У Брагіне прайшоў мітынг, прымеркаваны да 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС

Общество

M_0001

Вясна… Зелянее наваколле, разліваецца белы кіпень чаромхі, чакаюць сейбіта палеткі. Дзівосная пара абуджэння прыроды, якая натхняе на стваральную працу, нясе радасць і надзею. Ды красавік 1986-га ўсё перайначыў: усклаў на плечы нашага народа яшчэ адно выпрабаванне, прынёс горыч страт і разлуку, прымусіў іншымі вачыма паглядзець вакол сябе.

Смерч чарнобыльскай бяды забраў тысячы жыццяў, пакалечыў лёсы і адняў здароўе многіх нашых суайчыннікаў, пакінуўшы пасля сябе апусцелыя вёскі і забруджаныя тэрыторыі. Ён стаў агульным болем і папярэджаннем для ўсіх, хто жыве на Зямлі: мірны атам не павінен вырывацца на свабоду. Ніякая іншая падзея пасля Другой сусветнай вайны не зачапіла за жывое столькі людзей, як чарнобыльская катастрофа.

Журботная дата. Злашчасны дзень 26 красавіка восемдзесят шостага. Ад яго нас аддзяляе трыццаць гадоў. Але не сціхае ў душах чарнобыльскі звон. Мы памятаем… І ў першую чаргу – пра тых, хто абараніў і цяперашняе, і будучыя пакаленні ад нябачнай стыхіі. Крок у вечнасць тады зрабіў і наш зямляк, ураджэнец Спярыжжа Васіль Ігнаценка – адзін з першых, хто прыняў удзел у тушэнні чацвёртага рэактара. Традыцыйна менавіта каля помніка ў яго гонар збіраюцца жыхары і госці райцэнтра, каб не паддаць забыццю гераізм людзей, якія засланілі нас ад бяды, і выказаць словы павагі ў адрас тых, хто ў цяжкую хвіліну не апусціў рукі, а прыняўся адраджаць сваю зямлю, застаецца верным ёй сёння.

Сёлета, у юбілейны год чарнобыльскай трагедыі, мерапрыемствы, прысвечаныя трагічнай даце, пачаліся напярэдадні. Вечарам 25 красавіка дзясяткі людзей, трымаючы ў руках запаленыя свечкі і лампады, рухаліся разам з айцом Ігарам ад храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы да помніка герою-пажарнаму. Тут адбыўся памінальны малебен па ахвярах Чарнобыля – загінуўшых і памерлых.

M_0002M_0003M_0004M_0005M_0006M_0007M_0008M_0009

А на наступны дзень, нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ганаровыя госці, моладзь і дзеці сабраліся на тым жа месцы, каб прыняць удзел у мітынгу-рэквіеме. Здавалася, што сама прырода аплаквала тых, чыё жыццё перакрэсліла трагедыя. Тэатральна-музычныя замалёўкі і харэаграфічныя кампазіцыі вярнулі ў перыяд, калі ў час буйнога росквіту вясны над нашай зямлёй навісла чорная хмара. Гора, пакуты, боль, нябачная смерць… Ды патрэбна было знайсці сілы, каб вытрымаць і ступіць далей, даказаўшы ўсім: веліч чалавечага духу і адданасць радзіме, стваральная праца на яе карысць мацней тэхнагеннай катастрофы.

M_00010M_00011M_00012M_00014M_00016

Так ужо распарадзіўся лёс, што Чарнобыльская атамная станцыя будавалася не ў Беларусі і не мы яе эксплуатавалі, але пасля выбуху 26 красавіка 1986 года асноўны ўдар прыняла менавіта наша зямля, – адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк. – Брагіншчына поруч з дваццаццю іншымі раёнамі і сёння адносіцца да найбольш пацярпелых. Больш за 60% яе тэрыторыі – са шчыльнасцю забруджвання цэзіем звыш 5 Кі/км2, больш за трэць плошчы адышло да Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Аварыя на ЧАЭС паставіла перад нашым краем пытанне: быць ці не быць?.. Для раёна і рэспублікі ў цэлым гэтыя трыццаць гадоў былі перыядам вялікай і напружанай працы, набыццём неацэннага вопыту жыцця ва ўмовах доўгатэрміновага радыеактыўнага забруджвання вялікай тэрыторыі. І рэальнасць пацвярджае: мы здольны адрадзіць зямлю, абпаленую Чарнобылем.

M_00013M_00015

Раздзяліць з брагінчанамі смутак трагедыі і падтрымаць іх у добрых справах і памкненнях прыехалі сёлета дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Чэкан, намеснік начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шутаў, старшыня абласнога Савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск Генадзь Курловіч, намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Жанна Гатальская і інш. Мноства кіламетраў у імя сяброўста і салідарнасці пераадолелі замежныя дэлегацыі: з Італіі, Швецыі, Бельгіі, Германіі, Францыі.

– Я абяцаю табе, Божа, маліцца кожны дзень за ўсіх тых, каго паважаю, толькі пачуй мой плач, выратуй маю зямлю, маю Бацькаўшчыну, – пранікнёна гучаў зварот дзяцей да Усявышняга. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго забраў ад нас Чарнобыль і хто ўжо ніколі не пабачыць, як ажывае пасля трагедыі наша зямля, як прыгажэюць родныя гарады і вёскі. Да помніка Васілю Ігнаценку былі ўскладзены кветкі і вянкі.

M_00017M_00018M_00019M_00020M_00021

Яркі штрых у чараду мерапрыемстваў унесла выступленне ўзвода ганаровага каравула Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

У раённым доме культуры адбылася прэзентацыя відэафільма, над якім працаваў калектыў гістарычнага музея з карціннай галерэяй. У аснове – паслячарнобыльскі шлях Брагіншчыны: агульны боль, клопат і надзея. Хроніка трагічных падзей, пакінутыя вёскі, якім застаўся ў памяці маці і жонкі Васіль Ігнаценка, сённяшні погляд на трагедыю відавочцаў… Многія эпізоды, як можна было прыкмеціць, бралі гледачоў за жывое, прымушаючы зноў вярнуцца ў той трывожны час, – на вочы наварочваліся слёзы.

У гэты ж дзень са сцэны гучалі словы падзякі ў адрас тых, хто не пакінуў Брагіншчыну ў складаны час, а разам з іншымі, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, дасягаў пастаўленых мэтаў. Асабісты ўклад нашых землякоў у пераадоленне паследкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў.

M_00022M_00023M_00024M_00025M_00026M_00027

Увазе прысутных быў прапанаваны канцэрт ансамбля пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. А пасля жыхары і госці пасёлка пасадзілі дрэвы ў памяць аб трагічных падзеях 30-гадовай даўнасці – алея стане сімвалам мужнасці і стойкасці, жывым помнікам тым, хто загінуў пры ліквідацыі паследкаў катастрофы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

M_00028M_00029M_00030M_00031M_00032M_00033



Пакінуць адказ