Выпрабаванне Чарнобылем на права звацца чалавекам

Грамадства Популярное

Kavyarda

Чарнобыль уварваўся ў наша жыццё трывогай і болем, разгубленасцю і адчаем, смяротнай пагрозай і страхам перад будучыняй. Лёг цяжарам на душы, прымусіў несці крыж бяды. Неспакойныя думкі, яшчэ не да канца зразумелыя маштабы катастрофы, жыццё ў новай рэальнасці – усё перарасце ў надзвычай трагічнае ўспрыманне падзей восемдзесят шостага. Колькі людзей адчула тое, што не вымяраецца ніякімі прыборамі! Лёс кожнага беларускага “чарнобыльца” па-свойму ўнікальны і яшчэ чакае свайго летапісца.

Сустракай, Стачанка!

Год 1985-ты. Яшчэ нішто не прадказвала бяду. Валянціна Кавярда, ураджэнка цяпер ужо выселенай вёскі Чыкалавічы, па прапанове райкама партыі якраз змяніла месца працы: пераехала з Лельчыцкага раёна ў Чарнобыльскі. Сяло Стачанка нібы чакала яе – жыхары сустрэлі гасцінна, аднесліся да жанчыны з незвычайнай сардэчнасцю. Кіраўніцтва выдзеліла кватэру. І калектыў мясцовай школы таксама прыняў як сваю.

Валянціна Мікалаеўна стала тут выкладаць рускую мову і літаратуру. І ў педагагічнай, і ў грамадскай дзейнасці дапамагалі вялікі вопыт работы, высокае пачуццё адказнасці і вялікае жаданне быць карыснай для іншых. Таму, як і ў Лельчыцкім раёне, змагла заваяваць павагу і аўтарытэт сярод кіраўніцтва, калег, мясцовага насельніцтва. Ды хто б мог здагадацца, што ўсе задумкі, планы, надзеі ў адно імгненне перакрэсліць Чарнобыль.

У чаканні дачкі

Валянціна Мікалаеўна добра памятае, як у той дзень чакала дачку – яна прыязджала да маці з Прыпяці, дзе працавала, кожныя выхадныя. А тут – няма ды няма. Ад сяла гэты горад аддзяляў дзясятак кіламетраў, і многія вяскоўцы накіроўваліся менавіта туды на работу. Таму чуткі, што людзі пакідаюць Прыпяць, распаўсюдзіліся хутка, і жанчыну ахапіла яшчэ большае хваляванне.

27 красавіка, нядзеля. Раніца. Валянціна Мікалаеўна, як заўсёды, выганяе сваю рагулю на пашу. І тут – прастор разрывае гул машын: адна, другая, трэцяя… За імі – бясконцыя калоны аўтобусаў. Усё наводзіць нейкі страх, разгубленасць. На душы – неспакой. Аб аварыі на ЧАЭС і перапоўненых тэхнікай навакольных дарогах узрушанай жанчыне паведаміць вадзіцель старшыні калгаса.

Толькі апоўдні дачка з’явілася ў сяле. Як высветлілася, менавіта на гэтых выхадных падахвоцілася пабяліць хату нейкаму дзядулю з бліжэйшай вёскі, а калі вярнулася ў горад, ужо ўсіх эвакуіравалі.

Дабірацца да Стачанкі разам з пяцігадовай дачушкай давялося на веласіпедзе. Праўда, аб усім гэтым яна раскажа пазней. А пакуль, запыханая, пакінула маці малую – і назад. Там жа, у Прыпяці, засталіся дарагія сэрцу рэчы. Калі іх забрала, на выездзе з горада ўжо быў устаноўлены кантрольна-прапускны пункт. Усё давялося паказаць і выслухаць крыўднае: “У людзей гора, а Вы…” – прынялі за нейкую зладзейку. І як даказаць, што гэта сваё? Пасля такога абвінавачвання ў душы пасялілася абурэнне, доўга не магла прыйсці ў сябе.

Загад: не сеяць паніку

Паціху некаторыя жыхары, у тым ліку і высокапастаўленыя асобы, даведаўшыся аб пагрозе, пачалі і са Стачанкі вывозіць дзяцей, унукаў. Як правіла, употай, ноччу, бо прагучаў загад «зверху» не сеяць паніку. Афіцыйнай інфармацыі так і не было, таму не спынялася падрыхтоўка да Першамая. І Валянціна Мікалаеўна разам з такімі ж актывістамі ўжо стаяла каля дзвярэй першага сакратара райкама партыі, каб пачуць распараджэнне аб урачыстым шэсці. Але сустрэча адбылася з… генералам: «Якія вам святы?!» Відаць, у той момант, пасля рэзкіх слоў чалавека ў ваеннай форме, да свядомасці дайшла ўся сур’ёзнасць становішча.

Трэцяга мая прагучала аб’ява спешна здаваць жывёлу. Потым – грузіць свіней. Наваколле напоўнілі рыканне і віск жывёлы. Знаходзіліся сярод жыхароў і такія, хто, шкадуючы ўкладзенае ў гаспадарку, тут жа наладжвалі працэдуру забою сваіх парсючкоў. Людзьмі авалодалі збянтэжанасць, роспач, перапалох.

Вогненная зара

Аб эвакуацыі насельніцтва аб’явілі якраз напярэдадні Вялікадня. Пакідалі ўсе сяло ў ноч з 4 на 5 мая. З сабой, як і казалі, бралі самае неабходнае. На тры дні. Але Валянціна Мікалаеўна не адважылася развітацца з найбольш для яе каштоўным – разам з сынам садзіліся ў аўтобус з трыма пакетамі кніг. Дачку з унучкай, дарэчы, жанчына адправіла два дні таму ў Нароўлю, да сяброўкі-калегі. Тады, вядома, яшчэ ніхто не ведаў, што гэты населены пункт таксама апынецца ў зоне радыеактыўнага забруджвання.

Калона з дзясяткаў аўтобусаў кранулася да досвітку: над сялом уставала вогненна-чырвоная зара. Здавалася, што неба ў адно імгненне ўспыхнула, загарэлася… Прырода нібы пульсавала ў адным рытме з людскімі сэрцамі.

На новым месцы

Сяло Андрэеўка Макараўскага раёна Кіеўскай вобласці. Менавіта тут далі часовае прыстанішча эвакуіраваным жыхарам. Мясцовае насельніцтва ўспрыняло чужое гора як сваё. Знаходзіліся нават такія, хто адводзіў для перасяленцаў цэлыя кватэры, а самі пераходзілі ў летнія пакоі ці знаходзілі сабе іншы прытулак. Валянціна Мікалаеўна і цяпер з цеплынёй успамінае сям’ю Чыркоўскіх, якая выдзеліла для яе з сынам найлепшы пакой, і яны тут ніколі не адчувалі сябе чужымі.

Гналі жывёлу…

Калгасны скот пагналі раней. Аб жудаснай карціне распавядалі відавочцы: вясна, час ацёлаў, якія распачынаюцца прама ў дарозе. Каровы паводзяць сябе надзвычай неспакойна. Разбягаюцца. Над статкам уздымаюцца клубы пылу…

Як-ніяк прыгналі, а дзе размясціць, чым карміць? Падрыхтавалі вялікі загон. Сена ў мясцовай гаспадарцы заканчваецца, а маладой травы яшчэ няма. Даяркі не могуць да нядоеных ужо некалькі дзён кароў прыступіцца: з вымя ў многіх пачала сыходзіць скура – відаць, сваю справу зрабіў радыеактыўны пыл. Дзесьці на палях жывёлу знаходзяць нежывой. Жудасна і невыносна. Людзі не ведаюць, як з усім справіцца, дзе шукаць выйсце.

Група вяскоўцаў, у ліку якіх і Валянціна Кавярда, вяртаецца ў Стачанку, каб вывезці свіней. Грузяць жывёлу на машыны. Падчас транспарціроўкі колькасць яе павялічваецца – паросяцца прама ў кузавах. І ўвесь гэты працэс – у непраглядным пыле.

І зноў паўстае пытанне, дзе размясціць. Знаходзіцца нейкі паламаны хлеў. А карміць свіней няма чым. Наваколле агортвае пранізлівы віск.

Ад тых жахлівых падзей амаль трыццацігадовай даўнасці, што ўсплываюць у памяці жанчыны, і пачуцця безвыходнасці нават сёння халадзее ўнутры. Неабыякавая па сваёй натуры, яна не магла прымірыцца з абставінамі і сама вызвалася ўзяць на сябе адказнасць, ад якой усе адпіхваліся, – стала загадчыцай фермы. Дамовілася з механізатарамі, якіх кармілі ў полі, каб тыя рэшткі ежы скідвалі ў бідоны, а з кухарамі – каб не вылівалі памыі. На жаль, такая сістэма кармлення свіней пратрымалася нядоўга – агледзеў і забараніў мясцовы старшыня. Так Валянціна Мікалаеўна ўпершыню сутыкнулася з рознымі характарамі і паводзінамі людзей у складаных абставінах. Адны – разумелі і спачувалі, ішлі насустрач, дапамагалі, другія – маладушнічалі, толькі дрыжэлі за сваю скуру.

У хуткім часе парасяты пачалі хварэць, а набыць лекі няма магчымасці. Закопвалі амаль штодня дзясяткамі… Заставалася адно: частку пака яшчэ жывой жывёлы распрадаць па таннай цане, частку адправіць на мясакамбінаты.

У Адэсе

Чарговае распараджэнне – вывезці дзяцей у курортны горад, ратуючы ад радыяцыйнай небяспекі. Так маці з малымі, школьнікі ў суправаджэнні настаўнікаў апынуліся ў Адэсе. Здавалася б, сонца, мора, лепшая гасцініца на яго беразе, але і тут адчуваліся свае нязручнасці, пэўны дыскамфорт: дакучала празмерная спёка, вялікая колькасць людзей. Дзеці маглі толькі з зайздрасцю пазіраць на садавіну, купіць якую не дазваляла адсутнасць грошай. Да таго ж адчувалася незадаволенасць такім бойкім і шумным «кантынгентам» з боку персаналу. У выніку ўжо недзе з канца чэрвеня бацькі сталі паціху сваіх дзяцей забіраць.

У Валянціны Мікалаеўны, дарэчы, была магчымасць застацца ў Адэскай вобласці. Прапаноўвалі і працу, і дом за які дзясятак кіламетраў ад мора. Ды ўсё тут неяк не па нутры: духата, сонцапёк, патрэсканая ад гарачыні глеба. Дайшлі да жанчыны звесткі і аб тым, што яе далейшым лёсам занепакоены адзін з высокапастаўленых партыйных работнікаў, які ў першыя ж пасляаварыйныя дні прыкмеціў арганізатарскія здольнасці і лідарскую струнку гэтай жанчыны. Ды не, яна не ўмела і не магла карыстацца чыёйсьці прыхільнасцю, не прывыкла да патуранняў і не выбірала лёгкіх шляхоў. Вырашыла быць разам з тымі, каму гэтак жа выпала несці крыж бяды.

На пасадзе старшыні

У канцы лета ўсе зноў былі ў Андрэеўцы, а з 15 жніўня пачалі перасяляцца ў Ягацінскі раён, дзе для пацярпелых жыхароў пабудавалі жыллё. І Валянціна Мікалаеўна з сынам таксама перамясціліся ў вёску Старая Оржыца, дзе “вырасла” 70 новых домікаў. Яна стала працаваць у дзіцячым садку, ён – у калгасе. Але ў хуткім часе ініцыятыўнасць і актыўная жыццёвая пазіцыя жанчыны, уменне весці дыялог з людзьмі знайшлі іншае прымяненне – атрымала прапанову ўзначаліць мясцовы сельсавет. Так пачаліся мітуслівыя будні ў якасці старшыні.

У памяці захавалася, наколькі старанна і ўсхвалявана рыхтаваліся да сустрэчы перасяленцаў. Будаўнікі, здавалася, працавалі без сну і адпачынку. Навыя дамы заставалася толькі напоўніць жыццём – ёсць мэбля, посуд, прадукты харчавання. У старшыні калгаса цеплілася надзея на папаўненне гаспадаркі новымі работнікамі. Супрацоўнікі культуры разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці наладжвалі рэпетыцыі канцэртных нумароў. Каб сустрэць новых жыхароў урачыста, па-святочнаму, усе сабраліся на плошчы. І вось – пад’язджаюць аўтобусы. А з іх выходзяць… выматаныя, змучаныя, у пераважнай большасці адзінокія, састарэлыя людзі (маладзейшыя, як правіла, знаходзілі сабе і жыллё, і працу самастойна). На іх тварах – смутак, слёзы, адчай. Да якіх тут ужо спеваў ды музыкі? Стараліся знайсці хоць нейкія суцяшальныя словы.

Як-неяк супакоілі. Рассялілі. Здавалася б, жыццё на новым месцы павінна паволі ўваходзіць у сваю каляіну. Ды не – пасыпаліся праблемы: то адзін, то другі выяўляе ў атрыманым жыллі недаробкі. І ўсе, вядома, з імі ідуць да старшыні Савета, што вымусіла ствараць будаўнічую брыгаду, якая б занялася ўхіленнем недахопаў. А тут ужо наблізіліся і халады.

Зіма выдалася снежнай і марознай, таму да ўсяго дадалася сырасць, не адчувалася належнага цяпла. Вясною дамы і ўвогуле апынуліся пад пагрозай разбурэння – з’явіліся трэшчыны, і ў такіх умовах было ўжо небяспечна пражываць. Відаць, сказвалася будаўніцтва, праведзенае наспех. Людзьмі ўсё больш авалодвалі незадаволенасць і крыўда, не давалі спакою думкі, што на чарнобыльскі алтар давялося аддаць уласныя дабротныя сядзібы, а самім патрэбна пакутаваць ад неўладкаванасці. У дадатак расла нейкая варожасць паміж мясцовымі жыхарамі і тымі, каму “ўсё дасталася задарма”.

Такая атмасфера, вядома, нагнятала. Душа рвалася ў Беларусь, па якой Валянціна Мікалаеўна вельмі сумавала. Сын на той момант ужо адслужыў у арміі, стварыў сям’ю, на свет з’явіўся унук, і мара вярнуцца ў родныя мясціны толькі ўзмацнялася.

У горадзе на Прыпяці

Каб перамясціцца бліжэй да Брагіншчыны, патрэбна было звольніцца з работы, што не надта проста для асобы на пасадзе старшыні сельсавета. Выйсце бачылася ў адным – трапіць у Чарнобыль. Кіравала ў тым ліку і пачуццё абавязку, жаданне быць там, дзе, магчыма, ты найбольш патрэбны, мець непасрэднае дачыненне да ліквідацыі паследкаў трагедыі. І ў хуткім часе такі шанц выпаў: на руках – даведка, якая дазваляла прыступіць да работы вахтавым метадам у горадзе на Прыпяці.

Амаль увесь 1988 год, са студзеня да лістапада, Валянціна Мікалаеўна працавала ў Чарнобылі старэйшым выхавальнікам-арганізатарам. Кола абавязкаў было шырокае: ад наладжвання культурных праграм і інфармацыйнай работы да садзейнічання ў стварэнні належных бытавых умоў для працуючых. Тут жа, дарэчы, узнікла літаратурнае аб’яднанне. Лёс звёў жанчыну з такімі ж, як сама, творчымі натурамі, людзьмі-аднадумцамі. Не дзіўна, што глыбокія ўнутраныя перажыванні, адкрытая для сябе чарнобыльская рэальнасць выліліся ў радкі, напоўненыя праўдай, няхай суровай і горкай.

А тым часам нябачны вораг ціха падточваў здароўе. Заставацца надалей у радыяцыйным горадзе было небяспечна. Шлях ляжаў да блізкіх і дарагіх сэрцу мясцін.

На радзіме

Сярод адселеных у сувязі з аварыяй на ЧАЭС вёсак – родныя Чыкалавічы. Брагіншчыну таксама зачапіла чорнае крыло. Многія землякі былі вымушаны пакінуць хаты дзяцінства і паехаць на чужыну. Але не ўсе знайшлі спакой у душы па-за межамі свайго раёна – вярнуліся ў добра знаёмае, прывычнае асяроддзе, бліжэй да магілак родных.

З цеплынёй сустрэла Брагіншчына і Валянціну Мікалаеўну. Звесткі аб яе адносінах да даручанага, дзелавых і чалавечых якасцях дайшлі з Лельчыцкага раёна, дзе некалі працавала. Таму і пасаду адразу ж даверылі адказную: каля пяці гадоў была дырэктарам Камарынскай сярэдняй школы. А калі прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак, яшчэ некаторы час працягвала педагагічную дзейнасць у якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры.

Сціплая і шчырая, сумленная і адкрытая, яна ніколі не скардзілася на лёс, не адхілялася ад перашкод і не заставалася ў баку ад агульнай бяды ці добрых спраў, таго, што адбываецца навокал. Прайсці па такой цярністай, са шматлікімі паваротамі і ўхабінамі жыццёвай дарозе не магла інакш – заўсёды кіравалася маральнымі прынцыпамі, рабіла і дзейнічала так, як патрэбна. Як падказвала сумленне.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *