Людміла Гаўрыленка са Сцежарнага з дапамогай іголкі і нітак стварае ўнікальныя творы

Общество

За акном – зіма са снежнымі гурбамі ды накінутымі на дрэвы белымі шалямі, замеценымі сцежкамі-дарожкамі, а тут – кветкі, кветкі… Яркія, сакавітыя. Розных колераў і формаў, з зялёнымі лісцікамі і сцяблінкамі. Ад такога хараства цяжка адарваць погляд. І гэта не дзіўна: у кожную рэч, аздобленую вышыўкай, гаспадыня ўклала цеплыню сваёй душы.

Kultura

Як мастакі пэндзлем, так Людміла Аляксандраўна Гаўрыленка са Сцежарнага з дапамогай іголкі і нітак стварае ўнікальныя творы. Фантазіруе, прыдумляе свае матывы для вышыўкі, і аднатонная тканіна пачынае ў яе руках ажываць. Дом гэтай жанчыны, як чароўны куфэрак – царства прыгажосці. Што толькі ні расквечана цудоўнымі ўзорамі: накідкі, прасціны, абрусы, ручнікі, сурвэткі… Адны вынікі карпатлівай працы служаць убраннем для пакояў, другімі гаспадыня ад чыстага сэрца адорвае родных і блізкіх. А ёсць і такія, што гадамі беражліва захоўваюцца ў шафе. Як, напрыклад, сурвэтка з узорам, нанесеным упершыню.

Сакрэты вышыўкі гладдзю, дарэчы, Людміла Аляксандраўна пачала спасцігаць, яшчэ будучы дзяўчынкай. У сяброўкі Ані, што жыла па суседстве, рукатворнай справай займалася маці, Галіна Міхайлаўна Катлярэнка. Яна і абудзіла цікавасць да народнага дэкаратыўнага мастацтва ў юнай асобы.

Уражаная майстэрствам Людміла вырашыла ўзяць у старэйшай зям-лячкі ўрок. І вось ужо ў руках дзяўчыны кавалак паркалю з кветкавым узорам. Праўда, пакуль не «расфарбаваным». І шыўкі не сцелюцца так хутка і спрытна, як гэта атрымліваецца ў адмысловай майстрыхі. Але вялікае жаданне навучыцца, ця-рплівасць і стараннасць бяруць верх: за тыдзень-другі на тканіне зазіхацела багатая палітра колераў і адценняў. Так вышыўка стала захапленнем. Ды такім, што часам нават перашкаджала вучобе. Як толькі выпадала вольная хвілінка, адразу ж бралася за іголку з ніткай.

Любімая справа суправаджае Людмілу Аляксандраўну ўсё жыццё. Яе сумяшчала і з цяжкай працай у сельскай гаспадарцы, і з мацярынскімі клопатамі, і з хатнімі справамі. І нават зараз, у свае за шэсцьдзясят, усё назапашвае ды назапашвае яркія ніткі, каб атрымаць асалоду ад работы над чарговым шэдэўрам. Для яе вышыванне не проста занятак і палёт фантазіі, а адпачынак для душы.

Так праца, памножаная на талент, дае радасць і аўтару работ, і ўсім, хто дакранаецца да плёну творчасці самабытнай майстрыхі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ