Канікулы — час аддацца любімым зімовым забавам і відам спорту

Грамадства

Sport

Цікава, весела, з карысцю праходзяць зімовыя канікулы ў тых, хто не паддаецца ляноце і імкнецца да актыўнага ладу жыцця.

Вядома ж, марозчык і снег зусім не падстава для таго, каб сядзець дома. “Што нам холад, калі наперадзе столькі святаў!” – заўважаць самыя аптымістычныя. І будуць мець рацыю. Дарослыя штогод стараюцца паклапаціцца, каб зімовы адпачынак школьнікаў быў напоўнены атмасферай забаў і весялосці. Іншымі словамі, на цэлыя два тыдні можна забыцца пра падручнікі і сшыткі. Замест урокаў і дамашніх заданняў – чарада калядна-навагодніх мерапрыемстваў. А іх запланавана нямала.

Толькі дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, напрыклад, сабрала каля навагодняй ёлкі сто маленькіх жыхароў раёна. Яшчэ дванаццаці пашчасціла пабываць на свяце з удзелам губернатара Гомельскай вобласці. Не менш прыемныя ўражанні застануцца і пасля XXII рэспубліканскай акцыі для дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад паследкаў чарнобыльскай катастрофы, – у сталіцу накіраваліся 43 нашы юныя землякі. А выхаванцу Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Уладзіміру Захараву выпаў гонар стаць удзельнікам рэспубліканскага навагодняга свята, што прайшло ў Палацы Рэспублікі. Гэтаму пасадзейнічаў поспех на абласным узроўні: хлопчык заняў трэцяе месца ў аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!”, які ладзіцца адзін раз у два гады.

На працягу сямі дзён, з 28 снежня па 6 студзеня, у чатырох установах адукацыі: Камарынскай, Брагінскай, Хракавіцкай сярэдніх школах і гімназіі працавалі лагеры дзённага знаходжання, якія наведвалі сто вучняў. Іх адпачынак быў насычаны калектыўнымі творчымі справамі, культурнымі, спартыўнымі і іншымі мерапрыемствамі. Пры планаванні, як і належыць, улічваліся інтарэсы і ўзроставыя асаблівасці дзяцей.

Добра пасля руплівай разумовай працы пабыць на свежым паветры, аддацца любімым зімовым забавам і відам спорту – надвор’е гэтаму спрыяе. І чаму б, напрыклад, каб атрымаць зарад бадзёрасці, не накіравацца на каток? Ледзяную пляцоўку супрацоўнікі ДЮСШ залілі якраз на бягучым тыдні. Калі няма канькоў, засмучацца не трэба – экіпіроўку можна ўзяць напракат.

Не спыняецца ў час канікул і прафілактычная работа, накіраваная на папярэджванне правапарушэнняў, прадухіленне пажараў, няшчасных выпадкаў і іншых здарэнняў. Усе дзеці павінны сесці за парты здаровымі, без хваляванняў і нервовых узрушэнняў. І, вядома ж, пачаць другое паўгоддзе з прыемнымі ўражаннямі, добрым настроем і новымі сіламі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *