Брагіншчына адсвяткавала Дзень Перамогі

Грамадства

9_1

З кожным годам усё далей і далей у глыбіню гісторыі адыходзяць суровыя гады Вялікай Айчыннай. І вось ужо семдзесят першая мірная вясна высцілае зеленню лясы, палі і ўзгоркі, – тыя, што некалі ўздымаліся да неба ад выбухаў бомб і снарадаў.

Але дзесяцігоддзі не змаглі сцерці з нашай памяці гераічны подзвіг людзей, якія набліжалі Дзень Перамогі, якія заваявалі для нас мір і свабоду. Памяць пра мінулае для нас недатыкальная, а ў сэрцы кожнага не гасне падзяка жывым і загінуўшым воінам.

Гэтае свята сапраўды ўсенароднае. І святое. 8 мая адбыўся крэсны ход да месца, дзе пахаваны мірныя жыхары. Настаяцель храма Святога Мікалая Цудатворцы айцец Ігар правёў набажэнства.

9_279_28 А раніца дзявятага майскага дня пачалася з ускладання вянкоў і кветак да помніка воінам-вызваліцелям. Тут сабраліся ветэраны вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў. Многія прыйшлі на ўрачыстасць сем’ямі.

9_29_39_49_59_6

– Дзень 9 Мая дарагі і памятны для кожнага з нас, – адзначыў, выступаючы на мітынгу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. Ён нагадаў этапы ваеннага ліхалецця – ад пачатку вайны да пераможнага мая сорак пятага. Падкрэсліў, якую вялікую цану заплаціў народ за Перамогу. Многа шчырых слоў адрасаваў Аляксандр Васільевіч ветэранам. “Мы ўсе ў неаплатным даўгу перад вамі”, – сказаў кіраўнік раённай вертыкалі і пажадаў ім жыць доўга, заставацца прыкладам гонару і мужнасці для сённяшняга пакалення. А таксама заклікаў моладзь шанаваць памяць пра гераічнае мінулае і тых, хто не дажыў да светлага дня і чыё бяссмерце ў подыху Вечнага агню.

А на гэтым неймаверна цяжкім шляху былі адступленне і гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці, зіма 41-га пад Масквой, масавы партызанскі рух, аперацыя “Баграціён”, вызваленне гарадоў і вёсак… У баях на фронце, у атрадах народных мсціўцаў і падполлі, у тыле беларусы аддавалі свае сілы дзеля адной мэты – выстаяць і перамагчы. Неацэнны ўклад беларускага народа ў нашу Вялікую Перамогу! Пра гэта нагадалі прысутным вядучыя мітынгу і выступаючыя.

9_79_89_99_10

Перамогі светлы дзень працягваўся на стадыёне. Тут падвялі вынікі агляду-конкурсу “Брагінская музычная вясна”.

9_119_139_159_14

А ўвогуле, святочныя майскія дні былі насычанымі як ніколі. Гэтаму паседзейнічала і тое, што актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў прынялі не толькі аддзелы райвыканкама, але і раённае аб’яднанне прафсаюзаў, актывісты “Зялёнага крыжа”. Напярэдадні адбыліся спаборніцтвы па футболе на кубак імя Жукава, а тыя, хто цікавіцца тэатрам, засталіся ў захапленні ад пастановак прафесійных акцёраў.

9_129_169_179_189_199_209_219_229_239_249_259_26

Працавалі падворкі, удзельнікі “Горада майстроў” прапаноўвалі свае вырабы, ішлі рыцарскія баі, дэманстраваліся мадэлі адзення, адбыўся рэтра-канцэрт пераможцаў конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Увечары гледачоў чакала фаер-шоу і святочны салют.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *