Брагінскі РАУС: «Не давярайце незнаёмцам»

Территория закона

660090_main

Аб тым, што ў наступным годзе нас чакае дэнамінацыя, напэўна, ужо ведаюць усе. Новыя грошы ўвойдуць у абыход толькі ў ліпені, а вось нядобрасумленныя людзі спрабуюць скарыстаць гэтую інфармацыю дзеля сваёй нажывы ўжо сёння.

Як паведаміла начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС Алена КАТЛАБАЙ, ужо ёсць выпадкі, калі махляры выцягваюць з грамадзян грашовыя накапленні нібыта дзеля абмену старых купюр на новыя. Злачынцы ходзяць па хатах, прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі, супрацоўнікамі банка ці пошты і прапануюць свае паслугі ў гэтай справе. Іх ахвярамі часцей за ўсё становяцца пажылыя людзі, якіх, на жаль, вельмі лёгка падмануць.

Падобны выпадак адбыўся нядаўна ў суседнім Лоеўскім раёне. Такія нечаканыя госці завіталі да пенсіянеркі і пачалі запэўніваць яе, што менавіта сёння неабходна здаваць старыя грошы, і тады праз некаторы час яна атрымае замест іх новыя. Жанчына амаль згадзілася на прапанову, але тут у яе зазваніў тэлефон, і махляры хуценька пакінулі дом, магчыма, не жадаючы, каб аб іх візіце ведаў нехта яшчэ. А гаспадыня абавязкова б распавяла аб сваіх наведвальніках таму, хто тэлефанаваў.

– Хадзіць па дамах і мяняць грошы ніхто з афіцыйных устаноў, вядома, не плануе, – гаворыць Алена Пятроўна. – Старыя і новыя купюры будуць у абарачэнні адначасова на працягу шасці месяцаў – да 1 студзеня 2017 года. За гэты час (ліпень – снежань) кожны паспее іх абмяняць у банку ці патраціць у магазіне. Вельмі просім жыхароў раёна не паддавацца на ўгаворы махляроў, якія пасля атрымання грошай зусім не плануюць яшчэ раз трапіць вам на вочы.

Па словах праваахоўнікаў, часцей за ўсё такімі махлярамі аказваюцца людзі цыганскай знешнасці, якія “працуюць” па даўно выпрабаванай схеме. Яны ездзяць па вёсках з нейкім асартыментам тавараў і прапануюць жыхарам нешта набыць. Але асноўная іх мэта – трапіць у дом, задурыць гаспадарам галаву ды выманіць ці скрасці грошы. Прычым гэта яны робяць з лёгкасцю, бо, па-першае, добра валодаюць талентам пераканання, а па-другое, ведаюць, дзе звычайна пенсіянеры хаваюць свае зберажэнні.

Дарэчы, адну такую групу цыган нядаўда міліцыянеры затры-малі ў Аляксееўцы. Супрацоўнікі ДАІ ра-зам з участковым інспектарам патру-лявалі вуліцы вёскі, калі заўважылі незнаёмы аўтамабіль. У машыне знаходзілася пяць чалавек, чацвёра з якіх аказаліся раней судзімымі. Сапраўдную мэту знаходжання ў населеным пункце яны, вядома, не агучылі, але можна выказаць здагадку, што хацелі пажывіцца за кошт мясцовых жыхароў. Толькі ажыццявіць гэты план ім перашкодзілі…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *