Актывісты БРСМ і піянерскай арганізацыі перадалі дзецям калядныя падарункі

Грамадства

2222334_1

У рамках дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” выхаванцы Брагінскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі сэртыфікат на дзесяць мільёнаў рублёў. З такім падарункам да хлопчыкаў і дзяўчынак з абмежаванымі магчымасцямі завіталі галоўны спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ” Дзмітрый Сівы і старшыня Гомельскай абласной арганізацыі ГА “БРПА” Арцём Карпенка.

Яны наведалі гэтую ўстанову напярэдадні Раства Хрыстова – у самы разгар традыцыйнай пары цудаў і добрых спраў. Таму тут іх чакала насычаная святочная праграма: калектыў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прапанаваў увазе гледачоў тэатралізаванае прадстаўленне з навагоднімі прыгодамі Дзеда Мароза, Снягуркі і іншых казачных герояў. Былі таксама разнастайныя гульні, конкурсы і карагод вакол ёлкі.

2222334_22222334_32222334_4

– Вядома, ёсць уклад у гэтую добрую справу і жыхароў нашага раёна, якія дапамаглі сабраць грашовыя сродкі, – гаворыць першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля ФУРС. – Шчыра дзякую працоўным калектывам райвыканкама, ветстанцыі, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Адгукнуліся на наш заклік таксама і ўстановы адукацыі раёна – Мікуліцкая, Камарынская, Іялчанская, Буркоўская і Малажынская сярэднія школы. Вельмі прыемна ўсведамляць, што побач з намі знаходзіцца шмат неабыякавых і добрасардэчных людзей, гатовых прапанаваць сваю дапамогу. Доказам гэтаму стала і вялікая колькасць падарункаў і ахвяраванняў, якія валанцёры атрада “Добрае сэрца” сумесна з піянерскай арганізацыяй сабралі падчас акцыі на рынку райцэнтра і ў магазіне №12 “Родны кут”.

Адрасатамі калядных гасцінцаў сталі таксама выхаванцы Асарэвіцкага сацыяльнага прытулку і Брагінскага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Па словах Наталлі Мікалаеўны, любая дапамога гэтым дзецям застаецца актуальнай. Таму актывісты саюза моладзі працягнуць дабрачынную дзейнасць і будуць вельмі рады, калі да іх далучацца брагінчане.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *