І веды, і класнасць прапануе брагінчанам установа дадатковай адукацыі для дарослых

Сельское хозяйство

У наступным годзе вучэбна-курсавы камбінат будзе адзначаць свой 40-гадовы юбілей. Ён быў заснаваны 3 кастрычніка 1977 года. Зараз, праўда, у яго іншы статус і назва: дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых (цэнтр падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама).

Майстар вытворчага навучання Уладзімір Ціханенка
Майстар вытворчага навучання Уладзімір Ціханенка

Па-ранейшаму тут рыхтуюць трактарыстаў-машыністаў для работы на розных відах айчыннай тэхнікі. Перад пачаткам веснавых палявых работ, жнівом спецыялісты цэнтра праводзяць заняткі не толькі з камбайнерамі і іх памочнікамі, але і з аператарамі сушыльных комплексаў.

Лічыцца, што найлепшы час для вучобы хлебаробаў – зіма. Цяпер у дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі праходзяць перападрыхтоўку 27 механізатараў з гаспадарак нашага раёна. Яны атрымаюць катэгорыі “В”, “Д” і “F” і змогуць працаваць на энерганасычаных трактарах. Катэгорыя “А”, якая ўжо ў іх была і якая лічыцца базавай, такой магчымасці не давала.

Каб эксплуатаваць сіласа- і хлебаўборачную тэхніку, неабходны стаж работы на трактары (як мінімум – год). Такое ж патрабаванне прад’яўляецца і да будучых экскаватаршчыкаў. Вяскоўцы вучацца і за свой кошт, і за кошт гаспадарак. ААТ “Чамярыскі”, напрыклад, накіраваў у цэнтр падрыхтоўкі восем чалавек, “Малажынскі” – пяць, “Пераможнік” – тры, “Камарынскі” – два.

У гэтыя дні ідзе набор жадаючых на курсы трактарыстаў-машыністаў. Кошт навучання – 3 млн 223 тысячы рублёў. У 2013-м амаль усе 49 чалавек, якія пакінулі сцены вучэбна-курсавога камбіната з катэгорыяй “А”, атрымалі правы шафёра, паспяхова здаўшы экзамены па ваджэнні і правілах дарожнага руху ў Рэчыцы.
Вучацца і аператары машыннага даення кароў. Заняткі з імі праводзяць на месцы. Дырэктар цэнтра падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Аляксандр Кукрак, майстар вытворчага навучання Уладзімір Ціханенка і метадыст Мікалай Дубавец выязджаюць у гаспадаркі, каб не атрываць людзей ад іх асноўнага занятку.

Частку грошай невялікі калектыў вымушаны зарабляць самастойна. Ідуць яны на рамонт будынка, набыццё паліва. У штаце – шэсць чалавек, і кожны з іх прыйшоў сюды з пэўным багажом ведаў і багатай практыкай. Каб вучыць іншых, патрэбна многае спасцігнуць самім.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *