На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх адзначылі зніжэнне ўзроўню падлеткавай злачыннасці

Территория закона

KSN

Выхаванне падлеткаў ніколі не было лёгкай справай: у пераходным узросце так хочацца вызваліцца з-пад апекі і кантролю дарослых, знайсці свае спосабы самавыяўлення. І добра, калі ўчынкі непаўналетніх не супярэчаць нормам маралі, прынцыпам бяспекі. А калі ідуць у разрэз з законам, калечаць жыццё?..

Падлеткавая злачыннасць, безумоўна, хвалюе як бацькоў, так і многіх спецыялістаў. Таму прафілактыка гэтай з’явы займае вядучае месца ў дзейнасці розных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Работа ў даным напрамку будуецца ў цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых службаў і структур. У раёне зацверджаны комплексны план па прафілактыцы семейнага недабрабыту, гібелі дзяцей, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх на 2014-2018 гады. І размова аб тым, як ён выконваўся ў 2015-м, ішла на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх з удзелам прадстаўнікоў сельскіх Саветаў, устаноў адукацыі, іншых арганізацый.

Па паведамленні намесніка старшыні КСН Вольгі Ясінскай, колькасць злачынстваў, здзейсненых падлеткамі, знізілася ў параўнанні з 2014 годам з шасці да чатырох. Але гэта не дае падставы для самазаспакаення: упершыню ў раёне зарэгістраваны два факты незаконнага абароту наркатычных сродкаў, да якіх маюць дачыненне непаўналетнія. Страшна, прыкра і балюча. З аднаго боку, што ядавіты дурман такім чынам усё больш авалодвае маладзёжнай прасторай, з другога – што для саміх падлеткаў супрацьзаконныя ўчынкі застануцца чорнай плямай на ўсё жыццё. Праблема, згадзіцеся, вострая і злабадзённая. Таму і раўнадушных у яе абмеркаванні не было.

Што ж датычыць правапарушэнняў, то тут, наадварот, назіраецца рост з 55-ці да 62-х. Асаблівую трывогу выклікае ўжыванне непаўналетнімі спіртных напояў ці іх з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане – 25 выпадкаў (у 2014-м – 21). Да адказнасці за ўцягненне юных асоб у антыграмадскія паводзіны прыцягнуты сем дарослых. Выяўлена пяць фактаў рэалізацыі алкагольнай прадукцыі падлеткам. Вырасла таксама з аднаго да трох колькасць дробных хуліганстваў, больш прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці бацькоў за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей – 21 (13).

Знізіліся, праўда, з пяці да двух дробныя крадзяжы, з чатырох да двух – выпадкі бяспраўнага кіравання транспартнымі сродкамі. Не зафіксавана затрыманняў за рулём у нецвярозым стане (у 2014-м – 4). На тым жа ўзроўні – факты парушэнняў правілаў дарожнага руху (3), курэння ў грамадскіх месцах (1).

Лічбы, лічбы… Але менавіта яны малююць рэальную карціну негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі, прымушаюць задумацца, дзе назіраюцца недахопы і ўпушчэнні, на што патрэбна скіраваць больш пільную ўвагу ў далейшым, каб папярэдзіць бяду. Аналіз паказаў: сярод вучняў раёна найчасцей мелі дачыненні да правапарушэнняў прадстаўнікі Малажынскай школы (9), а найлепшым чынам сітуацыя складваецца ў Хракавіцкай школе, Асарэвіцкім дзіцячым садзе – базавай школе і гімназіі г.п. Брагіна, дзе за непаўналетнімі – ніводнага супрацьпраўнага ўчынка.

Канфлікт з нормамі маралі нярэдка тлумачыцца як набытымі негатыўнымі якасцямі, так і прававым бескультур’ем, аўтарытэтнасцю кампаніі, жаданнем любым чынам звярнуць на сябе ўвагу. Бывае, што на рахунку аднаго падлетка, які уцягнуўся ў небяспечную гульню з законам, налічваецца некалькі парушэнняў – узнікаюць абгрунтаваныя прычыны, каб засцерагчы дзяцей ад уплыву такога “лідара”. Магчыма, накіраваўшы яго ў спецыяльную ўстанову. На гэта звярнула ўвагу старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Брагінскага РАУС Валерыя Кудрэнка. Тым больш што на практыцы такі выхаваўча-прафілактычны метад сапраўды апраўдвае сябе.

Каб засланіць падрастаючае пакаленне і моладзь ад бед, патрэбна дапамагаць ім раскрывацца ў іншым – спорце, творчасці, грамадскай дзейнасці і г.д. Якія для гэтага ў раёне створаны ўмовы, чым непаўналетнія могуць заняць сябе ў вольны ад вучобы час, расказалі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сергей Алеўскі, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс.

Яшчэ адзін, не менш важны момант – бяспека дзяцей. Гэтай тэме было прысвечана выступленне старшага інспектара нагляду і прафілактыкі Брагінскага РАНС Аляксандра Чарапанава. У раёне за мінулы год зарэгістраваны 21 пажар, асноўныя прычыны, як заўсёды, зводзяцца да неасцярожнага абыходжання з агнём ці парушэнняў правілаў бяспечнай жыццядзейнасці. На шчасце, не дапушчана гібелі людзей. На папярэджанне трагедый актыўна накіроўвалі намаганні ўсе суб’екты прафілактыкі. Аб асветніцкай, прапагандысцкай і іншай рабоце з дзецьмі, якія займаюцца ў гуртках юных выратавальнікаў-пажарных, расказала інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Ірына Чарняўская.

Выказаў свае заўвагі наконт арганізацыі прафілактычнай дзейнасці, узняў праблемныя пытанні памочнік пракурора Уладзімір Багданаў.

Зразумела: калі размова ідзе пра падрастаючае пакаленне, месца бескантрольнасці, абыякавасці і безадказнасці быць не павінна. Таму, падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Мікалай Яшчук яшчэ раз акцэнтаваў увагу прысутных на тым, наколькі важна аб’ядноўваць свае намаганні ў барацьбе з негатыўнымі праявамі і справе абароны правоў і інтарэсаў дзяцей.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ