Тэма тыдня: пашырэнне прысутнасці ў інфармпрасторы — асноўная задача СМІ

Тема недели

211360-09

Работа па пашырэнні кантэнту і прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы — асноўная задача сродкаў масавай інфармацыі, заявіла 4 лютага журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч перад пачаткам калегіі ведамства.

«СМІ трэба больш эфектыўна працаваць па галоўнай тэме — кантэнце. Гэта распаўсюджваецца на мультымедыйную прастору, кінапрастору, тэлебачанне. Напрыклад, тэлебачанне сёння значна шырэйшае, чым проста трансляцыя па тэлевізары. Планшэт, спадарожнік, камп’ютар — гэта таксама сродкі для распаўсюджвання тэлебачання. Укараненне тэлебачання высокай выразнасці HD — таксама задача на 2016-2020 гады. Таму ўменне працаваць ва ўсіх асяроддзях — та задача, якая будзе ставіцца перад СМІ ў бліжэйшы час», — сказала Лілія Ананіч.

Гаворачы аб друкаваных СМІ, міністр адзначыла, што яны практычна самаакупныя, гэта больш як 90 рэгіянальных СМІ. Але важная і работа з чытачом, падкрэсліла Лілія Ананіч. Друкаваным СМІ таксама важна нарошчваць інтэрнэт-кантэнт, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Павінны з’явіцца мультымедыйныя дадаткі для падпісчыкаў, неабходна эфектыўна працаваць з улікам новых сучасных тэхналогій. Асобным пытаннем з’яўляецца пашырэнне работы службы маркетынгу.

Міністр дадала, што ў Беларусі распаўсюджваецца больш як 200 замежных тэлеканалаў.

«Важна, каб мы пашыралі інфармацыйнае поле, былі канкурэнтаздольнымі і лідзіравалі па фарміраванні грамадскай думкі», — сказала яна.

Паводле слоў міністра, даследаванні паказваюць, што тэлебачанне з’яўляецца лідарам па ўплыве на грамадскую думку. Больш як 60 працэнтаў аўдыторыі належыць тэлебачанню, 40 працэнтаў — у інтэрнэту, 20 працэнтаў — у газет.

«СМІ павінны кансалідаваць грамадства, паказваць усё, што адбываецца ў краіне. І дзе трэба, аргументавана даваць адпор усім выдумкам, спекуляцыям, якія з’яўляюцца ў інфармацыйным процістаянні, калі зрушыліся патокі, зрушыліся краіны», — рэзюмавала кіраўнік ведамства.

Ананіч заклікае мясцовыя газеты нарошчваць эфектыўнасць свайго кантэнту

Лілія Ананіч адзначыла, што ў цэлым мясцовыя газеты адчуваюць сябе ўпэўнена — па выніках 2015 года прыбыткова спрацавалі 94 рэдакцыі, у меншай ступені па рэгіянальнай прэсе назіраецца спад тыражоў. «Разам з тым іх задача — нарошчваць эфектыўнасць свайго кантэнту», — падкрэсліла міністр.

«Мы не можам прыняць такую пазіцыю рэдакцый мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, калі створаны ў інтэрнэце партал «СМІ Беларусі», адна з галоўных задач якога — папулярызацыя інфармацыі менавіта рэгіянальных СМІ, не знаходзіць належнай увагі з боку рэдакцыі. Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі, ужо нават няёмка паўтарацца па гэтай тэме. Звяртаюся да начальнікаў упраўленняў: давядзіце тут усе пытанні да лагічнага завяршэння», — сказала кіраўнік ведамства.

211360-07

Яна таксама акцэнтавала ўвагу на праблеме спаду тыражоў рэспубліканскіх масава-палітычных друкаваных СМІ ў цэлым. «Гэта сведчыць аб новых тэндэнцыях, трэндах у развіцці інфармацыйнага поля», — заўважыла міністр.

Ва ўмовах, калі друкаваны сегмент скарачаецца, трэба шукаць дадатковую аўдыторыю, прымяняючы для гэтага адпаведныя тэхналагічныя фарматы, пераканана Лілія Ананіч.

Так, у мэтах найбольшага ахопу аўдыторыі важнейшай задачай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі застаецца развіццё мультымедыйнага складніка ў сваёй дзейнасці. «Прыярытэтным напрамкам павінна быць распаўсюджванне кантэнту па максімальна магчымых каналах — друкаваныя, мабільныя, інтэрнэт-версіі аўдыёвізульныя рэсурсы. І вельмі важна папулярызацыя дзяржаўнай інфармацыі ў сетцы інтэрнэт», — дадала яна.

Перад электроннымі СМІ стаіць задача па процідзеянні дэструктыўнаму ўплыву на грамадскую думку

Як адзначыла міністр, электронныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца сёння не толькі камунікатыўным сродкам, але і галоўным інструментам уздзеяння на грамадства. Інфармацыйнае поле Беларусі, інтэграванае ў сусветныя інфармацыйныя патокі, пастаянна адчувае знешняе ўздзеянне.

«Перад электроннымі СМІ стаіць важнейшая задача па інфармацыйным процідзеянні дэструктыўнаму ўплыву на грамадскую думку», — сказала Лілія Ананіч.

Яна таксама выказала меркаванне, што СМІ неабходна ўсямерна ўзмацняць інфармацыйнае забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўных задач, аргументавана процістаяць спекуляцыям на эканамічных цяжкасцях, акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненнях Беларусі па розных напрамках.

«Нам ёсць што паказаць. Гэта трэба выносіць на экраны тэлевізараў, на старонкі газет», — пераканана Лілія Ананіч.

Мінінфарм Беларусі ў 2015 годзе абмежаваў доступ да 41 інтэрнэт-рэсурсу

«У 2015 годзе былі прыняты рашэнні аб абмежаванні доступу да 41 інфармацыйнага рэсурсу, размешчанага ў інтэрнэце. Да чатырох з іх доступ адноўлены пасля ўстаранення выяўленых парушэнняў», — адзначыла Лілія Ананіч.

У тым ліку, паводле яе слоў, інфармацыйныя рэсурсы былі заблакіраваны за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, за неналежную рэкламу лякарстваў, прапаганду дзіцячай парнаграфіі, рэкламу алкагольных напіткаў.

Акрамя таго, вынесена 36 папярэджанняў рэдакцыям друкаваных СМІ.

«Мінінфарм і ў далейшым будзе патрабаваць ад усіх удзельнікаў інфармацыйнага поля выканання заканадаўства. Аж да прымянення норм закона аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнасць якіх ідзе ўразрэз з нацыянальнымі інтарэсамі», — падкрэсліла кіраўнік ведамства.

Ананіч адзначае праблемы ў рабоце кабельных аператараў па распаўсюджванні замежных тэлепраграм

«У рамках маніторынгаў дзейнасці кабельных аператараў па распаўсюджванні замежных тэлепраграм выяўлены цэлы пласт праблем — часам ад нежадання прытрымлівацца заканадаўства і ўключацца ў рэестр (Дзяржаўны рэестр распаўсюджвальнікаў прадукцыі тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ. — Заўвага БЕЛТА) да трансляцыі праграм, якія не маюць дазволу. І, на жаль, маюць месца факты заніжэння аператарамі электрасувязі абаненцкай базы (што ў тым ліку прыводзіць да пэўных эканамічных парушэнняў), а таксама парушэння аўтарскага права», — канстатавала Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, у сувязі з гэтым Міністэрствам інфармацыі ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ўнесены прапановы, якія накіраваны на забеспячэнне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў пры распаўсюджванні замежных праграм, платнага тэлебачання.

«Дарэчы, нашы суседзі па Еўразійскім эканамічным саюзе адрэгулявалі заканадаўча гэты важнейшы сегмент інфармацыйнага поля», — дадала кіраўнік ведамства.

Ананіч лічыць неабходным укараніць у Беларусі вымярэнне тэлеаўдыторыі па сусветных стандартах

Паводле слоў Ліліі Ананіч, развіццё айчыннага тэлебачання патрабуе больш поўнага ўліку дынамікі глядацкай аўдыторыі. «Адсутнасць у Беларусі сучаснай сістэмы тэлевымярэнняў не толькі ўскладняе работу па якасным медыяпланаванні беларускіх тэлеканалаў, але і не садзейнічае нарошчванню аб’ёмаў рэкламнага рынку і, адпаведна, даходаў нацыянальных тэлекампаній», — адзначыла міністр.

Яна выказала ўпэўненасць, што важна прыцягнуць аўтарытэтны медыявымяральнік, які адпавядае сусветным стандартам, а гэта, у сваю чаргу, акажа станоўчы ўплыў на актывізацыю рэкламных бізнес-працэсаў. «Якасныя медыявымярэнні — гэта не толькі эканоміка тэлеканалаў, гэта і аб’ектыўная ацэнка творчай дзейнасці тэлекампаній, і, калі хочаце, палітычны складнік у дзейнасці тэлебачання», — сказала Лілія Ананіч.

Міністр пазітыўна ацаніла практыку стварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, што дало магчымасць атрымаць адчувальны эканамічны эфект. Маюцца на ўвазе ўзбуйненыя інфармацыйныя структуры, створаныя некалькі гадоў таму на базе рэдакцый газет «Советская Белоруссия» і «Звязда».

Прыярытэт у стратэгіі развіцця тэлевяшчання да 2020 года — тэхналагічная трансфармацыя

Як адзначыла міністр, важным вынікам развіцця сферы тэлевяшчання ў 2015 годзе з’явіўся яе поўны пераход на лічбавае эфірнае вяшчанне, даступнае 99,5 працэнта насельніцтва краіны, а агульнадаступны пакет папоўніўся яшчэ адным папулярным у краіне спартыўным тэлеканалам «Беларусь 5». Акрамя таго, атрымала развіццё рэгіянальнае тэлебачанне.

«Новыя тэхналагічныя магчымасці дыктуюць і новыя падыходы ў развіцці тэлевяшчання. Па сутнасці, тэлебачанне ўжо не толькі тэлеэкран — гэта і кабель, і спадарожнік, і мабільныя платформы, і JPTV, і яшчэ добры дзясятак найноўшых тэрмінаў. Усё гэта можна аб’яднаць паняццем «шматэкранны прагляд» (тэлевізары, планшэты, камп’ютары, смартфоны)», — звярнула ўвагу Лілія Ананіч.

«У стратэгіі развіцця нацыянальнага тэлевяшчання на перыяд да 2020 года (гэты дакумент падрыхтаваны і ў бліжэйшы час будзе дэталёва адпрацаваны і зацверджаны) галоўным прыярытэтам павінна стаць тэхналагічная трансфармацыя. Улічваючы, што пераважная колькасць гледачоў тэлевізійны кантэнт атрымліваюць праз кабельныя сеткі і IP-тэлебачанне, гэты фармат вяшчання неабходна ўкараняць і дзяржаўным тэлекампаніям», — падкрэсліла міністр. Прыклад такога вяшчання ў беларускім эфіры ўжо ёсць — тэлеканал «МІР HD».

Пры гэтым, паводле слоў Ліліі Ананіч, ключавую ролю ў развіцці тэлебачання адыгрывае кантэнт, прычым кантэнт уласнай вытворчасці, якасны, які ўключае як перадачы, так і фільмы.

«На фоне існуючых аб’ектыўных фінансавых праблем, выкліканых значным падзеннем аб’ёмаў рэкламы, неабходна дакладнае захаванне прыярытэтаў — якасная грамадска-палітычная публіцыстыка, аналітыка, праграмы, арыентаваныя на дзіцяча-юнацкую аўдыторыю, спартыўнае, маладзёжнае вяшчанне, нацыянальныя тэлесерыялы. І вырашаць гэтыя пытанні давядзецца тут і цяпер», — сказала міністр.

«Фінансы? Яны і ў рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў, і ва ўкараненні сістэмы дзяржзаказу, у задзейнічанні партнёрскіх адносін, арыентацыі як на ўласныя сілы, так і на беларускія кампаніі — вытворцы кантэнту. Магчымы і сумесныя міжнародныя праекты», — лічыць Лілія Ананіч. Яна таксама ўдакладніла, што лічыць мэтазгодным укараненне сістэмы дзяржзаказу ў найбольш знакавыя тэлепраекты.

Міністр інфармацыі заклікала разабрацца з праблемамі рэгіянальнага радыёвяшчання

Лілія Ананіч нагадала, што век праваднога радыё скончыўся, і ў сувязі з гэтым ужо неаднаразова абмяркоўваліся напрамкі і формы развіцця рэгіянальнага радыёвяшчання. У краіне на сёння большасць рэдакцый дзяржаўнага рэгіянальнага радыёвяшчання (92 радыёпраграмы) — структуры, што ўваходзяць у склад раённых газет, у якіх адсутнічае магчымасць стварэння паўнацэннай эфірнай радыёстанцыі са сваім частотным рэсурсам, студыяй, радыйным абсталяваннем і г.д.

«Пасля адключэння праваднога радыё асноўная маса мясцовых радыёстудый страціла тэхналагічную пляцоўку для радыёвяшчання», — сказала міністр. Гэта звязана з тым, што так званыя ўразанні ў эфір Першага канала Беларускага радыё супярэчаць беларускаму заканадаўству ў частцы выкарыстання радыёчастот, а таксама бюджэтнай палітыцы краіны. «Першы канал Беларускага радыё не можа ўспрымацца як калектыўнае мясцовае радыёвяшчанне, і разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Міністэрствам інфармацыі, аблвыканкамамі мы павінны па кожным рэгіёне дэталёва разабрацца і зразумець, як будзем арганізоўваць мясцовае радыёвяшчанне», — падкрэсліла яна.

Кіраўнік ведамства са шкадаваннем канстатавала, што часта райвыканкамы ідуць самым лёгкім шляхам, прымаючы рашэнне аб ліквідацыі мясцовага радыё. «З аднаго боку — так, мы прыўносім кантэнт у абласное радыё, але як бы нам не страціць набыты вопыт?! Радыё ў рэгіёнах павінна прыносіць не толькі інфармацыю Першага канала і абласнога радыё, усё ж такі павінен быць сегмент канкрэтнага рэгіянальнага кантэнту», — лічыць міністр.

Больш як Br111 млрд выдзелена Мінінфарму з рэспубліканскага бюджэту ў 2015 годзе

«З рэспубліканскага бюджэту Мінінфарму ў 2015 годзе выдзелена Br111,3 млрд, асвоена Br107,5 млрд», — праінфармавала Лілія Ананіч.

Па выніках мінулага года ёсць тры стратныя арганізацыі — «Мінаблсаюздрук», «Другі нацыянальны тэлеканал» і друкарня «Перамога». Па друкарні «Перамога» прынята распараджэнне Прэзідэнта «Аб бязвыплатнай перадачы акцый»: акцыі перададзены ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна. Развіццё гэтай друкарні будзе прадоўжана, запэўніла міністр.

У 2016 годзе, паводле яе слоў, будзе праведзена рэструктурызацыя «Мінаблсаюздруку» шляхам далучэння да РУП «Белсаюздрук». «Гэта абгрунтавана не толькі эканамічна і тэхналагічна. На рынку распаўсюджвання друку мы ўжо не манапалісты, сёння газеты прадаюцца ў кожным супер- і гіпермаркеце, на запраўках, і мы павінны займаць кансалідавана большую долю на рынку», — лічыць Лілія Ананіч.

Міністр прызналася, што яе не задавольвае сітуацыя на рынку паліграфічных паслуг. «Разам з тым мы бачым, што дзейнасць паліграфічных прадпрыемстваў узаемаўвязана з выдавецкім рынкам», — заўважыла яна. Так, усяго ў 2015 годзе выдавецкімі арганізацыямі розных форм уласнасці выпушчана 10 тыс. 273 найменні кніг і брашур. «Па найменнях у нас зніжэнні паказчыкаў невялікія, каля 10 працэнтаў, а вось па сукупным тыражы — спад на 31 працэнт», — канстатавала кіраўнік ведамства.

Далейшае развіццё паліграфічнай сферы бачыцца ёй ва ўзаемаўвязцы з аптымізацыяй паліграфічных магутнасцей, мадэрнізацыяй вытворчасці, а таксама эфектыўным выкарыстаннем будынкаў і збудаванняў.

Пры рэфармаванні паліграфгаліны важна захаваць калектывы і забяспечыць іх работай

Аб гэтым заявіла на калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

«Калі размова ідзе аб рабоце паліграфічных прадпрыемстваў, арганізацый «Саюздруку», неабходна выкананне даведзеных заданняў. Але важна, каб заданні былі не дзеля заданняў, а для таго, каб былі забяспечаны работай людзі», — сказала віцэ-прэм’ер. Пры гэтым трэба не адкладваць і прымаць рашэнні, адзначыла Наталля Качанава. Аднак важна забяспечыць калектывы той работай, вынік якой будзе запатрабаваны на рынках, у тым ліку замежных, паколькі выжыць за кошт унутранага рынку сёння няпроста, лічыць віцэ-прэм’ер.

211360-18

Трэба ставіць заслону скажонай інфармацыі

«Людзі штодзённа чэрпаюць інфармацыю аб падзеях у краіне са сродкаў масавай інфармацыі. І сёння трэба ставіць заслону скажонай інфармацыі. Трансліруемая ў СМІ інфармацыя павінна быць дакладнай і аб’ектыўнай. Калі інфармацыя вырываецца з кантэксту, пераварочваецца і падаецца па-іншаму, зразумела, гэта выклікае рэакцыю людзей. Навошта абмяркоўваць скажоныя факты? Гэтага проста не павінна быць», — сказала Наталля Качанава.

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што работа журналістаў пры ўсёй яе часам складанасці патрабуе сумленнасці і прыстойнасці.

Рэгіянальныя СМІ павінны актыўней адлюстроўваць падзеі, што адбываюцца ў краіне

«Рэгіянальныя СМІ сёння карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Людзі любяць і свае газеты, і радыё, і тэлебачанне. Але павінна быць сумесная работа з рэспубліканскімі СМІ па адлюстраванні асноўных падзей, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Яны павінны знаходзіць сваё адлюстраванне і ў рэгіянальных сродках масавай інфармацыі», — лічыць віцэ-прэм’ер.

Рэгіянальным СМІ трэба быць ва ўзаемасувязі з вядучымі сродкамі масавай інфармацыі, каб прадастаўляць аб’ектыўную і дакладную ілюстрацыю падзей у Беларусі, падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна таксама звярнула ўвагу ўсіх СМІ на неабходнасць адгукнуцца на патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інвалідаў. У Беларусі ёсць тэлеканал «Жэст», які дэманструе галоўным чынам кінафільмы. «Трэба насычаць тэлеканалы жэставай інфармацыяй, каб людзі з фізічнымі адхіленнямі мелі магчымасць атрымліваць паўнацэнную інфармацыю», — сказала Наталля Качанава.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *