ААТ “Брагінаграсэрвіс”: калектыў СТА працуе добрасумленна

Сельское хозяйство

Раней у гэтую пару ў рамонтных майстэрнях абслугоўваючай арганізацыі, якая яшчэ не была ААТ “Брагінаграсэрвіс”, знаходзілася па 10-12 зернеўборачных камбайнаў. Іх хутка даводзілі да ладу і адпраўлялі назад у гаспадаркі.

Іван Леўчанка
Іван Леўчанка

Зараз на станцыі тэхнічнага абслугоўвання адкрытага акцыянернага таварыства – сем трактароў “Беларус-3022” (два з іх – з Лоеўскага раёна). Ці хутка сталёвыя памочнікі хлебаробаў выйдуць адсюль, невядома. Усё залежыць ад фінансавання. Рухавікі, карпусы счаплення, каробкі перамены перадач зняты і здадзены на Гомельскі рамонтны завод. Плаці грошы і забірай. Вось толькі дзе іх узяць? Пакуль пытанне вырашаецца на рэспубліканскім і абласным узроўнях, калектыў СТА з дзевяці чалавек працягвае добрасумленна працаваць.

Нядаўна, пасля заканчэння каледжа, сюды прыйшоў Іван Леўчанка. Па словах майстра Генадзя Хадаска, за дзесяць гадоў работы на станцыі ён упершыню сустрэў такога мэтанакіраванага і стараннага выпускніка сельскагаспадарчай навучальнай установы. Чаго варты зваршчык, ацаніў яшчэ ў час праходжання Іванам практыкі ў ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Ведаючы яго прафесійныя навыкі, у арганізацыі чакалі, калі прыйдзе на працу. Малады спецыяліст даказаў, што і на невялікім прадпрыемстве ў звычайным райцэнтры можна заслужыць павагу, стаць паспяховым, няблага зарабляць.

Юрый Краіла – вопытны слесар-рамонтнік, як і яго калега Аляксандр Залужны. Гадоў чатыры таму адкрытае акцыянернае таварыства стала дылерскім цэнтрам АТ “Мінскі трактарны завод”, што дазваляе абслугоўваць тэхніку з іншых раёнаў. Кантакты наладжаны цесныя, у лепшыя часы “Брагінаграсэрвіс” мог пералічыць на рахунак завода мільярдныя сумы, а потым набываць за гэтыя грошы запчасткі. Каб трактары сельгаспрадпрыемстваў не прастойвалі, адкрытае акцыянернае таварыства набывала для іх усё неабходнае, пакуль само не апынулася ў даўгах. Але ж па-ранейшаму брагінчанам давяраюць і прапаноўваюць розныя запчасткі. Цэны на іх ніжэйшыя, чым у прыватных структурах. Да ўсяго сваю работу калектыў СТА стараецца выканаць якасна.

У рамонтнай майстэрні рыхтуюць да вясны сваю тэхніку прадстаўнікі атрада, які задзейнічаны на палявых работах у гаспадарках Брагіншчыны. Дапамога механізатараў і вадзіцеляў “Брагінаграсэрвіса” можа спатрэбіцца ў любы час.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *