Дабрачынная акцыя “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця” прайшла ў Брагіне

Грамадства

K_0003

24 красавіка XXX Міжнародная сацыяльна-творчая праграма “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця па роднай зямлі” прайшла ў Брагінскім раённым доме культуры. У традыцыйным музычным марафоне прынялі ўдзел як прызнаныя майстры сцэны, так і тыя, у каго ўсе перамогі яшчэ наперадзе.

Прысутных у зале вітала нязменны кіраўнік дабрачыннай акцыі Кацярына Копелева, якая была вельмі рада цёпламу прыёму брагінчан. Дзякуючы энергіі гэтай жанчыны, яе ідэям і дзелавым якасцям за 30 гадоў праект вывеў на вялікую сцэну многіх юных талентаў з розных куточкаў Беларусі, у тым ліку і з нашага раёна.

K_0001K_0002

Сёлета ў рамках акцыі свае танцавальныя нумары, кожны з якіх быў па-свойму яркі і арыгінальны, прадставіў харэаграфічны ўзорны калектыў “Брагінка”. Па словах Кацярыны Іванаўны, яе прыемна ўразіла майстэрства і сцэнічная абаяльнасць юных артыстаў. Яна пажадала падрастаючаму пакаленню новых поспехаў і новых сустрэч, якія будуць несці толькі радасць і добры настрой гледачам, падзякавала ўсім, хто аказвае дапамогу маленькім зорачкам у творчым развіцці і станаўленні. А ў ліку тых, хто атрымаў дыпломы за падтрымку здольных і таленавітых дзяцей і моладзі, а таксама за актыўны ўдзел у сацыяльна-творчай праграме “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця па роднай зямлі” – Брагінскі цэнтр творчаці дзяцей і моладзі, дырэктар Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў Ігар Сініла, дырэктар раённага дома культуры Сяргей Краўчанка, кіраўнік харэаграфічнага ўзорнага калектыву “Брагінка” Алена Цярэшчанка і інш.

K_0004K_0005K_0006K_0007

Нагадаем, што арганізатарамі дабрачыннага праекта выступаюць Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства на падзвычайных сітуацыях, ГА “БРСМ” і “Беларускі фонд міру” пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрствы адукацыі і раённых выканаўчых камітэтаў. Сёлета ў творчай акцыі прынялі ўдзел народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок, артыст беларускай эстрады, удзельнік “залатога” складу ансамбля “Верасы” Яўген Хаменка, а таксама выхаванцы праекта, сярод якіх – Павел Шайтанаў, Дзмітрый Шуканаў, Анастасія Купрыянцава.

За радасць ад сустрэчы са светам творчасці і падтрымку жыхароў чарнобыльскіх раёнаў сілай музыкі і дабрыні гасцей падзякавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ліна Пятніцкая, якая адзначыла, што акцыя для брагінчан мае вялікае значэнне. Гэта і культурнае ўзбагачэнне, і наладжванне творчых кантактаў, і проста сустрэчы з сябрамі, якія дораць прыемныя ўражанні і пазітыўны настрой.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *