Прафілактычная акцыя «Увага: узрост!» праходзіць у раёне з 1 па 4 снежня

Территория закона

Падчас яе супрацоўнікі міліцыі ў мэтах скарачэння колькасці злачынстваў у дачыненні да пажылых людзей правядуць тлумачальную работу з насельніцтвам.

00004455

Недзе ў канцы жніўня мы паведамлялі пра трагічны выпадак, які адбыўся ў Сцежарным. Тады мужчына жорстка збіў сваю пажылую маці. Толькі жанчына, каб абараніць сына ад цюрмы, нікому не паведаміла аб тым, што здарылася. Тры дні яна ляжала дома са зламанай нагой і не адчыняла нікому дзверы. Але ж пазбегнуць пакарання ў дэбашыра не атрымалася. Нядаўна ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі.

А вось жыхар Верхніх Жароў на лаве падсудных апынуўся з-за крадзяжу грошай – 1 мільёна 800 тысяч рублёў. Непрацуючы мужчына, які пры гэтым злоўжывае спіртным, абрабаваў знаёмую пажылую жанчыну 1938 года нараджэння. Да гэтага ён неаднаразова бываў у доме пенсіянеркі, таму здагадацца, дзе тая хавае пенсію, яму было не цяжка.

Падобнае здарылася і ў Красным недзе год таму. Толькі тут шкода ад крадзяжу склала 22 мільёны рублёў. Мясцовы жыхар таксама часцяком наведваўся да сваёй будучай ахвяры і добра арыентаваўся ў яе доме. Пажылая жанчына, вядома, не магла тады прадугледзець такі паварот падзей, таму не вельмі турбавалася, каб больш надзейна схаваць грошы і каштоўныя рэчы.

Мужчына ж, калі да яго трапіла такое багацце, распарадзіўся ім хутка: прапіў усё ўшчэнт. Вядома, быў суд. Злодзея прыцягнулі да адказнасці, толькі вяртаць пенсіянерцы грошы яму няма з чаго, бо нідзе не працуе.

Стаць ахвярай злачынцы можа кожны, але ж можна і застрахаваць сябе ад такіх выпадкаў. Праваахоўнікі раяць больш сур’ёзна падыходзіць да захавання сваёй маёмасці. Такія месцы, як пад падушкай ці ў шафе з бялізнай, вядомы ўсім, таму яны не з’яўляюцца надзейнымі хованкамі для грошай. Акрамя гэтага, супрацоўнікі міліцыі просяць грамадзян абмежаваць доступ у дом для асоб, якія злоўжываюць спіртным. Бяскрыўдны, на першы погляд, выпівака, як высветлілася, у любы момант можа ператварыцца ў злодзея.

– Многім пажылым людзям па гаспадарцы дапамагаюць сацыяльныя работнікі, – гаворыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС Алена КАТЛАБАЙ. – Хацелася б, каб яны таксама больш уважліва адносіліся да сваіх падапечных і ў справе захавання маёмасці, бо тыя з-за свайго узросту ці стану здароўя не заўсёды могуць за сябе пастаяць.

Асноўныя прычыны крадзяжоў, па словах праваахоўнікаў, – няўважлівасць і элементарная халатнасць гаспадароў. Таму не будзьце празмерна даверлівымі і пры любым падазрэнні на здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў неадкладна тэлефануйце ў міліцыю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *