ААТ “Камарынскі”: на ферме ў Кіраве ўтрымліваецца пагалоўе адкорму і каровы з цялятамі

Сельское хозяйство

Ферму ў Кіраве ў красавіку 2006-га наведваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Саўгас “Камарынскі” (на той момант) разводзіў мясную пароду жывёлы.

Артур  і  Надзея  Атрошчанкі
Артур і Надзея Атрошчанкі

Лімузінаў (больш ста галоў) на гэтае вытворчае падраздзяленне завезлі з Венгрыі. Падзеі амаль дзесяцігадовай даўнасці мы ўзгадвалі з загадчыцай фермы Наталляй Смолькінай.

Пасля сюды прыязджала шмат людзей, якія ў той або іншай ступені звязаны з жывёлагадоўляй. Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, удзельнікі рэспубліканскіх семінараў глядзелі, у якіх умовах утрымліваюцца лімузіны, задавалі дырэктару гаспадаркі Рыгору Анапрэенку шмат пытанняў, давалі парады.

Зараз гэтая парода жывёлы знаходзіцца ў Верхніх Жарах. У Кіраве ўтрымліваецца пагалоўе адкорму і каровы з цялятамі на падсосе. На 1 лютага, як растлумачыла Наталля Міхайлаўна, тут засталося 1626 галоў. Лічба ўвесь час мяняецца. Частку жывёлы адпраўляюць на мясакамбінат і папаўняюць групы пагалоўем з іншых ферм.

Наталля Смолькіна
Наталля Смолькіна

Што цікава, менавіта ў Кіраве давялося ўбачыць сістэму арганізацыі працы жывёлаводаў, якую спрабавалі ўкараніць у савецкія часы. Называлася яна сямейны падрад. Тое, што на ферме працуюць родныя і блізкія людзі, бясспрэчна. Адну з груп у колькасці 800 галоў даглядаюць Надзея Атрошчанка, яе муж Артур з родным братам Юрыем, а таксама Сяргей Бельчанка. Усе яны жывуць у Кіраве. Другую – Алена і Аляксандр Балахонавы, іх брат Яўген і Ніна Мацапура. Людміла Балахонава (яе прозвішча ўказвае на цесную роднасную сувязь з тымі, каго вышэй узгадалі) працуе самастойна, даглядае 219 бычкоў. Ім даводзіцца дабірацца сюды з Гдзяня.

Дарэчы, за кожнай з гэтых груп замацавана канкрэтнае памяшканне, атрымліваецца, што раздзелены жывёлаводы яшчэ і працоўным месцам. Плюсы ў гэтым ёсць. Калі хочуць высока трымаць сямейную марку, праслаўляць прозвішча добрымі вытворчымі паказчыкамі, будуць і душу ў работу ўкладваць, і парадак на вытворчасці падтрымліваць.

Людміла Балахонава
Людміла Балахонава

Аператар па адкорме Надзея Атрошчанка прыйшла на ферму ў 1994-м годзе. Механізацыі ніякай не было, усё даводзілася рабіць уручную, у тым ліку грузіць і раздаваць сілас. Групы (150 галоў) даглядалі па два чалавекі. Рэканструкцыя пачалася з канца 90-х гадоў, на даны момант у Кіраве шэсць хлявоў і дзве пляцоўкі. Працэс раздачы кармоў механізаваны. Усяго на ферме працуе 11 чалавек. Наталля Смолькіна ўзначаліла калектыў дзесяць год таму па просьбе кіраўніка гаспадаркі. Гэтае вытворчае падраздзяленне не на дрэнным рахунку і ў гаспадарцы, і ў раёне. Бытавыя ўмовы для людзей створаны. Іх нельга назваць ідэальнымі, але ж самае галоўнае – пакоі, каб пераапрануцца, папіць чаю, сагрэцца, ёсць. Для іх абагрэву выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва. Перад нашым прыездам у Кірава на ферме пабывалі дырэктар ААТ “Камарынскі” Рыгор Анапрэенка і эканамісты, падвялі вынікі работы, абмеркавалі надзённыя пытанні.

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ