“Што датычыць вашай краіны, то мне вельмі спадабаліся яе дагледжанасць, краявіды, знешняя і ўнутраная прыгажосць беларусаў. Трэба, каб людзі больш ведалі пра здабыткі, дасягненні і культуру суседняга народа. На сёння сяброўства паміж нашымі рэгіёнамі даволі моцнае”, – адзначыў падчас візіту ўкраінскай дэлегацыі ў наш раён Анатоль Нікіфаравіч Шкурко.
Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліна Пятніцкая, старшыня Камарынскага сельскага Савета Віктар Свіслоўскі сустракалі гасцей з Украіны на мяжы. Хлеб-соль уручылі дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах.
Удзельнік дэлегацыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Нікіфаравіч вядзе размову нетаропка, з гумарам. Народны мастак Украіны і член Нацыянальнага саюза мастакоў, лаўрэат Чарнігаўскай абласной прэміі ім. М. Кацюбінскага, ганаровы грамадзянін Чарнігава, удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх выстаў прызнаецца, што не вельмі хацеў ехаць. Гады ўжо не тыя, здароўе падводзіць, ды і надвор’е не надта спрыяльнае. Але вельмі ўдзячны намесніку старшыні Чарнігаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Андрэю Курданаву, які прапанаваў гэтую паездку і пераканаў у яе мэтазгоднасці, Любові Дзяркач за шчырае запрашэнне на беларускую зямлю.
У далёкім 1943-м Анатоль Нікіфаравіч прымаў удзел у фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына. “Не хапіла паўметра, каб стаць Героем Савецкага Саюза”, – жартуе. Якія ж шляхі прывялі юнака да вогненнай пераправы?
Нарадзіўся Анатоль Нікіфаравіч 29 кастрычніка 1924 года ў сяле Смолін на Чарнігаўшчыне. У 1929-м падчас калектывізацыі сям’я вымушана была пераехаць у Чарнігаў. Яшчэ з дзяцінства меў схільнасць да творчасці (“не раз, як прызнаецца, атрымліваў ручніком па спіне за абмаляваны вугельчыкамі комін”) і марыў стаць мастаком.
Да вайны юнак паспеў скончыць першы курс Харкаўскага мастацкага вучылішча. А пасля вызвалення Чарнігава пачынаецца яго ваенны шлях. “Абмундзіравання навабранцам не выдалі, – успамінае ветэран. – Прывезлі, размясцілі ў лесе ў палатках, і пачаліся мае армейскія будні. Дзён праз восем атрымалі рэчмяшкі. У іх былі сухары і сала, але гэта – недатыкальны запас. Тады нам і паведамілі: раніцай будзем перабірацца на той бок Дняпра. Хто плацдарм захопіць, вызваліць ад ворага – будзе прадстаўлены да звання Героя”.
На досвітку пачалося фарсіраванне ракі. На нейкую бэльку з хлява Анатоль і два яго сябры паклалі вінтоўкі – і наперад. Вада кіпела ад выбухаў, паветра – ад куль. Таварышы, што былі побач, загінулі. Анатоль пераправіўся праз Днепр, а тут – невялікая круча, у сантыметраў пяцьдзесят усяго, і такі моцны агонь, што галаву падняць нельга. Толькі калі злева і справа пачулася “ўра!”, падняўся з усімі і Анатоль.
“Вельмі страшна. Смерць, крыкі параненых, – псіхалагічна цяжка было нам, непадрыхтаваным юнакам. Добра, што падтрымлівалі вопытныя байцы”. Потым Анатоль прымаў удзел у вызваленні Іёлчы, Брагіна. Тут, дарэчы, згубіў чаравік, – узгадвае з гумарам. У кішэні – блакнот і аловак. Маляваў тое, што бачыў навокал, ваенных сяброў. Тыя ў салдацкіх трохвугольніках адпраўлялі малюнкі родным.
Ваеннымі шляхамі прыйшоў байцом 111-га стралковага палка 1-га Беларускага фронту ў Берлін. Адзін з нямногіх ён пакінуў свой аўтограф на сценах рэйхстага: “Чернигов. Шкурко. 1945”.
Прадстаўнікі з Чарнігава і Міхайла-Кацюбінскага наведалі магілу партызанкі Алены Бялевіч у Асарэвічах. Тут гасцей цёпла сустракалі старшыня Новаіёлчанскага сельсавета Валянціна Свіслоўская, вучні і калектыў мясцовай установы адукацыі. Яе дырэктар Марыя Шаўчэнка ўручыла ветэрану памятныя сувеніры.
У Камарыне госці пабывалі ў сярэдняй школе і аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў.
А галоўнай мэтай украінскай дэлегацыі было ўручэнне медалёў “70 год вызвалення Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”. У Камарынскім культурна-спартыўным цэнтры ў цёплай і шчырай атмасферы ўзнагароды атрымалі Вольга Іосіфаўна Капыцько, Барыс Мікалаевіч Лявоненка, Аляксей Мікалаевіч Някрасаў. На жаль, не змог прысутнічаць на гэтай сустрэчы яшчэ адзін наш вельмі ганаровы і заслужаны зямляк, Васіль Аляксандрвіч Нікалаенка. Яму ўзнагарода ўручана асобна.
Цёплыя словы падзякі гасцям выказаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Яшчук. Старшыня савета Чарнігаўскай раённай арганізацыі ветэранаў Украіны Анатоль Скуратовіч прывёз падарункі – кнігі. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач уручыла ганароваму госцю Анатолю Нікіфаравічу Шкурко ліст з падзякай, кнігу «Памяць», каштоўны падарунак.
Гучалі ў зале задушэўныя песні ў выкананні работнікаў культуры раёна.
Як адзначалі ўсе прысутныя, вельмі важна, што паміж намі падтрымліваюцца зносіны. Сяброўства – паняцце, можна сказаць, “кругласутачнае”. У кожнай сферы ёсць месца для далейшага супрацоўніцтва. Заўсёды прыемна сустракацца з сябрамі. Мы – суседзі, народы-браты, зямля і гісторыя ў нас агульныя.
Госці павезлі з сабой добрыя ўражанні ад знаёмства з Камарыншчынай, нашым раёнам, пакінуўшы аб сабе прыемныя ўспаміны. Мы не развітваемся, мы кажам адзін аднаму: “Да пабачэння!”
Галіна ШАЎЧЭНКА