26 красавіка Праскоўя Каржанеўская адзначыць 70-годдзе з дня нараджэння

Грамадства

K_1

Наш раён не так даўно адзначыў юбілей з дня заснавання. Слаўная і слынная яго гісторыя: сваімі поспехамі быў вядомы далёка за межамі рэспублікі. Гэта поспехі і дасягненні кожнага чалавека, які працаваў і працуе на гэтай зямлі. Гэта яны, людзі працы, стваралі і ствараюць моц нашай дзяржавы, іх імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю Брагіншчыны.

Значны ўклад у яе развіццё ўнеслі працаўнікі былога калгаса “Шлях да камунізму”. Звычайныя людзі, якія не надта любяць пра сябе расказваць і якіх у нашай краіне мільёны. І кожны з іх – як люстэрка, якое нясе адбітак часу…

Нехта з мудрых заўважыў, што працалюбівая пчала можа сабраць мёд і з горкіх кветак. Гэтыя горкія кветкі Праскоўі Каржанеўскай давялося спазнаць у пасляваенным дзяцінстве. Нарадзілася яна ў вёсцы Дзяражычы суседняга Лоеўскага раёна ў 1946 годзе. А вось на Брагіншчыну, у вёску Касачоў, пераехала ў 1964-м, калі выйшла замуж. І ўсё жыццё – тут. Нарадзіла дзвюх дачок і сына, была аператарам машыннага даення. Праца, бясконцая праца: сям’я, уласная гаспадарка, калгасная ферма.

Гэта сціплая жанчына не гаворыць пра свае ўзнагароды. Жартоўна адмахваецца: “Шмат іх недзе ляжыць…” Разам з матуляй, якой ужо 99 год, і дачкой Жанай, што прыехала з Мінска, рыхтавалі дом і падворак да Вялікадня.

Але ж адзін медаль “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС” быў прышпілены да святочнай блузкі. Пра 1986-ты ўспамінае з неахвотай. “Пра гэта тады не пісалі. Не дазвалялі. Але ж хіба правільна было – вёску Сабалі выселілі. А ферма і жывёла на ёй засталіся. Вось там тры гады мы і даілі кароў.”

Яна ветэран працы і мае падзяку ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання за шматгадовую, плённую працу. І калі б існаваў медаль “За дабрыню, праўдзівасць і сціпласць”, то Праскоўю Лявонцьеўну ўзнагародзілі б у ліку першых. Такога медаля няма. А шкада, бо не растраціла жанчына ў жыцці ні цеплыні, ні чуласці, ні мудрасці.

Так супала, што менавіта 26 красавіка Праскоўя Лявонцьеўна адзначыць 70-гадовы юбілей. З гэтай нагоды яе шчыра павіншавала Любоў Дзяркач, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Калі мы гаворым пра асобу, уяўляем кіраўніка прадпрыемства з валявым характарам, аператыўна прымаючага важныя рашэнні, у акружэнні стосаў папер, не змаўкаючых тэлефонных апаратаў… Але не горшым прыкладам асобы можа служыць і сціплая добрасумленная жанчына-працаўніца, жанчына-маці. Менавіта такая, як наша зямлячка.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *