Ветэран вайны Вольга Капыцько з Камарына адзначына 90-годдзе з дня нараджэння

Грамадства

Veteran_1

Не, не жаночая справа – вайна. Але ў сваёй жорсткай слепаце яна змяніла прывычнае ўспрыманне рэальнасці: колькі іх, маладых і безабаронных, кволых і ранімых, яшчэ ўчарашніх школьніц, стала ў строй нараўне з мужчынамі, апынулася ў пекле нягод і пакут. Стралялі, падрывалі масты, хадзілі ў разведку, патаналі ў балотах, мерзлі ў зямлянках, выратоўвалі параненых… Па-іншаму ацаніць свае магчымасці прымусіла “слабы пол” пагроза, што навісла над краінай і ўсім светам у 1941-м.

Вольга ў мнагадзетнай сям’і была шостай. Малодшая з усіх дачок, яна якраз закончыла сем класаў і ў недалёкім будучым ужо бачыла сябе медыцынскім работнікам – збіралася паступаць у Чарнігаўскую фельчарска-акушэрскую школу. А тут… Усе мары і надзеі абарвала вайна. У родную вёску Лукаеды (цяпер – Кірава) прыйшлі фашысты. Мірнае насельніцтва трапіла ў аковы акупацыі. Гора і страх. Гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з жыхарамі, таму, каб выжыць, давялося і хавацца ў лесе, і бадзяцца па балотах. Адна думка: як не трапіць у варожую пастку. Выратавацца ад згубы, на жаль, пашчасціла не ўсім…

Восенню 1943-га на Камарыншчыну прыйшло вызваленне. Нарэшце можна было ўздыхнуць свабодна. Але вайна на гэтым не закончылася. На барацьбу з ворагам узняліся ўсе, хто ўсведамляў уласную прыналежнасць да лёсу Айчыны. І Вольга таксама апранула салдацкую форму. Накіравалася на фронт.

Суровыя ваенныя будні для 17-гадовай дзяўчыны пачаліся ў медсанбаце, у складзе 181-й стралковай Сталінградскай ор-дэна Леніна Чырванасцяжнай дывізіі. Як, здаецца, вытрымала на сваіх кволых плячах увесь цяжар вайны? Пад бамбёжкамі і абстрэламі патрэбна было выносіць з поля бою параненых, бегчы без прамаруджвання да тых, хто чакаў дапамогу. Перад вачыма – кроў, смерць, бясконцыя патокі салдат, што пакутуюць ад болю… Невыносна. Часам, бывала, не стрымлівалася – авалодваў адчай. І тады па дзявочым твары раўчакамі цяклі слёзы. Сэрца не магло прымірыцца з жорсткай рэальнасцю ваеннай паўсядзённасці.

З вызваленчымі баямі ў складзе дывізіі прайшла юная Вольга Украіну, Польшчу. Як доказ адвагі, мужнасці і адданасці Радзіме – атрыманыя тры падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Сталіна: за выдатныя баявыя дзеянні ў баях пад Корасценем, пры прарыве абароны праціўніка ў раёне Порыцка і за авалодванне горадам і крэпасцю Брэслау. У апошнім, дарэчы, і застала шчаслівая вестка аб перамозе.

Аб важкім укладзе гэтай жанчыны ў разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў пераканаўча таксама сведчаць ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.

І хто б мог падумаць, што менавіта тут, на фронце, знойдзецца месца шчыраму, чыстаму і светламу пачуццю – у сэрца Вольгі ўварвалася каханне. Мікалай, які потым стане ёй мужам, служыў у аўтароце, дастаўляў на перадавую боепрыпасы, а адтуль – параненых. Так склалася, што іх шляхі ў той суровы час даволі часта перакрыжоўваліся. Амаль перад самай перамогай яны пажаніліся.

Пасля вайны жылі на радзіме мужа – у Харкаўскай вобласці. Мікалай Рыгоравіч займаў партыйныя пасады, а Вольга Іосіфаўна сорак гадоў аддала працы ў сферы бытавога абслугоўвання. У 1985-м дарагога сэрцу чалавека не стала… Пасля яго смерці жанчына, ужо будучы ў пенсійным узросце, вырашыла вярнуцца ў родныя мясціны. З канца 80-х яна пражывае ў Камарыне.

Добразычлівая і шчырая, ветлівая і спагадлівая, з лагоднай усмешкай і адкрытым сэрцам, Вольга Іосіфаўна Капыцько наперакор усім цяжкасцям і ўдарам лёсу змагла захаваць веліч і прыгажосць чалавечай душы. Яна па-ранейшаму цэніць у людзях сумленнасць, пачуццё маральнай адказ-насці. І можна толькі па-добраму пазайздросціць яе жыццялюбству, аптымізму, бадзёрасці духу, інтэлектуальнаму багажу.

Сёлета разам з іншымі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, усім народам сустрэла Вольга Іосіфаўна 70-ю мірную вясну. І на гэты ж год, дарэчы, прыпаў юбілей асабісты: 15 лістапада жанчыне споўнілася дзевяноста. Таму, як і належыць, былі віншаванні, падарункі, кветкі. Прычым не толькі ад родных і блізкіх. Выказаць цёплыя словы, адрасаваць падзяку за падораны мір і спакой, пажаданні моцнага здароўя і даўгалецця прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач, начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыяту Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Валерый Каток, старшыня РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс.

Не змаглі абмінуць увагай паважаную зямлячку і старшыня Камарынскага сельскага Савета Віктар Свіслоўскі, начальнік пагранічнага паста “Камарын” Антон Самалюк, галоўны ўрач мясцовай бальніцы Алег Салаўёў. За актыўны ўдзел у рабоце па маральна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і ў сувязі з 90-годдзем Вользе Іосіфаўне была ўручана Ганаровая грамата Гомельскага абласнога савета ветэранаў.

Шчыра кранулі, парадавалі юбілярку і сардэчныя віншаванні, з якімі завітала да яе моладзь, – валанцёры Камарынскай сярэдняй школы.

Відаць, з такіх кропляў увагі, цёплага слова, нізкага паклону ўсім, хто вызваляў родны край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і пачынаецца асэнсаванне ўласнай прыналежнасці да народа, які ў свой час не скарыўся перад ворагам – выстаяў, перамог, а сёння глыбока шануе гістарычную памяць, беражэ свабоду і незалежнасць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *