, паслядоўныя і настойлівыя ў стваральнай працы, прынцыповыя і рашучыя ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў», — заклікаў Прэзідэнт.

Беларусь, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, ніколі нікому не пагражала і пагражаць не будзе: «наша ваенная мэта — абараніць свой кавалак зямлі, на якім спрадвеку жыла частка славянскага народа — беларусы — чыстая, прыгожая і адукаваная нацыя».

«Мы нікому не аддадзім ні кавалка нашай зямлі, не пагражаючы нашым суседзям і іншым дзяржавам. Нам не трэба чужога, але і свайго не аддадзім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Людзі ў пагонах, паводле яго слоў, павінны абараняць сваю зямлю, сем’і, родных. «Мы жыццём сваім павінны абараніць нашу краіну, у якой будзе жыць мірная і паспяховая нацыя», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым у поўнай меры выконваць узятыя на сябе па міжнародных дагаворах і пагадненнях абавязацельствы па захаванні міру. «Бяспечная будучыня Беларусі залежыць толькі ад нас з вамі і ні ад каго іншага. Для паспяховага развіцця краіны ў нас ёсць абсалютна ўсё неабходнае: шматвяковая нацыянальная культура, духоўныя каштоўнасці, эканамічны і навуковы патэнцыял. А галоўнае — добрыя і дастойныя людзі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Разам мы ўжо зрабілі вельмі шмат на складаным шляху дзяржаўнага станаўлення і развіцця. У стваральнай працы нас аб’ядноўвалі любоў да Радзімы, упэўненасць у сваіх сілах і імкненне да агульнага дабрабыту. Усе гэтыя гады нацыянальная сістэма забеспячэння бяспекі была гарантам аховы мірнай працы беларускага народа ад любых пагроз», — канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў:

«Сёння Беларусь — паўнапраўны, аўтарытэтны член сусветнай супольнасці, гатовы абараніць ад замахаў свой суверэнітэт. Гэта краіна высокіх сацыяльных стандартаў, у якой забяспечаны стабільнасць і грамадзянская згода».

Ён звярнуў увагу, што сёння на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў адзіным страі стаяць прадстаўнікі ўсіх сілавых структур дзяржавы, здольныя забяспечыць мірныя ўмовы для стваральнай працы. «Пад вашай надзейнай абаронай, нашай абаронай, усе разам мы пераадолеем любыя цяжкасці і вырашым самыя маштабныя задачы на карысць нашага агульнага дома — Рэспублікі Беларусь!» — выказаў упэўненасць Прэзідэнт.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *