Зіма абяцае быць цёплай

Грамадства

Аб гэтым паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

0000003455

“Зіма ў гэтым годзе чакаецца цёплай, тэмпература паветра будзе на 1-2 градусы вышэй за кліматычную норму”, – адзначыў Дзмітрый Рабаў. Паводле слоў спецыяліста, пры гэтым зіма 2015/2016 года будзе крыху халаднейшай за мінулую зіму. “Колькасць ападкаў чакаецца крыху больш за норму, у сярэднім у нас выпадае 115 мм. Прагназуецца мокры снег і дождж”, – растлумачыў ён.

Гаворачы аб надвор’і снежня, Дзмітрый Рабаў растлумачыў, што сярэдняя тэмпература будзе на 1 градус вышэй за кліматычную норму (норма – 2-5 градусаў марозу). Колькасць ападкаў чакаецца крыху больш за норму, па поўдні каля нормы (32-44 мм). “У бліжэйшы час ні аб якіх зімовых працэсах гаварыць не даводзіцца. Тэмпература ў пачатку дэкады чакаецца на 3-5 градусаў вышэй за кліматычную норму. Надвор’е зусім асенняе, і зімы нават на гарызонце не відаць”, – падкрэсліў ён.

Студзень, паводле слоў спецыяліста, таксама будзе цяплейшы, чым звычайна. “Сярэдняя тэмпература чакаецца на 1-2 градусы вышэй за кліматычную норму. Праўда, у асобныя дні не выключана, што па поўначы тэмпература ноччу будзе апускацца ніжэй за 20 градусаў марозу. Колькасць ападкаў таксама чакаецца больш за норму – 32-46 мм”, – адзначыў Дзмітрый Рабаў.

Гаворачы аб надвор’і ў лютым сіноптык адзначыў, што яно ўжо будзе больш набліжана да зімовага.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *