ААТ “Пераможнік”: кадры аператараў машыннага даення – як на падбор

Сельское хозяйство

На малочнатаварным комплексе ААТ “Пераможнік” мы пабывалі ў пачатку бягучага года, таму ехалі сюды, каб не толькі паглядзець, як ідуць справы на вытворчасці, што змянілася за гэты час, але і сустрэцца з працаўнікамі. Былі прыемна здзіўлены, убачыўшы менавіта тут праслаўленых аператараў машыннага даення кароў, кожная з якіх у свой час унесла пасільны ўклад у развіцццё жывёлагадоўлі раёна.

Людміла Істоміна
Людміла Істоміна

Прозвішча Людмілы Істомінай асацыіруецца з ААТ “Брагінскі”. Менавіта ў гэтым сельгаспрадпрыемстве некалькі гадоў таму яна дасягнула пяцітысячнага рубяжа па надоі малака ад кожнай каровы і была заахвочана ў Дзень працаўніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці сярэбраным зліткам ад “Белаграпрамбанка”, а Алена Панікэ – залатым. Памятаю урачыстыя хвіліны іх шанавання і віншавання ў раённым доме культуры. Алена Георгіеўна на той момант прадстаўляла ААТ “Малажынскі”, дзе праходзіла яе працоўная дзейнасць. У “Пераможніку” ўжо год, перабралася сюды таму, што сям’і выдзелілі катэдж і дапамаглі вырашыць жыллёвае пытанне. Дом, які купіла пасля пераезду з Малдовы ў Беларусь, прыйшоў ужо ў непрыгоднасць. Думаю, у хуткім часе Алена Панікэ зноў стане ў рады лепшых аператараў Брагіншчыны. Падставы для гэтага ёсць. Па словах Людмілы Мікалаеўны, жанчына – выдатная даярка з высокім пачуццём адказнасці.

00654_1
Алена Панікэ

Людміла Істоміна зараз кароў не доіць, яна ўзначальвае калектыў комплексу. Па ўсім відаць, што за справу хварэе. Усюды чысціня, парадак. Пра сваіх падначаленых расказвае з ахвотай. Яны гэтага заслугоўваюць. Ніна Пятроўна Цыбуля, напрыклад, ужо на заслужаным адпачынку, але ж па просьбе дырэкцыі яшчэ аказвае дапамогу гаспадарцы. І дзякуй ёй за гэта – без такіх умелых і неабыякавых аператараў машыннага даення цяжка было б змагацца за якасныя і колькасныя паказчыкі.

Ніна Цыбуля
Ніна Цыбуля

Не было ў гэты дзень на месцы Людмілы Назаранкі, яшчэ адной выдатнай працаўніцы, пра поспехі якой ведаюць за межамі раёна і адзначаюць граматамі, прэміямі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Не ведаю, ці прыжыўся б у гэтым вытворчым падраздзяленні лайдакаваты і абыякавы чалавек. Кадры аператараў машыннага даення тут – як на падбор. Давялося б адпавядаць працоўнаму рытму, што ўжо зададзены, добрым традыцыям, а гэта – не кожнаму пад сілу.

Такое ж меркаванне выказала і Людміла Істоміна. У яе як чалавека-практыка свой пункт гледжання на тэхналогію ўтрымання і даення жывёлы на сучасных так званых фабрыках малака. Узгадала, як у “Брагінскім”, калі ўвялі бяспрывязнае ўтрыманне, пачалася масавая выбракоўка кароў, з’явіліся мастыты. Убачыўшы, што і з яе групы Зорку або Мілку падрыхтавалі да здачы на мясакамбінат, цішком забірала і цягнула назад у хлеў, пакуль ніхто не заўважыў. Плакала па кожнай, якую прыручыла. Так рабілі і іншыя даяркі. І тое, што на комплексе зараз усё нармальна, заслуга вось гэтых жанчын.

Алена Васіленка
Алена Васіленка

Нельга не ўзгадаць і пра Алену Васіленку, на якой вялікая адказнасць: раздаіць кароў і цялушак пасля ацёлу. Іх прадуктыўнасць залежыць ад стараннасці і сумлення Алены Васільеўны. Гэтую работу, дарэчы, давяраюць не кожнаму аператару. Цяжка ды і небяспечна працаваць з першацёлкамі, прывучаць іх да апарата, але ж з дапамогай мужа спраўляецца. У слесара Мікалая Сакуна абавязкаў шмат, патрабаванні да санітарнага стану на фермах, якасці малака з кожным годам павышаюцца. І ад яго залежыць таксама, якім гатункам залічаць на перапрацоўчым прадпрыемстве адпраўленую з Малеек прадукцыю, – першым ці “экстра”.

У адной звязцы з даяркамі, даглядчыкамі ветэрынарная служба. Малады спецыяліст Уладзімір Зубар своечасова правёў вакцынацыю жывёлы, што павінна паставіць заслон хваробам і інфекцыям. У дойным статку – 256 галоў, сутачны надой складае 2,4 тоны малака (па 9 кг на карову). Пачаліся ацёлы, іх колькасць будзе сведчыць аб якасці працы, прафесіяналізме асемянатара Наталлі Ціханчук. Чым большы выхад цялят, тым лепш і для яе, і для комплексу, гаспадаркі.

00654_300654_6

Маленькімі цялятамі ў спецыяльных клетках-доміках проста залюбаваліся. Звычайна маладняк утрымліваюць на дварэ, а тут – пад дахам, у прасторным і светлым памяшканні, дзе ні скразнякоў, ні ападкаў. І даглядаюць цялят чулыя людзі. Муж і жонка ўжо на пенсіі, але ж вымушаны былі прыехаць у вёску з Мінска да старэнькай маці, якая не згадзілася перабрацца ў сталіцу. А каб не сядзець без справы, прапанавалі свае паслугі і заключылі кантракт з гаспадаркай да вясны. Сваіх гадаванцаў любяць і песцяць.

Не пра ўсіх жывёлаводаў з Малейкаўскага малочнатаварнага комплексу расказалі на старонках мясцовага выдання сёння, будзе падстава прыехаць сюды яшчэ. Калектыў працаздольны, згуртаваны. Людміла Істоміна ўжо на пенсіі, але спадзяёмся, што застанецца тут яшчэ на некалькі гадоў, тым больш што вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, пракладваецца дарога. Будзе вакол прыгожа, зручна. Вядома, праца на ферме нялёгкая, вельмі адказная і неспакойная. Але вельмі хочацца, каб такія людзі працавалі на вытворчасці як мага даўжэй.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *