Тэма тыдня: у Беларусі створаны ўсе ўмовы для сертыфікацыі тавараў легпрама

Тема недели

211378-05

У прэс-цэнтры БЕЛТА адбыўся брыфінг “Пацвярджэнне адпаведнасці тэхрэгламенту МС тавараў легпрама, рэалізуемых ІП на рынках”.

У падрыхтаваным да брыфінгу прэс-рэлізе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі паведамляецца, што ў Беларусі ёсць дастатковая інфраструктура органаў па сертыфікацыі вырабаў лёгкай прамысловасці (іх 26) і даследчых лабараторый (38). Такія даследчыя лабараторыі працуюць як у сістэме Дзяржстандарту, так і на базе арганізацый Міністэрства аховы здароўя, канцэрна “Беллегпрам”, прыватных арганізацый і без ведамаснай падпарадкаванасці.

“З улікам таго, што кожная з іх мае розную прапускную здольнасць, розную сферу акрэдытацыі па паказчыках ТР МС 017/2011, многія з лабараторый працуюць па прынцыпе аднаго акна і бяруць на сябе арганізацыю адсутных выпрабаванняў у іншых лабараторыях з тым, каб ІП былі выдадзены пратаколы выпрабаванняў па ўсіх неабходных паказчыках”, – паведамілі ў Дзяржстандарце.

“Пратаколы выпрабаванняў тавару могуць шматразова прымяняцца пры сертыфікацыі або дэклараванні адпаведнасці пры яго паўторных пастаўках, а таксама іншымі прадаўцамі, калі іх тавар адназначна ідэнтыфікуецца як такі ж і таго ж вытворцы”, – падкрэслілі ў ведамстве.

Пералікі органаў па сертыфікацыі і даследчых лабараторый краіны, іншую карысную інфармацыю можна знайсці на сайце Дзяржстандарту ў тэматычным банеры “Індывідуальнаму прадпрымальніку: аб пацвярджэнні адпаведнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці ТР МС 017/2011” – http://www.gosstandart.gov.by/ru-RU/ip-legprom.php.

Паведамляецца таксама, што ў даследчых лабараторыях цяпер чэргаў не назіраецца. “На гэты час у краіне выдадзена ІП больш як 520 сертыфікатаў, зарэгістравана звыш 5 640 дэкларацый аб адпаведнасці ТР МС 017/2011”, – адзначылі ў Дзяржстандарце.

Закупка ў легальных аптавікоў пазбавіць ІП ад неабходнасці пацвярджэння бяспекі тавараў

“Трэба адзначыць, што ІП могуць наогул быць пазбаўлены ад правядзення сертыфікацыі або дэкларавання адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці. Для гэтага неабходна закупляць тавар у легальна працуючых аптовых арганізацый як у Беларусі, так і ў іншых краінах ЕАЭС, якія маюць неабходныя дэкларацыі аб адпаведнасці і сертыфікаты адпаведнасці на тавар”, – адзначылі ў Дзяржстандарце.

“Арганізацыі Дзяржстандарту аказваюць ІП кансультацыі, прадастаўляюць ім неабходныя растлумачэнні. І гэта работа будзе прадаўжацца”, – сказалі ў ведамстве.

“Дзяржстандартам сумесна з Мінгандлем, Міністэрствам аховы здароўя рыхтуецца шэраг рашэнняў па ўвядзенні электроннага дэкларавання адпаведнасці, спосабаў дэманстрацыі ў рознічным гандлі наяўнасці на тавар дакументаў аб бяспецы, прадугледжаных ТР МС. Дзяржстандарт таксама падрыхтаваў і накіраваў у зацікаўленыя органы (Міністэрства аховы здароўя, Мінгандаль, Мінсельгасхарч, МНС, Мінэканомікі) прапановы па пераглядзе памераў штрафных санкцый да ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў саюза. Абагульненыя матэрыялы знаходзяцца на ўзгадненні ў Мінюсце. У далейшым будуць накіраваны ў Савет Міністраў”, – паведамілі ў Дзяржстандарце.

Усе патрабаванні тэхрэгламентаў выканальныя

Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Сяргей Іўлеў на брыфінгу.

“Створаны ўсе ўмовы, каб нармальна пашыраць прадукцыю легпрама на рынках Еўразійскага эканамічнага саюза, вырабляць гэту прадукцыю на нашай тэрыторыі.

Таму той, хто хоча нармальна дзейнічаць (а такіх даволі шмат, мы бачым), будзе гэта рабіць. Усе патрабаванні выканаць можна і цывілізавана выступаць з такой прадукцыяй на рынках”, – адзначыў Сяргей Іўлеў.

Паводле яго слоў, спажыўцы павінны быць зацікаўлены ў набыцці якаснай прадукцыі. “Усе мы спажыўцы і павінны купляць прадукцыю, якая не прынясе нам шкоды, якая будзе бяспечнай і якой мы будзем карыстацца з задавальненнем, будзем у ёй упэўнены”, – сказаў Сяргей Іўлеў.

Ён падкрэсліў, што пакуль нельга сказаць, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў поўныя меры выконваюць заканадаўства.

“Прычыны, напэўна, будуць рознымі. Нехта ўсё ж такі недастаткова ўспрымае ўсе патрабаванні тэхнічнага рэгламенту, нехта выканаў не ўсе мерапрыемствы”, – растлумачыў Сяргей Іўлеў. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што ў прадпрымальнікаў была і ёсць магчымасць атрымаць усю неабходную інфармацыю, Дзяржстандарт рэгулярна ў ходзе маніторынгаў праводзіў адпаведныя кансультацыі.

Праверкі выканання тэхрэгламенту МС па таварах легпрама выяўляюць парушэнні ў 70-80 працэнтах выпадкаў

“Мы праводзілі маніторынг сітуацыі, у ходзе якога ў 70-80 працэнтах правераных выпадкаў выяўлены парушэнні. Пэўная частка прадпрымальнікаў застаецца ў неправавым полі са сваімі таварамі, і яны абавязаны ў гэта прававое поле ўвайсці. Колькі гэта ад агульнай колькасці, я сказаць не змагу”, – адзначыў ён.

Ён падкрэсліў, што ўсе прадпрымальнікі былі папярэджаны аб неабходнасці мець сертыфікат якасці.

“Але некаторыя пайшлі па лёгкім шляху і не займаліся сур’ёзна той падрыхтоўкай, якую трэба было правесці, каб ацаніць прадукцыю, якой яны гандлююць. Да таго ж сёння можна не займацца гэтай работай самастойна – проста купі тавар у таго пастаўшчыка, які мае ўсе дакументы. Гэта і аптовыя кампаніі, і кампаніі-вытворцы. Калі гаварыць аб беларускім вытворцы, то ўсе прадстаўнікі нашага легпрама маюць пацвярджальныя дакументы”, – канстатаваў ён.

Дзяржстандарт Беларусі раскрыў тактыку праверак і маніторынгу работы прадпрымальнікаў

“У нас на I паўгоддзе не запланавана праверак прадпрымальнікаў на рынках. У планавым парадку мы гэта рабіць не будзем. Але будзем маніторыць сітуацыю, – расказаў ён. – Абавязкова будзем глядзець за тымі, хто размяшчае на рынку вялікія партыі прадукцыі. Гэта могуць быць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі”.

“Калі мы ўбачым, што ўзнікае сітуацыя з пастаўкай тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням, то будуць назначацца пазапланавыя праверкі, і гэтыя суб’екты будуць правярацца ў поўным аб’ёме. Вось такую тактыку мы для сябе прынялі”, – падкрэсліў Сяргей Іўлеў.

Паводле яго слоў, часам жаданне атрымаць максімальны даход перасільвае абавязацельствы адносна таго, каб прапанаваны пакупнікам тавар быў легальны і бяспечны. “Ёсць эканамічны інтарэс купіць вельмі танны тавар і прадаць яго максімальна дорага. Гэта самая маржа, што атрымліваецца пры такой аперацыі, часам засланяе вочы і выходзіць на першае месца”, – лічыць намеснік старшыні Дзяржстандарту.

Сяргей Іўлеў таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны аптовыя структуры, дзе можна легальна набыць тавар для наступнай рэалізацыі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. “Такія структуры створаны, імі можна карыстацца. Але прадпрымальнік – гэта чалавек, які выбірае свой шлях паводзін, ён сам арганізоўвае свой бізнес. Але мы тады яму гаворым: арганізоўваючы свой бізнес, калі ласка, выконвайце правілы”, – дадаў ён.

Як паведамляла БЕЛТА, у плане кантрольнай дзейнасці на I паўгоддзе 2016 года не прадугледжана правядзенне ў ІП, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках, кірмашах, у гандлёвых цэнтрах, праверак адпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням ТР МС 017/2011 (за выключэннем праверак па скаргах і зваротах грамадзян).

Сур’ёзныя пастаўшчыкі зацікаўлены ў правядзенні санітарна-гігіенічнай экспертызы

Аб гэтым заявіў намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі.

211378-02

“Сёння раздражнення гэта працэдура (правядзенне санітарна-гігіенічнай экспертызы. – Заўвага БЕЛТА) ні ў каго не выклікае. На сустрэчах з прадстаўнікамі свету прадпрымальнікаў, з прадстаўнікамі замежных кампаній, якія прыязджаюць на наш рынак і жадаюць гандляваць, мы ўсё расказалі, і яны згадзіліся. І сур’ёзныя пастаўшчыкі тавараў падтрымліваюць гэту меру”, – адзначыў Ігар Гаеўскі.

Паводле яго слоў, падтрымка звязана з тым, што цяпер пад выглядам сур’ёзных брэндаў могуць прадавацца фальсіфікаваныя тавары. “Гэта ўрон, калі вядомыя пастаўшчыкі вымушаны канкурыраваць з ценявым рынкам, ценявым вытворцам. Таму яны зацікаўлены, каб санітарна-гігіенічная экспертыза была, каб яе трэба было прайсці ўсім, і за рамкамі засталіся тыя прадпрымальнікі, якія не хочуць гандляваць нармальным таварам”, – растлумачыў Ігар Гаеўскі.

Дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспертыза прадукцыі замежнай вытворчасці з выдачай санітарна-гігіенічнага заключэння ўведзена пастановай Савета Міністраў нумар 666 ад 6 жніўня 2015 года, якая ўступіла ў сілу 27 жніўня 2015 года, у мэтах забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнай стабільнасці насельніцтва і прадухілення паступлення на тэрыторыю Беларусі небяспечнай прадукцыі імпартнай вытворчасці.

Экспертыза штодзень выяўляе ў Беларусі няякасныя імпартныя тавары

“З моманту прыняцця пастановы нумар 666 мы аформілі 11,5 тыс. санітарна-гігіенічных заключэнняў, з іх адхілілі больш як 230 зваротаў, выявілі 97 партый прадукцыі, якая не адпавядае паказчыкам бяспекі. Гэта посуд, касметычныя сродкі, прадукты харчавання, тавары для дзяцей, вырабы, якія выкарыстоўваюцца для пітнога водазабеспячэння. На жаль, вымушаны канстатаваць, што кожны рабочы дзень мы выяўляем нестандартную прадукцыю”, – адзначыў Ігар Гаеўскі.

Гаворачы пра кошт працэдуры гігіенічнай экспертызы, галоўны санітарны ўрач растлумачыў, што яна каштуе Br120-170 тыс., калі прадстаўлены аптымальны набор дакументаў. “Калі для доказу бяспекі прадукцыі неабходна праводзіць дэталёвыя лабараторныя даследаванні, то кошт экспертызы будзе вышэйшы”, – паведаміў ён.

Ігар Гаеўскі падкрэсліў, што пастанова нумар 666 датычыцца не толькі тавараў легпрама, але ўсіх тавараў, якія могуць нанесці шкоду здароўю чалавека. “Адразу пасля прыняцця дакумента быў шквал зваротаў, працавалі гарачыя лініі, праводзіліся круглыя сталы. Цяпер гэта работа ўвайшла ў канструктыўнае рэчышча. Мы разглядаем штотыднёва адзінкавыя звароты, даём растлумачэнні. Людзі паводзяць сябе спакойна, таму што ўсё зразумелі, для чаго гэта было зроблена”, – канстатаваў ён.

Разумныя бар’еры павінны існаваць для абароны пакупнікоў ад беззаконня

“На вялікі жаль, няма мяжы чалавечай прагнасці. І калі раптам замаячыць нейкая перспектыва, што можна прадаваць любы тавар і атрымліваць звышпрыбытак, інакш кажучы людзі, якіх не спыняе нічога. Нават чалавечае жыццё”, – падкрэсліў Ігар Гаеўскі.

Ён адзначыў, што часам гучаць абвінавачванні ў стварэнні залішняй бар’ернасці: “Я гэта разумею і слухаю. Але я ў гэтай сферы ўжо шмат гадоў і хачу сказаць: чым больш жыву, тым больш пераконваюся, што разумныя бар’еры, якія засцерагаюць чалавека ад беззаконня, павінны існаваць”.

“У гэтай сітуацыі мы сапраўды выступаем на абароне правоў грамадзян, і грамадзяне да нас звяртаюцца з пэўнай рэгулярнасцю менавіта за гэтай паслугай – абаронай іх правоў.

Няма такога дня, каб я не разглядаў нейкія дакументы або па пытанні скончанага тэрміну годнасці, або яшчэ штосьці”, – дадаў Ігар Гаеўскі.

Міністэрства аховы здароўя расказала, як спажыўцу ўберагчыся ад небяспечнага імпарту

Пакупнік заўсёды можа запатрабаваць у прадаўца ўсе дакументы, якія суправаджаюць тавар, падкрэсліў намеснік міністра аховы здароўя – галоўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі.

“Калі спажывец купляе тавар, ён заўсёды можа пацікавіцца ўсімі дакументамі, якія гэты тавар суправаджаюць. Вядома, часам гэта выклікае агрэсію ў прадаўца, я сам пакупнік і бачу такія выпадкі, але мы павінны разам выхоўваць прадаўцоў”, – адзначыў ён.

Ігар Гаеўскі падкрэсліў, што калі тавар імпартны, то адназначна можна папрасіць гігіенічнае заключэнне. “Калі прадавец пачне ўхіляцца ад гэтага пытання, шумець і скандаліць, звярніцеся ў нашу сістэму, мы выедзем і разбяромся”, – канстатаваў ён.

“Калі купленае адзенне, напрыклад, кофтачка, выклікала алергію, таксама можна звяртацца да нас. І мы зможам кампетэнтна сказаць, што не так з гэтым таварам. Ён жа можа выклікаць што хочаце – ад простай алергіі да каросты або адзежнага педыкулёзу”, – адзначыў Ігар Гаеўскі.

Гаворачы пра дзіцячыя цацкі, галоўны санітарны ўрач растлумачыў, што тут рызыкі яшчэ большыя – справа можа дайсці і да мікратраўмы або атручэння. “Часам спажывец сам можа вызначыць па паху, знешнім выглядзе, адчуваннях, што з цацкай нешта не так – і гэта толькі арганалептыка, а калі яшчэ праверыць па таксікалогіі, па колькасці шкодных рэчываў. Любы тавар, якім карыстаецца дзіця, не павінен нанесці яму шкоду”, – падкрэсліў ён.

Ігар Гаеўскі таксама расказаў, што з 97 партый прадукцыі, якую спынілі з-за таго, што яна не адпавядае паказчыкам бяспекі, было 48 партый посуду. “Вы рыхтуеце на ім ежу, а з яго можа выдзяляцца нейкая гадасць, якую вы потым ужываеце. А праз некаторы час звяртаецеся па медыцынскую дапамогу. Ёсць вельмі шмат скрытых рызык. Для гэтага і існуе працэдура гігіенічнай экспертызы, каб выявіць іх і ўстараніць”, – рэзюмаваў ён.

БелТА



Пакінуць адказ