Дзеці ці гарэлка?

Общество

Перад такім выбарам апынулася маладая, працаздольная жанчына, якая ў полымі згубных заганаў страціла прыродай падараваны інстынкт мацярынства.

000076

Зыходзячы з маральна-этычных прынцыпаў, адразу ж змяню імя гераіні: Алена вырасла ў няпоўнай сям’і. Калі споўнілася за дваццаць, нарадзіла ад сужыцеля дзяўчынку. Зрэшчы, нічога дзіўнага: многія жанчыны выхоўваюць дзяцей, не будучы пабраныя шлюбам, і гэта не здымае з іх адказнасці, не перашкаджае аддаваць сваім крывінкам усю любоў і цеплыню, праяўляць належны клопат і ўвагу. У Алены ўсё атрымалася па-іншаму. Са з’яўленнем на свет дачкі яна адразу ж трапіла ў поле зроку камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, іншых зацікаўленых службаў. Прычына ­­– традыцыйная: цяга да спіртнога. Таму даводзілася часта наведваць, кантраляваць, пераконваць у неабходнасці навесці парадак у доме. Улічваючы, што жанчына нідзе не працавала, дапамаглі ёй і з работай, калі дзяўчынка пачала наведваць дашкольную ўстанову, – уладкавалі прыбіральшчыцай ва ўстанову аховы здароўя.

З цягам часу ў Алены з’явіўся і чарговы сужыцель. Нанялі дом, у якім ужо падрастаў і хлопчык: сёлета жанчына нарадзіла сына. Здавалася б, павінны ахапіць двайныя мацярынскія клопаты, але дзеці сталі заложнікамі чэрствасці, абыякавасці і эгаізму самага роднага чалавека. Грашовая дапамога трацілася не на іх, а на прапой. У выніку малых давялося змясціць на дзяржаўнае забеспячэнне. А ўсе зацікаўленыя службы пачалі змагацца за тое, каб накіраваць Алену на правільны шлях. Уздзейнічалі і ўгаворамі, і настаўленнямі, імкнучыся абудзіць мацярынскія пачуцці.

Лячэнне ад алкагалізму, касметычны рамонт памяшканняў, падключэнне газу, якога ў доме не было, гуманітарная дапамога… Усё – не без падтрымкі, садзейнічання прафсаюзнага камітэта ўстановы, куды жанчыну працаўладкавалі, чулых і неабыякавых людзей, якія перажываюць (у адрозненне ад маці) за лёс дзяцей, хочуць бачыць іх шчаслівымі пад дахам роднага дома. Таму і рабілася ўсё магчымае, каб вярнуць Алене сына і дачку. Сіроты пры жывых бацьках – з’ява, безумоўна, ганебная для цывілізаванага грамадства.

Лёд крануўся. У доме наведзены парадак, ёсць прадукты харчавання, “завязана” са спіртным. У службаў, якія стаяць на абароне правоў дзяцей, з’явілася надзея, і праз тры месяцы малых вярнулі дамоў.

На жаль, запалу і старанняў у Алены хапіла не надоўга. У хуткім часе яна зноў пачала “перакульваць” чаркі, трапіла ў палон п’янага дурману, была затрымана ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. І ў выніку ў другі раз стаяла перад камісіяй па справах непаўналетніх. Зноў пускала слязу, прасіла не адбіраць дзяцей… Ды ў шчырасці гэтага закралася сумненне – у душы Алены адчуваўся холад, аддаленасць ад сваіх сына і дачкі.

Рашэнне было адназначным: дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. А маці? Ёй усё ж дадзены яшчэ адзін шанц узяцца за розум. Як падкрэслілі ў час пасяджэння, апошні. Захаваць свае правы на выхаванне дзяцей ці прамяняць іх на алкагольную атруту, вырашаць толькі самой жанчыне. Зразумела адно: як бы ні стараліся зацікаўленыя асобы перавыхаваць нядбайных бацькоў, якіх бы спецыялістаў для іх рэабілітацыі ні падключалі, якія б агрументы ні прыводзілі, нічога не зменіцца, калі таго не жадаюць самі дарослыя члены сям’і.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ