ААТ “Пераможнік”: неабходна пасеяць 970 гектараў аўса і ячменю

Популярное Сельское хозяйство

Маладога агранома ААТ “Пераможнік” Анатоля Панчанку сустрэлі ў полі. Гэта зараз асноўнае месца яго работы. Неабходна пасеяць 970 гектараў аўса і ячменю, 100 гектараў аднагадовых культур. Потым і да кукурузы дойдзе чарга. Плошчы ёй не пашкадуюць, адвядуць на зялёную масу і зерне 1,5 тысячы гектараў.

Мікалай Катлярэнка
Мікалай Катлярэнка

На трактары ў счэпе з камбінаваным агрэгатам працуе Мікалай Катлярэнка. Механізатар вопытны, за плячыма – 33 гады стажу, прычым два дзесяцігоддзі – у гэтай гаспадарцы. На 29 сакавіка Мікалай Іванавіч пасеяў 150 гектараў ранніх яравых. А непадалёк ад яго рыхтаваў глебу Сяргей Сідарок. На раскідванні арганікі былі задзейнічаны дзве адзінкі тэхнікі. Гэтую работу выконвалі Мікалай Дарошчанка і Уладзімір Гаўрыленка. Сын Мікалая Іванавіча, Сяргей, вёў ворыва.

Дапамагалі хлебаробам механізатары з арганізацый-партнёраў: ААТ “Брагінаграсэрвіс” і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якім даручана ўносіць мінеральныя ўгнаенні.

Гледзячы, як ходзяць па роўным полі трактары, міжволі ўзгадала справаздачны сход, дзе без утайкі гаварылася аб недахопах. І што кармоў не назапасілі, і валавы збор зерня знізілі. Хацелася б, каб памылкі і пралікі мінулага года не паўтарыліся. Першы крок ужо зроблены. Якім будзе жніво, пакажа час. Людзі стараюцца. Няхай іх намаганні не будуць дарэмнымі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *