26 красавіка 1986 года: жах і небяспека імгненна разбурылі прывычны лад жыцця брагінчан

Грамадства Популярное

Pirki

Бяду не клічуць і не чакаюць. Яна прыходзіць сама. Знянацку. Так здарылася і трыццаць гадоў таму: уся Беларусь адчула подых згубнага чарнобыльскага ветру. Горкія навіны пазбавілі спакою і сну. Ды розум адмаўляўся верыць у тое, што здарылася. Для вяскоўцаў вясна – самы час завіхацца на зямлі, якая зачакалася плуга і насення. А тут… Жах і небяспека імгненна разбурылі прывычны лад жыцця, і ніхто яшчэ не ўяўляў сапраўднага памеру катастрофы. Што тады магло панаваць у душах людзей? Разгубленасць, страх, трывога.

Праз тысячы лёсаў беларусаў пралёг чорнай быллю красавіцкі дзень 1986-га. Глыбокім болем адгукнулася трагедыя ў сэрцах тых, хто сутыкнуўся з яе паследкамі, быў вымушаны развітацца з роднымі мясцінамі. Адны – часова, другія – назаўсёды…

У многіх потым моцныя ўнутраныя перажыванні выльюцца на паперу. Расказы ўраджэнцаў Брагіншчыны аб першых пасляаварыйных днях, адкрытай для іх чарнобыльскай рэальнасці запішуць і бібліятэкары раёна. Каб ведалі і наступныя пакаленні, як гэта было. Успомнім…

Любоў ЛЯПЕХА, былы дырэктар Дублінскай базавай школы:

– Прайшло трыццаць гадоў з таго дня, як здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Але і сёння я памятаю ўсё да драбніц.

Была субота, шчодры на цяпло і сонца красавіцкі дзень. Я знаходзілася ў матулі ў вёсцы Просмычы са сваім трохгадовым сынам. Прыйшла цётка Вольга з навіной: “Кажуць, што на Чарнобыльскай станцыі быў пажар. Але, дзякуй Богу, патушылі”.

Уключыла тэлевізар – ніякага намёку на трывогу. Захацелася даведацца, што скажа “Свабода”. Па радыёпрыёмніку пачула, што на Чарнобыльскай АЭС адбылася страшэнная катастрофа. Уся табліца Мендзялеева легла на тэрыторыю нашай Беларусі.

У панядзелак з самай раніцы паехала ў раённы аддзел адукацыі. Хвалявала пытанне: што рабіць у такой сітуацыі? Але інспектары самі нічога дакладна не ведалі аб падзеях на АЭС. Патэлефанаваў дырэктар Залескай сярэдняй школы Аляксандр Іванавіч Козел (Залессе знаходзілася ў 30-кіламетровым радыусе ад Чарнобыля), які таксама прасіў парады. І тады інспектар Ніна Міхайлаўна Бусыгіна выйшла на сувязь са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Міхайлавічам Пракопавым, каб даведацца пра сітуацыю. Той папрасіў не хвалявацца і перадаць дырэктару Залескай школы, каб ён правёў гутарку з настаўнікамі і бацькамі, супакоіў іх, але дзеці павінны былі знаходзіцца ў памяшканні школы і ўрокі фізічнай культуры праводзіліся ў спартыўнай зале.

А жыццё ў радыяцыйнай зоне працягвалася: вяскоўцы вывозілі гной, садзілі бульбу, сеялі грады, дзеці гулялі на дварэ.

Самае страшнае пачалося чацвёртага мая, на Вялікдзень. У гэты дзень пачалася эвакуацыя насельніцтва з 30-кіламетровай зоны.

Бабулькі з вузельчыкамі ў руках сядзелі ў аўтобусах і плакалі, мужчыны перажывалі моўчкі: сум, боль і роспач перадавалі позіркі. Людзям ніхто праўды не казаў. Яны думалі, што праз некалькі дзён вернуцца ў свае хаты. Не верылі, што развітваюцца з роднымі мясцінамі назаўсёды.

Мая свякроўка прыйшла з Пучына пабачыць унука і расказала, што больш за гадзіну стаяла на абочыне, бо не магла перайсці дарогу – у бок Камарына ішлі сотні грузавых машын. Убачыўшы аўтобусы з людзьмі з Перасяцінца, Старога і Новага Сцепанова, яна паспяшалася дахаты.

Праз дзень я адправіла матулю да яе сястры ў Саратаўскую вобласць. Як удалося купіць білет да Масквы, адзін Бог ведае, бо людзей на чыгуначным вакзале было шмат, як у час вайны.
Людзі, напалоханыя радыяцыяй, везлі дзяцей з Камарына, Брагіна, вёсак далей ад пагрозы.

Шостага мая каля 22.00 паступіла тэлефанаграма аб эвакуацыі дзяцей дашкольнага ўзросту і вучняў. Давялося абыходзіць да глыбокай ночы сем’і, каб папярэдзіць аб ад’ездзе. І ўжо на наступны дзень бацькі развіталіся з дзецьмі з галашэннем, прычытаннямі. Было вельмі страшна і балюча…

Каля сотні аўтобусаў з вёсак з’ехаліся на плошчу ў Брагіне. Нашу школу разам з Мікуліцкай накіравалі ў г.п. Васілевічы Гомельскай вобласці. Вучняў размясцілі ў школе-інтэрнаце, дашкольнікаў – у дзіцячым садку. Мой сынок знаходзіўся разам са сваёй бабуляй у г. Краснаармейску. Душа балела…

У канцы мая дзяцей накіравалі ў Маладзечанскі раён у піянерскі лагер “Лясное”. А мне ў гэты час далі водпуск, і я вярнулася ў родную вёску. Потым паехала на Саратаўшчыну, каб забраць маці і сына.

З малым прыехала ў Мінск, спадзеючыся, што нам знойдзецца месца ў санаторыі разам з дублінцамі. Вырашыла схадзіць у Мінскі гаркам партыі і папрасіць дапамогі ва ўладкаванні ў здраўніцу. Але сакратар пра-панаваў пакінуць трохгадовае дзіця ў кругласутачным садку. «Дапамог»…

Што заставалася рабіць? Вырашыла паехаць назад, у Дублін. Калі выйшла з аўтобуса ў Брагіне, на мяне пазіралі як на вар’ятку. Пабыўшы тры дні дома, накіравалася да сваіх вучняў у “Лясное”, дзе прабыла да канца жніўня.

Колькі радасці і ў дзяцей, і ў дарослых было ад радаснай весткі: мы вяртаемся дахаты! У Хойніках нас сустрэў старшыня райвыканкама Пракопаў, выказаў падзяку настаўнікам, падбадзёрыў.

З першага верасня ў школе зазвінелі дзіцячыя галасы. Жыццё паступова пачало ўваходзіць у сваю каляіну. Але трывогі і хваляванні першых паслячарнобыльскіх дзён дагэтуль не сціраюцца з памяці.
Дзень 26 красавіка – сумная для нас дата. Яна прымушае зноў і зноў задумацца аб адказнасці чалавека перад чалавецтвам.

Інэса ЛАХАНСКАЯ, былая жыхарка Пецькаўшчыны:

– Наша вёска была размешчана ў вельмі прыгожых мясцінах. Побач – лес, куды мы хадзілі па грыбы і ягады. На сваім падворку трымалі пчол. Муж Віктар працаваў у Брагіне ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, а я – паштальёнам. Тут, у Пецькаўшчыне, у нас нарадзіліся дзве дачкі, а трэцяя з’явілася на свет ужо ў Лоеве. Як і ўсе вяскоўцы, трымалі асабістую гаспадарку, апрацоўвалі прысядзібны ўчастак. Усё, здаецца, складвалася найлепшым чынам. Але здарылася гэтая бяда…

У маі пачалі высяляць. Спачатку – матуль з дзецьмі, а потым і астатніх жыхароў. Давялося развітацца з усім, што нажывалі гадамі, – маёмасцю, жывёлай, птушкай… Чарнобыль забраў у мяне малую радзіму.

Сяргей СЯРГЕЕНКА, ураджэнец Лубенікоў:

– Нарэшце ўдалося пагаварыць па тэлефоне з маці. Яна вясёлая, бо вёску нашу не высяляюць. “Усё, – кажа, – у нас добра, не хвалюйся. Гэта з-за мяжы абы-што плявузгаюць, не вер ім”. Ехаць да мяне ў Мінск, каб хоць нейкі час пажыць, не збіраецца. “Лепш ты прыязджай, як і абяцаў, – гаворыць. – У нас ужо ўсё паўзыходзіла. І сады вельмі прыгожа цвілі… Не бойся, прыязджай, гэта ў іншых вёсках дрэнна, а ў нас усё добра…”

Мікалай ГАРЭЛЕНКА, жыхар Рудні Жураўлёвай, перасяленец з Пірак:

– Бачыць спелыя грушы, яблыкі, слівы, ведаць іх смак – і баяцца сарваць, з’есці… Асабліва з тых дрэў, якія сам садзіў, даглядаў, паліваў, расціў… Я перажыў гэта, стоячы на сваім падворку.

Тамара БЕЛЯНОК, былая жыхарка Кулажына:

– 26 красавіка 1986 года я накіравалася да магазіна разам з дзецьмі: малодшаму, які сядзеў у калясцы, споўнілася толькі паўгода, а старэйшаму – два з паловай. У гандлёвай кропцы на той момант працавала мая маці, Марыя Іосіфаўна Касцючэнка. У магазін якраз прывезлі хлеб. І вадзіцель паведаміў, што на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух. Але больш ніхто пра гэта нічога не гаварыў. Людзі саджалі бульбу, дапамагалі суседзям.

Другога мая з сельскага Савета патэлефанавалі брыгадзіру калгаса, каб той аб’явіў усім маці з дзецьмі узяць з сабой рэчы на тры дні і сабрацца каля клуба.

Там ужо стаялі аўтобусы, на якіх нас павезлі ў Чонкі. Астатнія жыхары пакуль заставаліся ў вёсцы. Муж працаваў на малакавозе. Ён дастаўляў ваду для піцця – ужываць узятую з калодзежаў не дазвалялі.

Потым пачалі эвакуіраваць жывёлу. Магазін закрылі і вывезлі ўсе тавары. Людзей выселілі ў Петрыцкае.

Пасля двух месяцаў, якія мы правялі ў Чонках, нас перавезлі ў Астрашыцкі Гарадок Мінскай вобласці, дзе мы знаходзіліся да кастрычніка.

Для перасяленцаў тым часам будаваліся дамы ў вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна, і нас з дзецьмі перавезлі туды. Але пажылі мы на новым месцы толькі год. Вельмі сумавалі па родных мясцінах, таму вырашылі вярнуцца ў свой раён – пераехалі ў Верхнія Жары.

Рамуальда ПІШЧУК, былая настаўніца Дублінскай базавай школы:

– Раніца 26 красавіка 1986 года выдалася сонечнай, цёплай, шматабяцальнай. Для маіх землякоў з невялікай вёсачкі Дублін гэта была звычайная раніца вясковага працаўніка. Нехта спяшаўся на работу ў калгас, дзеці ішлі ў школу, старыя аб нечым гутарылі каля калодзежа. А я накіравалася да суседкі, каб дапамагчы ёй пасадзіць бульбу.

Сонца прыпякала, і апоўдні стала занадта цёпла. Дзеці нават распранулі кашулі.

Праз нейкі час мы пачулі гул верталётаў. Яны ляцелі ў напрамку Украіны, потым – назад. Такім чынам перавозіўся пясок, які скідвалі на блок рэактара, каб патушыць агонь. Але аб гэтым я даведаюся пазней.

Вечарам таго ж дня жыхары Прыпяці, якія былі задзейнічаны ў нашым калгасе на будаўніцтве, паведамілі, што ім дазваніліся родныя: на Чарнобыльскай АЭС узарваўся рэактар. Ды мы яшчэ не разумелі, не маглі прадбачыць, што гэтае здарэнне стане ўсенароднай трагедыяй.

Добра памятаю дзень 5 мая. Прачнулася ў другой гадзіне ночы ад незразумелага шуму, гоману, свету фар. Узрушаная, выйшла на вуліцу. Там стаялі людзі і аб нечым упаўголаса размаўлялі. Рухаліся машыны. У вёсцы з’явілася многа ваенных, гучалі іх каманды. З натоўпу нехта крыкнуў, што старшыня калгаса Віктар Якаўлевіч Шэін збірае ўсіх галоўных спецыялістаў у мясцовую кантору.

Раніцай у Дубліне было мнагалюдна. На тэрыторыі мясцовай школы за ноч размясціўся Растоўскі матарызаваны полк. Ён у далейшым дапамагаў праводзіць дэзактывацыю вёсак раёна. Ваенныя навучылі нас першым правілам бяспекі, расказалі, як без рызыкі для здароўя гатаваць ежу, растлумачылі значэнне штодзённай вільготнай уборкі памяшканняў.

Сэрцы людзей напоўніліся болем, калі аб’явілі, што жанчын і дзяцей будуць вывозіць з вёскі ў іншыя мясціны, далей ад атруты. Прыйшлі аўтобусы, саб-раўся натоўп. Адны ад’язджалі, другія праводзілі. Усіх палохала невядомасць. Жанчыны плакалі. Мужчыны спрабавалі жартаваць, ды атрымлівалася няў-мела. Дзеці не разумелі, што адбываецца, але, бачачы заплаканыя вочы дарослых, паводзілі сябе стрымана. Аўтобусы крануліся.

“Божа ж мой! Што ж будзе далей?” – загаласіла баба Анюта, якая праводзіла дачку з трыма ўнукамі.

Натоўп паволі разышоўся. Вёска асірацела. Ціха-ціха было і ўдзень, і пад вечар. Незвычайна пуста, маўкліва.

Марыя ШАРАЯ, былы бібліятэкар Карлаўскай сельскай бібліятэкі:

– Вясна, як заўсёды, радуе цяплом і кліча да працы. Так было і ў красавіку 86-га: людзі садзілі агароды, рыхтаваліся адзначаць Вялікдзень.

Яшчэ падчас дырэктарства ў нашым саўгасе Міхаіла Аляксандравіча Момата ў Карлаўцы пабудавалі дабротную ўстанову культуры, заасфальтавалі дарогу ад гэтага населенага пункта да Камарына. У вёсцы пражывала шмат моладзі, многія былі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Загадчык сельскага клуба Аляксей Васільевіч Шары ўмеў арганізаваць святы, натхніць і захапіць людзей творчасцю, таму ў Карлаўцы заўсёды наладжваліся вечары адпачынку, агеньчыкі, сустрэчы, канцэрты, іншыя мерапрыемствы.

У 1986-м кіраўніком гаспадаркі стаў Васіль Іванавіч Данчанка, які таксама быў зацікаўлены ў развіцці культуры на сяле. Дзякуючы яго разуменню і падтрымцы ў клубе з’явіліся більярд, музычная інструменты і апаратура. На базе ўстановы дзейнічаў ансамбль, які з радасцю сустракалі і ў іншых населеных пунктах. Але Чарнобыль усё змяніў, перайначыў, парушыў спакой.

Аб выбуху на ЧАЭС пачалі гаварыць і ў Карлаўцы. Ды ўсёй праўды пакуль яшчэ ніхто не ведаў.

Чацвёртага мая мы, як звычайна, прыйшлі на работу. На рэпетыцыю сабраліся ўсе ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці – якраз рыхтавалі канцэртную праграму да Дня Перамогі. У 22.00 раздаўся званок: старшыня пасялковага Савета Мікалай Герасімавіч Карнейчык даручыў работнікам культуры папярэдзіць людзей аб высяленні – паступіў загад зверху. Абыходзіць вёску давялося ажно да раніцы. На вуліцах стаяў перапалох, гвалт, плач.

Назаўтра наваколле напоўнілі рыканне кароў і віск свіней – пачалі грузіць жывёлу. Людзям сказалі з сабой нічога не браць. На падворках засталіся куры, у каго – гусі, качкі…

Усіх вывезлі ў Камарын. А нашу вёску ачапілі дротам і ўстанавілі пасты. Ды для асобных жыхароў гэта не стала перашкодай, каб накіравацца назад. З Карлаўкі іх тады на машыне зноў дастаўлялі ў Камарын. Маю маці так забіралі не аднойчы. Прывязуць, высадзяць, а яна зноў ідзе лесам дамоў… Не паддавалася, асабліва ў пажылых, разуменню, як гэта іх адарвалі ад дарагога сэрцу куточка, настойвалі: “Паміраць будзем толькі на роднай зямлі”. І свайго дамагліся – вярнуліся. Наперакор Чарнобылю.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *